Mundaneum | |
---|---|
![]() | |
Заснаваны | 22 чэрвеня 1993[1] |
Заснавальнік | Поль Атле і Анры Лафантэн |
Адкрыты | 1898 |
Месцазнаходжанне |
|
Дырэктар | Поль Атле |
mundaneum.org (фр.) mundaneum.org/nl (гал.) mundaneum.org/en (англ.) |
|
![]() |
Mundaneum — інфармацыйнае сховішча, званае таксама «горад ведаў», якое знаходзілася ў Бруселі. Было заснавана двума навукоўцамі, Полем Атле і Анры Лафантэнам, у 1920 годзе і праіснавала да 1934 года. Будынак, у якім размяшчаўся Mundaneum, атрымаў назву Сусветны палац (фр.: Palais Mondial). З 1998 года ў Монсе існуе прысвечаны яму музей. У наш час Mundaneum разглядаецца як адзін з папярэднікаў Інтэрнэту і лічыцца аб’ектам еўрапейскай культурнай спадчыны.
Распрацоўка Mundaneum была пачата ў 1895 годзе бельгійскімі навукоўцамі і юрыстамі Полем Атле і Анры Лафантэнам[2][3]. Абодва былі перакананыя ў тым, што веды могуць спрыяць міру. Мэтай Mundaneum было аб’яднанне ў адным месцы ўсіх ведаў аб свеце ва ўсіх яго формах (кнігі, плакаты, газеты з усяго свету і г. д.) у гіганцкай і інавацыйнай бібліяграфіі. Аднак, улічваючы маштабы задачы, распрацоўшчыкі павінны былі засяродзіцца на пэўных галінах і ў асноўным абмяжоўваліся міжнароднай дакументацыяй.
Праект стварэння «горада ведаў» (Mundaneum), прадстаўлены Атле і Лафантэнам, быў падтрыманы бельгійскім урадам, які разлічваў, што гэта падмацуе прэтэнзіі Бельгіі на тое, каб прыняць Лігу нацый у Бруселі. Пад праект былі выдзелены памяшканні і фінансаванне. У 1920 годзе Mundaneum быў размешчаны ў левым крыле палаца, які знаходзіцца ў брусельскім Парку пяцідзесяцігоддзя[4]. Атле спачатку назваў свой праект Palais Mondial — «Сусветны палац». Экспазіцыя складалася з шаснаццаці дыдактычных залаў, бібліяграфічнай картатэкі, якая змяшчала дванаццаць мільёнаў картак, а таксама музея прэсы, у якім захоўваліся 200 тыс. асобнікаў газет з усяго свету, выпушчаных у перыяд паміж 1895 і 1914 гадамі. Mundaneum утрымліваў фонды і шырокія калекцыі архіваў: Міжнародны музей прэсы, Універсальны іконаграфічны рэпертуар (плакаты, паштоўкі, фатаграфіі), Універсальны даведнік дакументацыі, Энцыклапедыю Universalis Mundaneum, якая складаецца са зборніка схем, канцэптуалізаваных Полем Атле, у тым ліку Mondothèque, асабістыя працы Анры Лафантэна і Поля Атле, тэматычныя зборнікі па фемінізму, пацыфізму і анархізму, а таксама архівы валанцёрскай групы «сябры Palais Mondial».
Былі наняты дадатковыя людзі, якія прыступілі да працы. Праз некаторы час інфармацыйныя рэсурсы Mundaneum дазволілі запусціць пошукавы сэрвіс, якім мог скарыстацца любы чалавек у свеце, адправіўшы запыт па пошце або тэлеграфам — нешта накшталт аналагавай пошукавай сістэмы. Запыты на розныя тэмы, ад бумерангаў да балгарскай фінансавай сістэмы, паліліся з усіх куткоў свету, і іх колькасць склала больш за 1500 у год.
Па меры развіцця праекта пачалі адчувацца складанасці з-за неабходнасці апрацоўкі велізарнага аб’ёму папер. Атле распачаў распрацоўку новых тэхналогій, якія дапамаглі б справіцца з інфармацыйнай перагрузкай, паклаўшы ў іх аснову свайго роду камп’ютар на аснове паперы, абсталяваны коламі і спіцамі, якія б рухалі дакументы па паверхні стала. Аднак праз некаторы час зразумеў, што лепш будзе зусім адмовіцца ад паперы. Паколькі у 1920-х гадах электроннага захоўвання інфармацыі яшчэ не існавала, Атле прыйшлося пачаць яго распрацоўку. Ён падрабязна апісаў магчымасць электроннага захоўвання інфармацыі ў кнізе «Monde» (1934), у якой ён выклаў сваё бачанне «механічнага калектыўнага мозгу», які б змяшчаў у сабе ўсю інфармацыю свету, даступную праз глабальную тэлекамунікацыйную сетку.
