Грэкі-кіпрыёты

Этнічная карта Кіпра ў 1973 годзе. Жоўтым пазначаны грэкі-кіпрыёты, фіялетавым — туркі-кіпрыёты

Грэкі-кіпрыёты (грэч. Έλληνες Κύπριοι) — грэчаскае этнічнае насельніцтва Кіпра, якое складае каля 80 % усяго насельніцтва краіны (648 455 чалавек). Большасць з іх праваслаўныя хрысціяне, паства Кіпрскай праваслаўнай царквы. Паводле Канстытуцыі 1960 года да грэкаў-кіпрыётаў таксама адносяць маранітаў, армян і каталікоў, якім была дадзена магчымасць далучэння да адной з двух складовых абшчын (грэчаскай або турэцкай).

Грэкі-кіпрыёты з’яўляюцца нашчадкамі ахейцаў і мікенцаў, якія пасяліліся на востраве ў другой палове другога тысячагоддзя да н.э. З часам колькасць выхадцаў з Грэцыі на востраве значна ўзрасла і Кіпр стаў ужо непарыўнай часткай эліністычнага свету. Пасля падзення Рымскай імперыі ў 395 годзе грэчаскае насельніцтва вострава многія стагоддзі знаходзілася пад юрысдыкцыяй Візантыйскай імперыі. Важнай падзеяй у гэты перыяд стала прысваенне Кіпрскай праваслаўнай царквы статусу аўтакефальнай (431 год).

Некаторыя цяжкасці грэчаскае насельніцтва зведала пасля прыходу на востраў першых турак. У канцы XII стагоддзя грэкі трапілі пад цяжкі прыгнёт лузіньянаў, якія прыйшлі да ўлады на востраве, а затым венецыянцаў, якія вельмі нецярпіма ставіліся да праваслаўнай царквы і абклалі іх цяжкімі падаткамі. Значна палегчыла жыццё грэкам заваяванне Кіпра Асманскай імперыяй у 1571 годзе. Але, нягледзячы на плюсы, асманская акупацыя вострава, якая доўжылася да 1878 года, была даволі жорсткай і шмат у чым змяніла мясцовую культуру.

У гады брытанскага кіравання (18781960) на востраве з’явілася эфектыўная каланіяльная адміністрацыя, якая падзяліла ўрад і адукацую па этнічнай прыкмеце. У выніку рэлігійнай і культурнай адукацыі прыкметна аслаблі традыцыйныя сувязі паміж дзвюма абшчынамі краіны.

Пасля атрымання Кіпрам незалежнасці ў 1960 годзе і прыходу да ўлады архіепіскапа Макарыя III, эназіс стаў ключавым пытаннем для грэкаў-кіпрыётаў на працягу наступных дзесяцігоддзяў. У выніку гэта прывяло да ўзброенага ўварвання Турцыі на востраў у 1974 годзе і акупацыі паўночнага Кіпра. У выніку гэтых дзеянняў Кіпр апынуўся расколатым на дзве часткі — грэчаскую і турэцкую, многім грэкам прыйшлося пакінуць свае дамы ў Паўночным Кіпры і перабрацца або на поўдзень вострава, або ў іншыя краіны Еўропы. Нягледзячы на гэты падзел у 2004 годзе Кіпр уступіў у Еўрасаюз, які лічыць яго цэласнай краінай.

Грэкі-кіпрыёты размаўляюць на кіпрскім дыялекце грэчаскай мовы, які мае невялікія адрозненні ў фаналогіі ад навагрэчаскай мовы[1].

Зноскі

  1. Συμεωνίδης, Χαράλαμπος Π. Ιστορία της κυπριακής διαλέκτου. — Λευκωσία: Κέντρο Μελετών Ιεράς Μονής Κύκκου, 2006. — 482 p. — ISBN 978-9963-645-25-1.