Вёска
| ||||||||||||||||||||||||
Міляйчы́цы[1] (польск.: Milejczyce, падл.: Miliêčyčy, традыцыйныя беларускія назвы — Міле́йчыцы, Міле́йчычы) — вёска ў Польшчы, за 21 км на паўночны ўсход ад Семятычаў і за 67 км на поўдзень ад Беластока, на рацэ Крупе. Уваходзіць у склад Семятыцкага павета Падляскага ваяводства, сядзіба вясковай гміны Міляйчыцы.
Назва мясцовасці ўзнікла ад сербскага імя Мілей (Мілейка).
14 мая 1516 года вялікі князь Жыгімонт Стары надаў Мілейчыцам Магдэбургскае права (каралеўская стаянка на дарозе з Мельніка ў Бельск). У 1529 годзе тут узнікла каталіцкая парафія Святога Станіслава.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Мілейчыцы ўвайшлі ў Берасцейскі павет Берасцейскага ваяводства. 1 лістапада 1566 года яны атрымалі герб «у чырвоным полі залатыя рогі аленя ў дубе»[2]. Паводле люстрацыі таго ж годзе тут быў каралеўскі двор, дзейнічалі дзве царквы — Святой Барбары і Святога Мікалая, працавалі 25 корчмаў. У сярэдзіне XVII стагоддзя мястэчка спалілі шведскія і маскоўскія войскі. У 1740 годзе тут быў пабудаваны новы касцёл.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Мілейчыцы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні.
Жыхары мястэчка дабіваліся вяртання ім забраных жваровым начальствам 120 валок зямлі (ворыва, сенажацяў і лясоў), якімі здаўна валодалі і адзначалі, што «не былі з самых старажытных часоў ў стане сялян, не выконвалі ніякіх павіннасцяў, а толькі выплачвалі аброчную подаць»[3]. У 1816 годзе ў вёсцы пачалося хваляванне супраць запрыгоньвання, сяляне запатрабавалі вызваліць іх з-пад улады памешчыка Клейна. У 1820 годзе яны зноў адмовіліся ад выканання павіннасцей, захапілі на памешчыцкім сенакосе, які лічылі сваім, 50 вазоў сена, збілі аканома і стражніка і ўзялі ў сваё карыстанне 45 маргоў зямлі, а ўлетку 1822 года падпалілі панскі фальварак. Чарговае хваляванне ў Мілейчыцах у 1824 годзе было задушана вайсковай камандай[4].
У 1857 годзе ў мястэчку збудавалі першую сінагогу. Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстаннея 1863—1864 гадоў расійскія ўлады гвалтоўна адабралі касцёл у каталікоў і перадалі Маскоўскаму патрыярхату. У канцы XIX стагоддзя ў мястэчку дзейнічалі 3 царквы, працавалі школа, аптэка і 7 крамаў.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Мілейчыцы занялі нямецкія войскі.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мілейчыцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[5]. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Мілейчыцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У міжваенны перыяд у мястэчку збудавалі кафляны завод і яўрэйскае летнішча (ў хваёвых лясах пад вёскаю).
З пачаткам Другой сусветнай вайны 15 верасня 1939 года Міляйчыцы занялі войскі Трэцяга Рэйха, але праз тыдзень мястэчка перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбентропа. У лістападзе 1939 года Мілейчыцы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Беластоцкую вобласць. З 27 чэрвеня 1941 да 20 верасня 1944 года мястэчка зноў знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 жніўня 1945 года ўлады СССР перадалі Мілейчыцы Польскай Народнай Рэспубліцы. 10 верасня 1945 годзе вёску на кароткі час заняла Віленская брыгада Арміі Краёвай.