Рыхард Марцін Вільштэтэр(ням.: Richard Martin Willstätter; 13 жніўня 1872, Карлсруэ — 3 жніўня 1942, Муральта) — нямецкі хімік-арганік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі (1915) «за даследаванні фарбавальных рэчываў расліннага свету, асабліва хларафілу».
Вільштэтэр нарадзіўся ў яўрэйскай сям'і ў Карлсруэ. Тут жа ён пайшоў у школу, а пасля пераезду яго сям'і працягнуў вучыцца ў тэхнічнай школе ў Нюрнбергу. У 18 гадоў ён паступіў у Мюнхенскі ўніверсітэт з жаданнем займацца навукай, дзе і заставаўся на працягу наступных пятнаццаці гадоў. Вучыўся і працаваў на хімічным факультэце, дзе пад кіраўніцтвам Адольфа фон Баера атрымаў доктарскую ступень, а з 1894 года пачаў выкладчыцкую дзейнасць. Яго доктарская дысертацыя была прысвечана даследаванню структуры какаіну. Вільштэтэр працягнуў працаваць і даследаваць іншыя алкалоіды, некаторыя з якіх ён сінтэзаваў. У 1896 годзе быў прызначаны на пасаду выкладчыка, у 1902 годзе стаў экстраардынарным прафесарам.
У 1905 годзе ён пераехаў у Швейцарыю, каб стаць прафесарам Вышэйшай тэхнічнай школы Цюрыха, там жа працаваў на заводзе па вытворчасці хларафілу.
З 1912 года быў прафесарам хіміі ў Берлінскім універсітэце і дырэктарам аддзялення хіміі Таварыства кайзера Вільгельма, дзе вывучаў структуру пігментаў кветак і пладоў. У 1916 годзе ён вярнуўся ў Мюнхен у якасці пераемніка свайго настаўніка Баера. У 1920-х гадах Вільштэтэр даследаваў механізмы ферментатыўных рэакцый.
У 1924 кар'ера Вільштэтэра нечакана скончылася, калі ён падаў у адстаўку, выступаючы рэзка супраць палітыкі антысемітызму. У 1939 годзе ён эміграваў у Швейцарыю, дзе пражыў апошнія 3 гады свайго жыцця.
У 1942 годзе памёр ад сардэчнага прыступу.