ЗША | |||
---|---|---|---|
англ.: United States men's national soccer team | |||
Мянушкі | The Yankees (янкі), The Stars and Stripes (зорна-паласатыя) | ||
Канфедэрацыя | КАНКАКАФ (Паўночная Амерыка) | ||
Федэрацыя | Федэрацыя футбола ЗША | ||
Галоўны трэнер | Маўрысіё Пачэтына | ||
Капітан | Крысціян Пулішыч | ||
Найбольшая колькасць гульняў | Кобі Джонс (164) | ||
Найлепшы бамбардзір | Лэндан Донаван, Клінт Дэмпсі (па 57) | ||
Код ФІФА | USA | ||
|
|||
Рэйтынг ФІФА | |||
Дзеючы | 24 ▲3 (23 лістапада 2017)[1] | ||
Найвышэйшы | 4 (красавік 2006) | ||
Найніжэйшы | 36 (ліпень 2012) | ||
Першая гульня | |||
Неафіцыйная: ЗША 0:1 Канада (Ньюарк, ЗША; 28 лістапада 1885) Афіцыйная: Швецыя 2:3 ЗША (Стакгольм, Швецыя; 20 жніўня 1916) |
|||
Самая буйная перамога | |||
ЗША 8:0 Барбадас (Карсан, ЗША; 15 чэрвеня 2008) |
|||
Самае буйное паражэнне | |||
Нарвегія 11:0 ЗША (Осла, Нарвегія; 6 жніўня 1948) |
|||
Чэмпіянат свету | |||
Колькасць удзелаў | 10 (Упершыню 1930) | ||
Найлепшы вынік | 3 месца (1930) | ||
Залаты кубак КАНКАКАФ | |||
Колькасць удзелаў | 18 (Упершыню 1985) | ||
Найлепшы вынік | Чэмпіён (1991, 2002, 2005, 2007, 2013, 2017, 2021) | ||
Кубак Амерыкі | |||
Колькасць удзелаў | 4 (Упершыню 1993) | ||
Найлепшы вынік | 4 месца (1995, 2016) | ||
Кубак канфедэрацый | |||
Колькасць удзелаў | 4 (Упершыню 1992) | ||
Найлепшы вынік | 2 месца (2009) |
Спартыўныя ўзнагароды | ||
---|---|---|
Чэмпіянаты свету | ||
Бронза | Уругвай 1930 | |
Кубкі канфедэрацый | ||
Бронза | Мексіка 1999 | |
Серабро | ПАР 2009 | |
Кубкі Караля Фахда | ||
Бронза | Саудаўская Аравія 1992 |
Алімпійскія ўзнагароды | ||
---|---|---|
Футбол | ||
Серабро | Сент-Луіс 1904 | Футбол |
Бронза | Сент-Луіс 1904 | Футбол |
Зборная ЗША па футболе — каманда, якая прадстаўляе Злучаныя Штаты Амерыкі ў міжнародных матчах і турнірах па футболе. Адна з наймацнейшых у КАНКАКАФ.
Зборная ЗША стаяла ля вытокаў футбола ў Паўночнай Амерыцы. Першы матч на ўзроўні зборных на гэтым кантыненце з яе ўдзелам, прайшоў 28 лістапада 1885 года ў горадзе Ньюарк (штат Нью-Джэрсі); у той гульні з лікам 1:0 перамаглі супернікі ЗША, канадцы. Прыкладна праз год, 25 лістапада 1886 года, там жа прайшоў другі на кантыненце матч зборных, з удзелам гэтых жа супернікаў. Амерыканцы ўзялі рэванш, і перамаглі 3:2.
