Востраў Какос | |
---|---|
ісп. Isla del Coco | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 23,85 км² |
Насельніцтва |
|
Размяшчэнне | |
5°31′08″ пн. ш. 87°04′18″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Востраў Какос (ісп.: Isla del Coco) — востраў ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна. Уваходзіць у склад Коста-Рыкі. Плошча вострава — 23,85 км². Сталага насельніцтва няма.
Востраў Какос знаходзіцца за 494 км на паўднёвы захад ад узбярэжжа Коста-Рыкі, за 586 км на паўднёвы захад ад Сан-Хасэ. Мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваўся каля 2 млн гадоў таму ў выніку трох этапаў — стварэння лававага шчыта, вулканічнага выбуху і паслявыбуховых працэсаў[1]. Асноўная частка вострава збудавана шчолачнымі базальтамі, сустракаюцца радовішчы серы і свінцу, украпванні лантаноідаў.
Востраў Какос даволі гарысты. Найвышэйшая кропка — пагорак Іглесіяс (575,5 м). Формай нагадвае чатырохкутнік, выцягнуты з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Даўжыня вострава да 7,1 км, шырыня да 4,13 км. Уздоўж берагавой лініі вылучаецца некалькі заліваў. Найбольш прыдатныя для стаянкі суднаў заліў Вэйфер на поўначы, заліў Іглесія на поўдні, заліў Ліанел на захадзе. Заліў Чатэм на паўночным усходзе лічыцца найбольш маляўнічым дзякуючы ўтульнаму пляжу. Астатнія берагі скалістыя, узвышаныя (да 183 м)[2]. Каля вострава шмат падводных скал, а таксама невялікіх скалістых астраўкоў.
На востраве Какос некалькі кароткіх бурных рэк[3], існуюць таксама сезонныя вадацёкі. Ёсць 3 вадаспады, якія можна назіраць з узбярэжжа. Найбольш маляўнічым лічыцца вадаспад Іглесія на аднайменнай рацэ, якая цячэ з пагорка Іглесіяс.
Клімат трапічны, вельмі вільготны. Сярэднегадавая колькасць ападкаў дасягае амаль 7000 мм. Сухі сезон цягнецца са студзеня да сакавіка[4]. Сярэднегадавая тэмпература +26,6 °C.
Прырода вострава Какос доўгі час развівалася ізалявана ад знешняга свету, таму сам востраў часцяком параўноўваюць з астравамі Галапагас. Флора вострава падзяляецца на 7 занальных тыпаў — флора заліваў, прыбярэжных скал, літаралі, высакагор’я, вільготных лясоў, горных схілаў і малых прыбярэжных астравоў. Знойдзена 235 відаў раслін (70 эндэмічныя), 362 віды казурак (64 эндэмічныя), 85 відаў птушак (4 эндэмічныя), 57 відаў ракападобных, 118 відаў марскіх малюскаў, 18 каралаў і г. д.[5] У прэснай вадзе рэк знойдзены крэветкі. На пляжах вострава, асабліва ў заліве Чатэм, размножваюцца марскія чарапахі. Акрамя таго, чалавекам наўмысна або выпадкова былі інтрадуцыраваны пацукі, свінні, каты, козы і алені. Асаблівую небяспеку для мясцовай прыроды ўяўляюць пацукі і свінні.
Флора вострава Какос найбольш блізкая да расліннага свету суседняга Амерыканскага кантынента, асабліва Гвіяны. Гэта тлумачыцца тым, што перанос спор і насення птушкамі адбываўся ўжо ў глыбокай старажытнасці, у перыяд фарміравання вострава, калі зона вільготных трапічных лясоў Паўднёвай Амерыкі і Карыбскага басейна яшчэ не была выразна аддзелена гарамі. Навакольныя воды насяляюць каля 200 відаў рыб, у тым ліку 20 відаў акул і скатаў[6]. Тут сустракаюцца дэльфіны, кіты і марскія львы[7][8][9].
Востраў Какос быў адкрыты іспанскімі мараплаўцамі ў 1526 г., але на карты трапіў толькі ў 1542 г.[10]. У далейшым востраў наведвалі выпадковыя экспедыцыі для папаўнення запасаў вады. На ім таксама спыняліся піраты. Згодна шматлікім легендам, многія з якіх не падцверджаны дакументальна, на востраве Какос былі схаваныя нарабаваныя піратамі багатыя скарбы[11][12][13]. У XIX — першай палове XX стст. гэта прыцягвала на Какос шматлікіх авантурыстаў, што ў пошуках пірацкага золата гублялі сваю маёмасць або нават гінулі. У літаратуры з’явіліся меркаванні, што востраў Какос быў прататыпам вострава Рабінзона Круза, апісанага Даніэлем Дэфо[14], і знакамітага вострава скарбаў Роберта Льюіса Стывенсана[15].
Эра пірацтва скончылася ў 1870-ых гг. Урад Коста-Рыкі рабіў няўдалыя спробы засяліць востраў Какос, у тым ліку праз высылку злачынцаў, але з-за вельмі вільготнага клімату і хвароб перасяленцы хутка гінулі, або эвакуяваліся камандамі выпадковых караблёў. Найбольш удалую спробу каланізацыі прадпрыняў нямецкі авантурыст Аўгуст Гіслер (1857—1935)[16], які заснаваў гаспадарку, плантацыю кавы і жыў на востраве з 1889 г. да 1908 г. Ён нават атрымаў ад уладаў Коста-Рыкі ганаровае званне губернатара.
7 лістапада 1949 г. востраў Какос быў афіцыйна далучаны да тэрытарыяльных валоданняў Коста-Рыкі. У 1978 г. на ім быў арганізаваны нацыянальны парк, дзе праводзяцца сталыя навуковыя даследаванні, развіваецца турызм. У XX ст. востраў наведвалі Франклін Дэлана Рузвельт і Жак-Іў Кусто[10].
Уся тэрыторыя вострава Какос уваходзіць у склад нацыянальнага парка «Востраў Какос», створанага 22 чэрвеня 1978 г.[17] У 2002 г. ён быў уключаны у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 820 рус. • англ. • фр. |