Мэры Тайлер Мур (англ.: Mary Tyler Moore; 29 снежня 1936[1][2][…], Бруклін, Нью-Ёрк, ЗША — 25 студзеня 2017[3][2][…], Грынвіч) — амерыканская актрыса, камедыянтка, спявачка і прадзюсар.
Першапачатковую шырокую вядомасць ёй прынесла роля Лаўры Петры ў сіткоме «Шоу Дзіка Ван Дайка» (1961—1966), за якую актрыса атрымала дзве прэміі «Эмі» ў катэгорыі «Найлепшая актрыса ў камедыйным серыяле» і «Залаты глобус» «За найлепшую жаночую ролю ў тэлевізійным серыяле — камедыя або мюзікл». Пазней яна атрымала яшчэ больш вядомасці дзякуючы ўласнай камедыі «Шоу Мэры Тайлер Мур» (1970—1977), у якім іграла Мэры Рычардс, адзінокую і незалежную жанчыну за трыццаць, якая працуе вядучай навін на канале WJM-TV у Мінеапалісе. Гэтая роля прынесла актрысе яшчэ чатыры прэміі «Эмі», «Залаты глобус», а таксама статус «іконы тэлебачання»[5].
За сваю кар’еру ў агульнай складанасці атрымала сем прэмій «Эмі», тры «Залатыя глобусы», дзве «Тоні», чатыры прэміі «Выбар народа», а таксама была намінавана на BAFTA і «Оскар». У 1992 годзе яна была ўдастоена ўласнай зоркі на Галівудскай алеі славы, у 2002 атрымала спецыяльную прэмію American Comedy Awards. У 2011 годзе была ўдастоена ўзнагароды Гільдыі кінаакцёраў ЗША «За ўклад у кінематограф». У знак прызнання ў яе гонар была ўзведзена статуя ў цэнтры Мінеапаліса[6].