Пасля таго амаль васямнаццаць гадоў зборная ЗША не гуляла матчаў. Наступнай старонкай у яе гісторыі стаў алімпійскі футбольны турнір у Сент-Луісе. У тым турніры гулялі ўсяго тры каманды. Адна з іх, Galt F.C. (канадскі аматарскі клуб з правінцыі Антарыа), выступала ў якасці прадстаўніка Канады, дзве іншыя, каманда Каледжа хрысціянскіх братоў і каманда St. Rose Parish (яна ж St. Rose of St. Louis), прадстаўлялі ЗША, абедзве былі з Сент-Луіса. Футбол у свеце (калі не браць Англію) рабіў у той час першыя крокі, і нядзіўна, што ніхто з еўрапейскіх краін не даслаў на турнір сваіх прадстаўнікоў. У першых двух матчах турніру канадцы разграмілі спачатку Christian Brothers College (7:0), затым St. Rose Parish (4:0) і сталі чэмпіёнамі. Затым трэба было высветліць, хто з амерыканцаў мацнейшы. Першы іх матч між сабою завяршыўся ўнічыю 0:0, у другім каманда Christian Brothers College перамагла 2:0. Такім чынам, амерыканскія каманды занялі другое і трэцяе месцы. Першапачаткова медалі на тым турніры не ўручаліся, але былі ўручаны МАК пазней; так і атрымалася, што ў залік зборнай ЗША пайшлі адразу два медалі.
Затым былі амаль 12 гадоў без гульняў. Толькі 20 жніўня 1916 года каманда правяла свой наступны матч; гэта было ў Стакгольме, амерыканцам супрацьстаялі гаспадары поля, шведы, і ў выніку госці ўзялі верх 3:2; гэты матч прынята лічыць першым афіцыйным у гісторыі каманды (не ўлічваючы вынікі клубаў на Алімпіядзе ў Сент-Луісе) і першым пераможным. Праз некалькі дзён яны згулялі ўнічыю з нарвежцамі ў Крысціяніі (1:1). Пасля чаго было яшчэ 8 гадоў без гульняў.
У маі 1924 амерыканцы прыехалі на Алімпіяду ў Парыжы. Гэта быў ужо, у адрозненне ад турніру ў Сент-Луісе 20-гадовай даўніны, паўнавартасны турнір на выбыванне з удзелам 16 каманд. У першым раўндзе амерыканцы абыгралі Эстонію 1:0 дзякуючы голу Стрэйдэна, аднаго з лепшых форвардаў ЗША таго часу, а ў другім саступілі 0:3 уругвайцам, будучым чэмпіёнам турніру, наймацнейшай камандзе таго часу, два галы ў іх браму забіў Петронэ, які стаў найлепшым бамбардзірам таго турніру з 8 галамі, адзін — Скаронэ. У тым жа 1924 амерыканцы правялі яшчэ два матчы, абодва таварыскіх. На наступны год амерыканцы згулялі два таварыскія матчы з прынцыповымі супернікамі — канадцамі.
У 1928 годзе на Алімпіядзе каманда пацярпела адно з самых буйных паражэнняў у сваёй гісторыі, саступіўшы сярэбраным прызёрам тых гульняў аргенцінцам 2:11. Вялікія форварды паўднёваамерыканцаў не пакінулі ніякіх шанцаў суперніку, неаднаразова вызначыліся Мануэль Ферэйра, Дамінга Тарасконі, Раймунда Орсі і Раберта Чэры.
Зрэшты, ужо праз два гады адбылася падзея, якая стала самай слаўнай старонкай у гісторыі каманды. На першым у гісторыі чэмпіянаце свету каманда дайшла да паўфінала. У групе з аднолькавым лікам 3:0 былі абыграны Бельгія і Парагвай, а ў паўфінале каманда саступіла 1:6 аргенцінцам, якія за два гады кардынальна змянілі склад, што не адбілася на якасці іх гульні. Чатыры мячы забіў форвард амерыканцаў Берт Пэтнаўд, з іх тры ў браму Парагвая, тым самым ён стаў першым, хто зрабіў хет-трык на чэмпіянаце свету. Два галы за ЗША на тым чэмпіянаце свету забіў Барт Мак-Гі, яшчэ адзін — Джым Браўн. Капітанам каманды быў Том Флоры, трэнерам — Роберт Мілар.
