Бортніцтва — лясное пчалярства, заснаванае на ўтрыманні пчол-баровак у штучных дуплах — борцях. Адзін з найбольш старадаўніх промыслаў. Пачатковая форма культурнага пчалярства.
Развілося бортніцтва з дзікага пчалярства, калі чалавек выпадкова (збіральніцтва), а пазней свядома (паляванне за мёдам) знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэваў, знішчаў агнём пчол і забіраў мёд. Станаўленне бортніцтва як промыслу адбылося ў I ст. н.э. Пераход да класічнай формы бортніцтва адбыўся са з’яўленнем жалезных прылад працы. На тэрыторыі Беларусі і ў суседніх раёнах было найбольш пашырана ў X—XVII ст., месцамі, асабліва на Палессі, захавалася да пачатку XX ст.
Найчасцей выкарыстоўвалі натуральныя борці — дуплы дрэў. Штучныя борці выдзёўбвалі ў тоўстых ствалах дрэў на вышыні ад 4 да 15 м. Пазней рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва або ставілі на дашчаныя палаткі. Каб залучыць пчол, новыя борці ці вуллі з сярэдзіны акраплялі настоем духмяных траў або мёдам, у борці клалі воск ці пустыя соты. Для аховы ад драпежнікаў (куніц, асабліва мядзведзяў) майстравалі вакол дрэва памост з вострымі зубцамі, у дрэва забівалі нажы і інш. 3 развіццём земляробства і высечкай лясоў бортніцтва саступіла месца пасечнаму пчалярству. Блізкія да бортніцтва метады пчалярства існавалі ў многіх народаў свету, захаваліся ў асобных плямёнаў y малаабжытых раёнах Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, Паўднёвай Азіі.
Як самастойны від ляснога промыслу бортніцтва прайшло 3 этапы развіцця:
Свайго росквіту яно дасягнула ў X—XII ст. Яго ахоўвала звычаёвае, а пазней і «пісанае» права. Статут ВКЛ 1588 года, напрыклад, за крадзеж мёду з борцей прадугледжваў пакаранне ад штрафу да смяротнага прысуду. У сярэднія вякі бортнікі на Беларусі часта аб’ядноўваліся ў бортныя цэхі — карпаратыўна- прафесійныя аб’яднанні з шырокімі правамі самакіравання (вядомы з XIV ст.). У гарадах і мястэчках у такія цэхі аб’ядноўваліся бортнікі з мяшчан і дробнай шляхты. Вытворчая дзейнасць і побыт цэхаў рэгламентаваліся статутам, зацверджаным гарадской радай. Пры паступленні ў цэх бортнікі прымалі прысягу на адданасць, паслухмянства, захоўванне сакрэтаў і выкананне патрабаванняў бортнай юрысдыкцыі. Узначальвалі цэхі выбраныя на штогадовых агульных сходах бортны стараста, падсудак і пісар; пазней у кіраўніцтва ўваходзілі 2 лаўнікі, а падсудка замяніў гаёвы (суддзя). Кожны цэх меў свой статут, пячатку, скарбонку, пратэсу (харугву) з выявамі патрона пчалярства Іаана Златавуста, пчол і бортных рэалій. У час ваенных дзеянняў бортнікі выступалі ў складзе апалчэння пад сваёй цэхавай пратэсай (пячатка і пратэса віленскага бортнага цэха зберагаюцца ў саборы Пятра і Паўла ў Вільнюсе).
На працягу стагоддзяў бортніцтва задавальняла патрэбу ўсходніх славян у мёдзе і інш. прадуктах жыццядзейнасці пчол (воск, пропаліс), якія былі галоўнымі відамі экспарту. У пачатку XVI ст. толькі праз Полацкую чытную камору штогод вывозілі больш за 2 тыс. пудоў воску. У той час на Беларусі было больш за 1 млн. борцей, таварная прадукцыя якіх перавышала 0,5 млн. пудоў мёду штогод. 3 канца XVII ст. ў выніку масавых высечак лясоў на продаж, пад ворыва, для прамысловых мэт пачаўся заняпад бортніцтва. На Беларусі, асабліва на Палессі, бортніцтва існавала да пачатку XX ст.
Паступова бортніцтва замяняецца калодачным, а пасля вынаходніцтва Пятром Пракаповічам у 1814 г. рамавага вулля — рамавым пчалярствам. Па пераемнасці калоднае пчалярства ўспрыняло ранейшую назву і працяглы час называлася бортніцтвам. Абумоўлена гэта было тым, што выраб калодаў, спосаб догляду пчол, бортны інструмент і тэрміналогія засталіся ранейшымі. Розніца складаецца толькі ў адным: борць выдзёўбвалі ў жывым дрэве, калоду-борць — у спілаваным. Бортніцтва выпрацавала спецыфічныя прылады і прыстасаванні, якія без істотных змен, пад рознымі назвамі альбо ў іх варыянтах вядомы на ўсёй тэрыторыі краіны. Бортная тэрміналогія ў беларусаў, палякаў і ўкраінцаў не мае істотных адрозненняў. Гэта сведчыць пра тое, што бортніцтва ўзнікла ў перыяд агульнаславянскага моўнага адзінства.
Бортнік (пчаляр) — чалавек, які займаецца бортніцтвам. Лакальныя назвы на Беларусі — барцялазы, вотчыны. Бортнікі рабілі новыя борці (дуплы ў дрэве) і засялялі іх пчоламі (бароўкамі), рыхтавалі прынаду для раёў, чысцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчол ад неспрыяльнага надвор'я і шкоднікаў. Умельства бортніка перадавалася з пакалення ў пакаленне і ў шмат якіх сем'ях бортніцтва было спадчынным на працягу стагоддзяў.
Да XIX стагоддзя бортніцтва было найбольш распаўсюджаным відам пчалярства ва тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Нягледзячы на развіццё тэхналогій, гэтая традыцыя добра захавалася ў сельскіх раёнах Паўднёва-Усходняй Беларусі і ў некаторых невялікіх абшчынах Падляшскага раёна Польшчы. Пачынаючы з 2014 года ў Аўгустове праводзіцца Barciowisko — спаборніцтва па вырабе вулляў-калод. У 2016 годзе ў Польшчы было некалькі чалавек, якія маглі назваць сябе носьбітамі традыцый (у спадчыну). Некалькі іх было ў Аўгустоўскай пушчы, а некалькі — у Белавежскай і Курпскай абласцях. Бортніцтва па-ранейшаму было часткай мясцовага фальклору, што знайшло адлюстраванне ў мясцовых святах і традыцыях, якія караняцца ў бортніцтве[1]. 17 снежня 2020 года Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА вырашыў уключыць сумесную намінацыю Беларусі і Польшчы «Культура бортніцтва» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва[2].