Варненскі некропаль (балг.: Варненски некропол) — старажытны могільнік на тэрыторыі Варны, Балгарыя. Варненскі некропаль быў выпадкова выяўлены ў 1972 годзе ў заходняй, прамысловай частцы горада Варна, прыблізна ў 500 м ад Варненскага возера і ў 4 км ад цэнтра горада. Лічыцца адным з найважнейшых археалагічных помнікаў дагістарычнай Еўропы.
У 1972 годзе, падчас прац па пракладцы кабеля, экскаватаршчык Райча Марынаў выпадкова заўважыў у каўшы некалькі бліскучых прадметаў, пры больш дэталёвым разглядзе апынулася, што былі знойдзены старажытныя залатыя ўпрыгожванні і керамічныя аскепкі. Даведаўшыся пра знаходку, да раскопак неадкладна прыступілі супрацоўнікі Варненскага археалагічнага музея на чале з Іванам Івановым і Міхаілам Лазаравым.
За дзесяцігоддзі было раскапана парадку 7500 кв. м., што складае прыкладна дзве траціны ад меркаванай плошчы некропаля. Знойдзены 294 магілы, больш за 3000 прадметаў з золата, агульнай вагай звыш 6 кг, мноства медных прадметаў, больш за 600 узораў керамікі (уключаючы пазалочаную), высакаякасныя крэмніевыя і абсідыянавыя лёзы і ўпрыгожванні.
Некропаль у Варне, часта называюць халкалітавым, і датуюць прыблізна канцом 5 тысячагоддзя да н.э.. Меркавана ён выкарыстоўваўся на працягу 150—200 гадоў[1]. Аднак розныя метады ацэнкі ўзросту даюць разбег парадку 500 гадоў. Па старажытнасці знаходкі ў Варне стаяць у адным шэрагу са знаходкамі ў Старажытным Егіпце і Старажытнай Месапатаміі. Па назве некропаля была названа культура, якая існавала ў гэтай вобласці.
У выніку раскопак было выяўлена тры тыпу пахаванняў:
Найбольш багата ўпрыгожанымі з'яўляюцца магілы першага тыпу. Асобна трэба адзначыць магілу № 43: у ёй, мяркуючы па ўсім, быў пахаваны выключна багаты ці ўплывовы чалавек, магчыма правадыр або жрэц. Пахаваны мужчына быў ростам каля 170 см, памёр ва ўзросце каля 45 гадоў.[2] З адной толькі гэтай магілы было вынята 990 залатых прадметаў агульнай вагай больш за 1,5 кг, мноства медных і каменных інструментаў.[3] Пахаваны быў апрануты ў выключна багатую адзежу, трымаў жазло ў правай руцэ, у магіле былі знойдзены таксама часткі лука, упрыгожанага золатам.
У некаторых «сімвалічных» пахаваннях былі знойдзены зробленыя з гліны копіі чалавечых галоў, з упрыгожваннямі на месцы вачэй, носа, ілба і рота. Верагодна, такі тып пахаванняў здзяйснялі калі не маглі знайсці або даставіць цела нябожчыка.
Акрамя ўпрыгожванняў ва ўсіх магілах знаходзілі некалькі ўзораў керамікі, і розныя інструменты, якія маглі спатрэбіцца ў замагільным жыцці. Былі таксама знойдзены розныя фігуркі талісманаў і ідалаў, як антрапаморфныя, так і зааморфныя. Найбольш часта сустракаюцца выявы нейкіх рагатых жывёл і быкоў.