На наступным чэмпіянаце свету, у 1934 годзе, амерыканцы саступілі ў першым жа раўндзе з лікам 1:7 італьянцам, якімі кіраваў Віторыа Поца, хет-трык у браму ЗША аформіў Анджэла Ск’явіа, таксама вызначыліся Раймунда Орсі (двойчы), Джавані Ферары і Джузэпэ Меаца. Ад складу 4-гадовай даўніны ў ЗША застаўся толькі Флоры, а годна супрацьстаяць італьянцам на тым турніры, хатнім для іх, не мог наогул ніхто (варта адзначыць, што ўругвайцы на той турнір не паехалі), і яны сталі чэмпіёнамі. Праз два гады на Алімпіядзе супернікамі ЗША ў першым раўндзе зноў сталі лідары сусветнага футбола тых гадоў італьянцы. На гэты раз амерыканцы трымаліся лепей, але ўсё ж саступілі 0:1, прапусціўшы гол ад Анібале Фросі.
Амерыканцы адмовіліся ўдзельнічаць у адборы на чэмпіянат свету 1938. Зрэшты, да таго часу футбол у краіне ўжо прыйшоў у заняпад, каманда не прэтэндавала на сур'ёзныя вынікі. У каманды была серыя з 13 запар прайграных паядынкаў у 1934—1948 гадах. Таксама на працягу амаль 10 гадоў амерыканцы не гулялі матчаў наогул (1937—1947), Адной з прычын чаго была Другая сусветная вайна, якая зрабіла немагчымай выязныя гульні ў Еўропе, іншым фактарам стаў нізкі інтарэс да футбола ў ЗША. У верасні 1948 года амерыканцы нарэшце перарвалі серыю паражэнняў, тройчы запар перамогшы зборную Ізраіля. За некалькі месяцаў да гэтага яны пацярпелі чарговае буйное паражэнне ад Італіі — на Алімпійскіх гульнях 1948 — 0:9.
На чэмпіянаце свету 1950 каманда не змагла выйсці з групы, прайграўшы два матчы з трох — іспанцам (1:3) і чылійцам (2:5), у трэцім жа матчы амерыканцы сенсацыйна перайгралі адну з наймацнейшых каманд свету — Англію — з лікам 1:0 дзякуючы галу Джо Гацьенса. Гэтая перамога, якая атрымала назву «Цуд на траве» (англ.: Miracle on Grass), стала адной з самых яскравых старонак у гісторыі футбола ў ЗША. Наступнага ўдзелу ў чэмпіянаце свету амерыканцам прыйшлося чакаць роўна 40 гадоў.
У наступныя гады ў футболе ЗША наступіў поўны заняпад. Да канца 80-х гадоў каманда не паказала сур'ёзных вынікаў, выйграючы ў асноўным у такіх жа аўтсайдэраў, як была сама, і нязменна саступаючы моцным зборным. У 1983 годзе каманда была ў парадку эксперыменту заяўлена ў футбольныя лігу ЗША і Канады для клубаў — NASL — пад назвай Team America; гэты ўнікальны ў гісторыі сусветнага футбола эксперымент сябе не апраўдаў — каманда фінішавала на апошнім месцы ў лізе.