У 1934 годзе бельгійскі ўрад страціў цікавасць да праекту. Mundaneum прыйшлося перавесці ў меншае памяшканне, а праз некаторы час спыніць прыём запытаў на інфармацыю. Нямецкая акупацыя Бельгіі канчаткова разбурыла праект. Немцы расчысцілі ўчастак, на якім размяшчаўся Mundaneum, знішчыўшы тысячы скрынь з індэкснымі карткамі, каб вызваліць месца для выставы мастацтва Трэцяга рэйха. Інстытут Mundaneum ў Гаазе, які ствараецца аўстрыйскім філосафам і сацыёлагам Ота Нейратам у супрацоўніцтве з Полем Атле, быў таксама зачынены з-за эміграцыі Нейрата ў Англію падчас нямецкага ўварвання ў Нідэрланды.
Музей Mundaneum быў адкрыты ў 1998 г. у архіўным цэнтры бельгійскага горада Монс, дзякуючы шматгадовай працы па яго стварэнню. Пасля смерці Атле усё, што ацалела ад Mundaneum, было закінута ў адным з памяшканняў будынка анатамічнага тэатра Брусельскага вольнага ўніверсітэта. Прафесар Чыкагскага універсітэта Уорд Бойд Рэйвард (Warden Boyd Rayward), дысертацыя якога была прысвечана дзейнасці Поля Атле, знайшоў у архівах дакументы, якія дазволілі знайсці рэшткі «горада ведаў». Ён выявіў пакой, які нагадваў маўзалей, завалены кнігамі і гарамі папер, пакрытымі павуціннем. Праца Рэйварда дапамагла аднавіць цікавасць да працы Атле, што ў сваю чаргу прывяло да стварэння музея Mundaneum ў горадзе Монс (1993). Сёння адноўлены ў музеі Mundaneum прапануе зірнуць на Сетку, якой бы яна магла б быць: доўгія шэрагі высоўных скрынь з мільёнамі індэксных картак Атле, якія паказваюць на архіў у заднім пакоі, набітым кнігамі, плакатамі, фатаграфіямі, газетнымі выразкамі і ўсялякімі іншымі артэфактамі.
У 2012 годзе музей Mundaneum і Google абвясцілі аб сваім супрацоўніцтве ў прысутнасці прэм’ер-міністра Бельгіі Эліа Дзі Рупа, каб падкрэсліць ролю, якую граюць заснавальнікі Mundaneum, Поль Атле і Анры Лафантэн, у якасці піянераў сеткі Інтэрнэт[5].
Mundaneum, які атрымаў статус элемента еўрапейскай спадчыны, сёння называюць «папяровым інтэрнэтам» і «папяровым Гуглам»[6][7][8].
Сусветны горад — нерэалізаваны ўтапічны праект, задуманы Полем Атле ў 1910 годзе, які павінен быў, падобна сусветным выставам, аб’яднаць усе вядучыя інстытуты свету. Сусветны горад павінен быў распаўсюджваць веды для астатняга свету і будаваць свет і ўніверсальнае супрацоўніцтва. Ідэю Атле аб стварэнні ўтапічнага горада, прысвечанага міжнародным інстытутам, шмат у чым натхніла публікацыя ў 1913 годзе нарвежска-амерыканскім скульптарам Хендрыкам Крысціянам Андэрсанам і французскім архітэктарам Эрнэстам Хебрарам ўражлівай серыі планаў Beaux-Arts для Сусветнага цэнтра камунікацыі (1913).
Для дызайну свайго Сусветнага горада Атле супрацоўнічаў з некалькімі архітэктарамі. Такім чынам, была распрацавана цэлая серыя праектаў для Сусветнага Горада. Найбольш прадуманымі планамі былі: дызайн Мунданеума (1928) і Сусветнага горада (1929) Ле Карбюзье ў Жэневе побач з палацам Лігі Нацый, праект Віктара Буржуа ў Тэрвурэне (1931) побач з Музеем Конга, зноў Ле Карбюзье (у супрацоўніцтве з Huib Hoste) на левым беразе ў Антверпене (1933), Морыс Хейманс ў заліве Чэсапік паблізу ад Вашынгтона (1935) і Станіслас Ясінскі і Рафаэль Дэлвіл на левым беразе Антверпена (1941).
Планы горада, разлічанага на размяшчэнне мільёна жыхароў, рабіліся для месцаў у Бруселі, Антверпене, Жэневе (побач з Лігай Нацый), Парыжы і нават у Злучаных Штатах. З кожным змяненнем геаграфічнай і палітычнай сітуацый Поль Атле адаптаваў праект, спрабуючы павялічыць шанцы на яго рэалізацыю.
У гэтых розных праектах праграма Сусветнага Горада заставалася больш ці менш фіксаванай, уключаючы сусветны музей, сусветны універсітэт, сусветны бібліятэчны і дакументацыйны цэнтр, офісы для міжнародных асацыяцый, офісы і пасольствы для народаў, алімпійскі цэнтр, жылы раён і парк, звязаныя Авеню нацый.
Нягледзячы на падтрымку многіх прыхільнікаў праекта, сярод палітыкаў і іншых, гэты праект так і не быў здзейснены.