Варвара Андрэеўна Карынская

Варвара Андрэеўна Карынская
Фатаграфія
Дата нараджэння 3 кастрычніка 1886(1886-10-03)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 18 кастрычніка 1983(1983-10-18)[1] (97 гадоў) ці 19 кастрычніка 1983(1983-10-19)[2] (97 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці дызайнер касцюмаў
Месца працы
Вучоба
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Варвара Андрэеўна Карынская (англ.: Barbara Karinska; 3 кастрычніка 1886, Харкаў, Расійская імперыя — 18 кастрычніка 1983, Нью-Ёрк, ЗША) — украінская і амерыканская мастачка па касцюмах, аўтар сцэнічных касцюмаў для кіно і балета, яе праца аказала моцны ўплыў на сучасны выгляд балетнай пачкі.

Лаўрэат прэміі «Оскар» за лепшы дызайн касцюмаў для фільма «Жанна д’Арк».

Касцюмы, створаныя Варварай Карынскай
Спадніца, распрацаваная Варварай Карынскай для пастаноўкі «Заходняй сімфоніі» Нью-Ёркскага балета

Нарадзілася 3 кастрычніка 1886 года ў Харкаве ў сям’і харкаўскага купца-мільянера Андрэя Якаўлевіча Жмудскага (трэцяя з 10 яго дзяцей, старэйшая дачка). З дзяцінства захаплялася вышываннем. Вывучала права ў Харкаўскім універсітэце.

У 1908 годзе выйшла замуж за Аляксандра Майсеенку, сына багатага харкаўскага прамыслоўца. Яе муж памёр у 1909 году, праз некалькі месяцаў пасля нараджэння іх дачкі Ірыны. У 1910 годзе выйграла судовы працэс са сваім старэйшым братам, Анатолем, уладальнікам газеты «Утро», у выніку чаго атрымала апеку над яго двухгадовым сынам Уладзімірам.

Неўзабаве Варвара зноў выйшла замуж за адваката Мікалая Карынскага (1873—1948). З паспяховым развіццём яго юрыдычнай практыкі ў 1915 годзе сям’я Карынскіх пераехала ў Маскву, дзе Варвара набыла кватэру. Варвара стала гаспадыняй салона, які прымаў інтэлігентную публіку кожны вечар пасля тэатральных ці балетных спектакляў. Развівала ўласную мастацкую тэхніку, дзе выкарыстоўвала камбінацыю кавалкаў каляровай шаўковай марлі з фатаграфіямі і малюнкамі. Тэмай яе першых прац быў балет. Пасля працяглага самаўдасканалення яна выставіла 12 сваіх прац у папулярнай маскоўскай галерэі.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Мікалая Карынскага прызначылі пракурорам Петраградскай Судовай палаты. У 1919—1920 гадах ён займаў высокія пасады на тэрыторыях, якія кантраляваліся Добраахвотніцкай арміяй. У гэты перыяд Варвара з дзецьмі праводзілі жыццё паміж Харкавам і Сімферопалем. Пасля захопу Крыма бальшавікамі сям’я змушана раз’ядналася — Мікалай Карынскі эміграваў, а Варвара з дзецьмі засталася ў Савецкай Расіі і неўзабаве завочна развялася з мужам-«белагвардзейцам».

У 1921 годзе Карынская вярнулася ў Маскву, дзе неўзабаве выйшла замуж за Уладзіміра Мамантава, сына аднаго з багатых маскоўскіх дарэвалюцыйных прамыслоўцаў. Ва ўмовах НЭП Карынская зноў адкрыла салон, дзе збіраліся мастакі, інтэлектуалы і чыноўнікі. Яна адкрыла мадэльнае атэлье па пашыве адзення і капялюшыкаў haute-couture, антыкварную краму і школу вышывання, якую савецкая ўлада неўзабаве нацыяналізавала.

У 1924 годзе пры падтрымцы наркама асветы РСФСР Анатоля Луначарскага Варвара з сям’ёй выехала за мяжу СССР пад выглядам арганізацыі выстаўкі прац яе вучняў у краінах Еўропы. Пасля нядоўгага знаходжання ў Берліне і Бруселі яна аказалася ў Парыжы, а ў 1939 годзе пераехала з сям’ёй у Нью-Ёрк.

Працавала з Сальвадорам Далі, Маркам Шагалам ды іншымі мастакамі. Стварала касцюмы для трупы «Ballet Russe de Monte Carlo» і іншых балетных труп.

У 1940-1970-х гадах ёю былі выраблены амаль усе касцюмы да пастаноў Джорджа Баланчына, спачатку па эскізах мастакоў, потым усё часцей самастойна: «Вальс» (1951), «Шатландская сімфонія» (1952), «Шчаўкунок» (1954), «Блішчалае алегра» (1956), «Дывертысмент № 15» (1956), «Па дэ дэ Чайкоўскага» (1960), «Сон у летнюю ноч» (1962), «Каштоўнасці» (1967), «Другі канцэрт Чайкоўскага» (1973). Акрамя працы ў New York City Ballet, выконвала сцэнічныя касцюмы для розных танцавальных калектываў, мюзіклаў на Брадвеі і фільмаў у Галівудзе. Колькасць балетаў, да якіх былі падрыхтаваны касцюмы, набліжаецца да 50.

Пры вырабе гарнітураў Карынская ўжывала мяккія спадніцы, якія не замінаюць рухам танцоркі. Карынская лічыцца стваральнікам менавіта агульнапрынятай сёння ў свеце балетнай пачкі. Яна адышла ад выкарыстання абручоў і спіц, вырабляла шматслаёвыя лёгкія пачкі, якія паказвалі і стан, і ногі балярыны.

Стала лаўрэатам прэміі «Оскар» за лепшы дызайн касцюмаў для фільма «Жанна д’Арк». Была намінавана на «Оскар» за касцюмы да фільма-балета «Ганс Хрысціян Андэрсан».

Памерла 18 кастрычніка 1983 года ў Нью-Ёрку.

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]
  • У 2003 годзе ў Харкаве юыў створаны Фонд імя Варвары Карынскай.
  • У 2004 годзе заснаваны Міжнародны фестываль моды і тэатральнага касцюма імя Карынскай.
  • У 2005 годзе ў Харкаве на былым доме сям’і Жмудскага (вул. Пушкінская, 31) устаноўлена мемарыяльная таблічка ў гонар Варвары Карынскай (скульптар С. Ястрабаў).
  • У 2015 годзе ў Харкаве імем Варвары Карынскай названа вуліца ў Кіеўскім раёне горада (былая вуліца Марселя Кашэна).

Зноскі

  1. а б Barbara Karinska // filmportal.de — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 12 кастрычніка 2019.
  • Николай Шемет. «Варвара. Кarinska. Интерпретации». — Харьков, «Факт», 2015