Crysis (МФА: [ˈkɹʌɪsɪs]) — камп’ютарная гульня, навукова-фантастычны шутар ад першай асобы, распрацаваны нямецкай кампаніяй Crytek і выдадзены Electronic Arts. Першая гульня аднайменнай серыі з запланаванай трылогіі[13][14][15]. «Crysis» быў выпушчаны 13 лістапада 2007 года ў Паўночнай Амерыцы, 15 лістапада ў Аўстраліі, 16 лістапада ў Еўропе, 23 лістапада ў Новай Зеландыі і 29 лістапада ў Японіі[1][2] эксклюзіўна для персанальных камп'ютараў. 18 верасня 2008 года, амаль праз год пасля рэлізу, Crysis стаў даступны для спампоўкі праз інтэрнэт-сэрвіс лічбавай дыстрыбуцыі Steam[3][4][5][6][7].
Падзеі «Crysis» развіваюцца ў выдуманай будучыні, у 2020 годзе, калі на востраве каля ўзбярэжжа Кітая быў выяўлены старажытны іншапланетны касмічны карабель[16]. Адзіночная кампанія прапануе гульцу згуляць ролю байца спецатрада United States Delta Force Джэйка Дана (англ.: Jake Dunn) з пазыўным Качэўнік (англ.: Nomad). Качэўнік узброены рознай футурыстычнай зброяй і абсталяваннем, асабліва нанакасцюмам (англ.: Nano Muscle Suit). У Crysis гулец змагаецца з ваеннымі паўночнакарэйскай арміі і іншапланетнымі ворагамі ў чатырох розных лакацыях: у джунглях трапічнага вострава, усярэдзіне «Ледзяной сферы» (якая складаецца з тых самых джунгляў, толькі замарожаных), непасрэдна ўсярэдзіне касмічнага карабля (на якім пануе бязважкасць) і на амерыканскім авіяносцы[17]. Гульнявы рухавік «Crysis», CryEngine 2, выкарыстоўвае новы API Direct3D 10 для рэндэрынгу графікі і ўключае гульнявы рэдактар узроўняў Sandbox 2, які выкарыстоўвала Crytek для стварэння гульні[18].
5 чэрвеня 2008 года быў анансаваны дадатак «Crysis Warhead»[19]. Ён быў выпушчаны 18 верасня 2008 года ў рознічным продажы і праз Steam[20]. Пачатковыя лічбы продажаў, паводле агенцтва NPD Group, сведчылі пра тое, што гульню спасціг камерцыйны правал[21][22][23][24]. Аднак падчас канферэнцыі «EA Q3 2008 Earnings Conference Call» было заяўлена, што ва ўсім свеце прададзена больш 1 млн копій гульні ў фінансавым квартале[25][26]. На канец чэрвеня 2008 года было прададзена звыш 1,5 мільёнаў копій гульні па ўсім свеце[27].