Мігель Кабанельяс | |
---|---|
ісп.: Miguel Cabanellas | |
Дата нараджэння | 1 студзеня 1872[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 14 мая 1938[1][2][…] (66 гадоў) |
Месца смерці | |
Дзеці | Guillermo Cabanellas[d] |
Альма-матар |
|
Грамадзянства | |
Прыналежнасць | Нацыяналістычная фракцыя (Іспанія)[3] і Другая Іспанская Рэспубліка[d] |
Род войскаў | Сухапутныя войскі Іспаніі[d] |
Званне | general de división[d][3] |
Бітвы/войны | |
Узнагароды і званні | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мігель Кабанельяс Ферэр (ісп.: Miguel Cabanellas Ferrer; 1 студзеня 1872 — 14 мая 1938) — іспанскі ваенны дзеяч, генерал. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі 1936—1939 гадоў.
Поўнае імя — Мігель Мануэль Віргіліа Хаакін Кабанельяс Ферэр. Нарадзіўся ў сям’і Віргіліа Кабанельяса Тапіа, капітана пяхотнага палка, і Клары Ферэр Рытваген. Скончыў са ступенню бакалаўра каледж Тэклы і пяхотнае вучылішча. 24 мая 1894 года ўступіў у шлюб і праз некалькі дзён быў накіраваны на службу на Кубу, што была тады іспанскай калоніяй.
2 лістапада 1894 года ў чыне малодшага лейтэнанта ўпершыню ўдзельнічаў у баі з кубінскімі паўстанцамі. 23 жніўня 1895 года, ужо як лейтэнант, вызначыўся ў баі ля Сабан дэ Сан Серапіа, за што ўзнагароджаны медалём «За ваенныя заслугі» першага класа. 1 снежня 1896 года атрымаў новую ўзнагароду «За адвагу», праяўленую ў баі ля Тумба дэль Тэзора. Ачуняўшы пасля цяжкай хваробы (ліхаманкі), 1 кастрычніка 1897 года быў выраблены ў капітаны.
Наступнае званне — маёра — Кабанельяс атрымаў за ўдзел у баявых дзеяннях у Марока ў 1909 годзе, таксама ён быў узнагароджаны крыжам ваенных заслуг і ордэнам Марыі Крысціны першага класа. У 1910 годзе выступіў з ініцыятывай стварэння мараканскіх стралковых часцей з мясцовага насельніцтва (Fuerzas Regulares Indígenas). Яны пазней паспяхова ўдзельнічалі ў абароне Мелільі і Ларачэ. 15 мая 1911 года камандаваў трыма эскадронамі «рэгулярэс», неўзабаве атрымаў чарговае павышэнне па службе.
У ліпені—жніўні 1921 года іспанскія войскі пацярпелі шэраг істотных паражэнняў у Марока (у прыватнасці, іх войскі былі разгромлены пры Анвале), што прывяло да пагрозы страты Мелільі. Кабанельяс камандаваў адной з калон падчас контрнаступлення, якое зняла пагрозу для Мелільі і аднавіла кантроль іспанцаў над часткай страчанай тэрыторыі (у прыватнасці, былі адваяваны Монтэ-Аруіт і Зелуан). Цяжкія паражэнні іспанскай арміі ў Марока прывялі да стварэння афіцэрскіх «хунт абароны», у дзейнасці якіх прынялі ўдзел многія вайскоўцы, у тым ліку Кабанельяс (тады ён быў ужо брыгадным генералам), Франсіска Франка, Эміліа Мола і іншыя. У студзені 1922 года ўрад рэзка абмежаваў дзейнасць хунт. У маі Кабанельяс быў пераведзены на службу ў Іспанію.
У 1924 годзе быў выраблены ў дывізіённыя генералы і прызначаны ваенным губернатарам Балеарскіх астравоў. 26 ліпеня 1926 года з-за канфлікту з дыктатарам Прыма дэ Рыверай Кабанельяс адпраўлены ў рэзерв. У гэты перыяд ён прытрымліваўся ліберальных і рэспубліканскіх палітычных поглядаў, удзельнічаў у змовах супраць дыктатуры і ў паўстанні 1929 года. Пасля звяржэння манархіі ў красавіку 1931-га быў адноўлены на службе і прызначаны генерал-капітанам у Андалусіі, дзе актыўна змагаўся за аднаўленне парадку. Затым ён быў камандуючым іспанскімі войскамі ў Марока, а ў 1932 годзе змяніў Хасэ Санхурха на пасадзе генеральнага дырэктара грамадзянскай гвардыі.
У 1933 годзе генерал Кабанельяс абраны дэпутатам картэсаў (парламента) ад цэнтрысцкай Рэспубліканскай Радыкальнай партыі, узначальваючы камісію па абароне. У 1936 годзе ўрад Народнага Фронту вярнуў Кабанельяса ў армію — генерал займаў пасады генеральнага інспектара карабінераў, зноў генеральнага інспектара грамадзянскай гвардыі, а затым камандзіра пятай дывізіі ў Сарагосе. З-за сваіх ліберальных поглядаў, а таксама ў сувязі з членствам у масонскай ложы (разам з многімі прыхільнікамі Рэспублікі) Кабанельяс карыстаўся даверам рэспубліканскага ўрада. Аднак у гэты ж час ён прымаў удзел у падрыхтоўцы ваеннай змовы, сумесна з правымі генераламі Франка і Мола. Існуюць розныя меркаванні аб ступені ўцягнутасці Кабанельяса, але сам факт яго ўдзелу з’яўляецца агульнапрызнаным. Генерал Мола лічыў Кабанельяса кандыдатам на пасаду ваеннага міністра будучага ўрада.
Пасля пачатку паўстання 17 ліпеня 1936 года Кабанельяс некаторы час выяўляў асцярожнасць, але ўжо неўзабаве абвясціў аб падтрымцы нацыяналістаў, забяспечыўшы ім кантроль над Сарагосай. Загадаў арыштаваць каля 360 дзеячаў Народнага Фронту, уключаючы грамадзянскага губернатара, а таксама генерала Мігеля Нуньеса дэ Прадо, толькі што прызначанага генеральным інспектарам авіяцыі (неўзабаве ён расстраляны).
Першапачаткова нацыяналісты разлічвалі, што іх узначаліць генерал Хасэ Санхурха, але той загінуў у авіякатастрофе 20 ліпеня 1936 года. У гэтай сітуацыі ваенныя лідары, якія выступілі супраць Рэспублікі, 23 ліпеня дамовіліся стварыць орган калектыўнага кіраўніцтва — ваенную хунту, старшынёй якой стаў Кабанельяс. Ён атрымаў гэтую пасаду як старэйшы па ўзросце і службовым стажу. Аднак яго ўплыў быў невялікім і, у асноўным, абмяжоўвалася сімвалічнымі функцыямі; акрамя таго, ён апынуўся пазбаўлены магчымасці непасрэдна ўплываць на сітуацыю ў воінскіх часцях. У жніўні Кабанельяс падпісаў указ аб замене трохкаляровага чырвона-жоўта-фіялетавага рэспубліканскага сцяга на традыцыйны манархічны чырвона-жоўты.