Уздым каманды пачаўся ў 1989 годзе, калі яна заняла 2 месца ў Чэмпіянаце нацый КАНКАКАФ. Толькі па дадатковых паказчыках амерыканцы саступілі камандзе Коста-Рыкі. Дзякуючы гэтаму поспеху амерыканцы атрымалі права выступіць на чэмпіянаце свету 1990, на якім яны, зрэшты, прайгралі ўсе тры матчы ў групе. У 1991 годзе амерыканцы выйгралі Залаты кубак КАНКАКАФ. Па ходзе турніру яны ўзялі рэванш у Коста-Рыкі (3:2), абыгралі (2:0) мексіканцаў, якім да таго пастаянна прайгравалі, а ў фінале выйгралі па пенальці ў Гандураса (0:0; пен. 4:3). У 1992 годзе каманда заняла 3 месца ў Кубку караля Фахда. Варта адзначыць, што ўсіх гэтых поспехаў дасягнула краіна, у якой, пасля роспуску NASL ў канцы 1984 года, не было нацыянальнай лігі (яна будзе створана ў 1996 годзе пад назвай MLS). Затым быў хатні чэмпіянат свету 1994. Каманда выйшла з групы з 3 месца, атрымаўшы перамогу над Калумбіяй (2:1), звядучы ўнічыю (1:1) матч са швейцарцамі і саступіўшы румынам (0:1). У 1/8 фінала амерыканцы саступілі будучым пераможцам турніру бразільцам з лікам 0:1 пасля гола Бебету. Гэты турнір рэзка павялічыў папулярнасць футбола ў ЗША.
У наступныя гады з ліку поспехаў каманды можна вылучыць 4 месца на Кубку Амерыкі 1995, дзе яны сенсацыйна абыгралі 3:0 Аргенціну; некалькі чэмпіёнстваў і прызавых месцаў у Залатым кубку КАНКАКАФ; 3 месца ў Кубку канфедэрацый 1999; выхад у 1/4 фінала на чэмпіянаце свету 2002, дзе амерыканцы абыгралі партугальцаў (3:2) і мексіканцаў (2:0), а затым былі выбіты з турніру немцамі дзякуючы голу Міхаэля Балака, выдатную гульню на тым турніры паказалі, у прыватнасці, Браян Мак-Брайд і Лэндан Донаван, якія забілі па два мячы. З іншага боку, на чэмпіянатах свету 1998 і 2006 амерыканцы не змаглі выйсці з групы.
Паспяховым для амерыканцаў стаў выступ на Кубку канфедэрацый 2009, дзе яны сенсацыйна абыгралі дзеючых чэмпіёнаў Еўропы іспанцаў у паўфінале з лікам 2:0 дзякуючы галам Джозі Алтыдора і Клінта Дэмпсі, а ў фінале вялі па ходзе матчу з бразільцамі 2:0 (Дэмпсі, Донаван), але затым усё ж саступілі ім пасля таго, як Луіс Фабіяну аформіў дубль, а затым яшчэ адзін, пераможны, мяч забіў Лусіу.
На чэмпіянаце свету ў ПАР зборная ЗША ў адборачнай групе C згуляла ўнічыю з Англіяй (1:1) і Славеніяй (2:2), а затым абыграла Алжыр (1:0) і трапіла ў 1/8 фінала, дзе ў дадатковы час саступіла зборнай Ганы (1:2).
У ліпені 2011 года галоўным трэнерам зборнай прызначаны Юрген Клінсман, пад кіраўніцтвам якога каманда выйграла Залаты кубак КАНКАКАФ 2013 і трапіла на чэмпіянат свету 2014, дзе выбыла на стадыі 1/8 фінала, саступіўшы бельгійцам. У 2016 годзе ЗША прымалі юбілейны Кубак Амерыкі і занялі на ім чацвёртае месца, у 2017 годзе выйгралі хані Залаты кубау КАНКАКАФ. Аднак, адбор на чэмпіянат свету 2018 скончыўся для амерыканцаў няўдала: саступіўшы ў апошнім туры фінальнага турніру паўночнаамерыканскага адбору зборнай Трынідада і Табага (1:2), ЗША занялі толькі пятае месца і ўпершыню пасля 1986 года не трапілі на сусветнае першынство.
(тройчы ўдзельнічала як запрошаная каманда, у 2016 годзе — гаспадар турніру)