Аднагадовая жоўта-зялёная травяністая расліна вышынёй 10—60[2] см. Сцябло прамое, простае або галінастае. Лісце простае, суцэльнае, з зубчастым краем, чаргаванае. Прыкаранёвае лісце адваротна-яйцападобнай формы, на чаранках, сцябловае — падоўжана-эліпсападобнае, сядзячае, з вострымі вушкамі. Кветкі з чатырма пялёсткамі белага колеру, з зялёнымі чашалісцікамі. Плод — стручочак даўжынёй 12—18 мм, крылаты па краі і з вузкай выемкай у верхняй частцы. Насенне (да 50 тысяч з адной расліны[2]) адваротна-яйцападобнай або авальнай формы, цёмна-вішнёвага або карычневага колеру.
Расліна распаўсюджана на тэрыторыі Еўразіі, натуралізавалася амаль паўсюдна[3]. Святлолюбівая расліна, мезафіт, гіграфіт і эўтроф[4]. Расце на сухіх і стэпавых лугах, аблогах, пустках, узлесках, палях, пашах і агародах, каля жылля і дарог. Цвіце ў чэрвені—жніўні. Плады паспяваюць у ліпені—верасні. Жыццяздольнасць насення можа захоўвацца да 10 гадоў[2]. Устойлівая да розных уздзеянняў расліна. Вырваныя з коранем і пакінутыя на полі расліны могуць прыжывацца зноў[2]. Могуць зімаваць у фазе цвіцення[2].
Thlaspi L. — Ярутка // Определитель высших растений Беларуси (руск.) / Под ред. В. И. Парфёнова. — Мн.: Дизайн Про, 1999. — С. 117—118. — 472 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-6182-78-6.
Ярутка // Сельскохозяйственный энциклопедический словарь / Редкол.: В. К. Месяц (гл. ред.) и др.. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 621. — 656 с. — 100 000 экз.(руск.)