Кмен[3][4] (Cárum) — род шматгадовых або двугадовых раслін сямейства Парасонавыя (Apiaceae), з якіх найбольш вядомы від кмен звычайны (Carum carvi), які выкарыстоўваецца ў якасці спецый.
Травяністая расліна. У культуры найбольш пашыраны кмен звычайны — двухгадовая (ёсць і аднагадовыя сарты) эфіраалейная расліна. У першы год утварае мясісты корань з разеткай прыкаранёвага лісця, з якой на другі год развіваецца гладкае галінастае сцябло, што заканчваецца суквеццем — складаным парасонікам. Плады маюць у сабе 3—7 % эфірнага і 18—20 % тлустага тэхнічнага алею.
У ежу спажываюць маладое сцябло і лісце ў салатах або як прыправу да супоў, спажываюць таксама і карані кмену. Насеннем аздабляюць хлебапякарныя, кандытарскія і лікёра-гарэлачныя вырабы, квашаную капусту. Добра расце на сугліністых, угноеных арганікай глебах. Сеюць насеннем з міжрадкоўем 30 см. У першы год у міжрадкоўях вырошчваюць перамежкавыя культуры. Насенне збіраюць на наступны год.