«Канстыт'юшан» | |
---|---|
USS Constitution | |
Служба: | ЗША |
Клас і тып судна | фрэгат |
Тып паруснага ўзбраення | прамое паруснае ўзбраенне |
Вытворца | Edmund Hartt’s[1] |
Спушчаны на ваду | 21 кастрычніка 1797[1], |
Асноўныя характарыстыкі | |
Водазмяшчэнне | 2200 тон |
Даўжыня паміж перпендыкулярамі | 62 м поўная |
Даўжыня па ватэрлініі | 53 м |
Вышыня |
фок-шчогла 60 м, грот-шчогла 67 м, бізань-шчогла 52,6 м |
Плошча паруснасці | 3968 м2 |
Хуткасць ходу | да 13 вузлоў |
Экіпаж | 450 чалавек, у тым ліку 55 марскіх пяхотнікаў і 30 юнгаў |
USS Constitution («Канстыт'юшан»), Old Ironsides («Жалезабетонная даўніна») — найстарэйшы парусны карабель у свеце з тых, што маюцца на плаву. Усё яшчэ лічыцца ў баявым складзе амерыканскага флоту.
Вядомы як «Old Ironsides» (Жалезабетонная даўніна»). Гэтая мянушка была дадзена караблю пасля таго, як падчас Англа-амерыканскай вайны 1812—1814 гг. было адзначана, што ядры брытанскага карабля HMS Guerriere адскоквалі ад яго бартоў, якія былі зроблены з віргінскага дуба[2].
Спушчаны на ваду 21 кастрычніка 1797 года. 23 ліпеня 1798 года здзейсніў першае вандраванне, у 1798—1800 гадах удзельнічаў у «Квазі-вайне» ЗША і Францыі, трыпалійскай вайне, англа-амерыканскай вайне 1812—1814 гадоў. У 1830 годзе карабель, 31-гадовы ўзрост якога выклікаў пашану для таго часу, ледзь было не адправілі на злом. Аднак апублікаваная ў гэты ж час прысвечаная караблю паэма «Old Ironsides» мела вялікі поспех у грамадзян, якія настаялі на захаванні фрэгата. Замест злому карабель прайшоў першы са сваіх шматлікіх аднаўленчых рамонтаў. Падчас амерыканскай грамадзянскай вайны «Канстыт'юшан» служыў у якасці навучальнага карабля, яго ўзбраенне было паменшана да 16 гармат і ён быў перакласіфіцыраваны ў карабель 2-га рангу. У 1878 годзе «Канстыт'юшан» прыняў удзел у Сусветнай выставе у Парыжы.
У 1900 годзе Кангрэс зацвердзіў праект захавання «Канстыт'юшан» у якасці музейнага карабля, аднак фінансаванне з дзяржбюджэту прадугледжана не было. У 1905 годзе было прапанавана вывесці карабель у мора і выкарыстоўваць у якасці мішэні для артылерыйскіх стрэльб, аднак магутная хваля пратэсту прывяла да таго, што ў 1906 годзе з бюджэту было вылучана $100 000 на ўтрыманне і бягучы рамонт карабля, а ў 1907 годзе ён быў адкрыты для наведвання.
1 снежня 1917 года карабель атрымаў імя «Old Constitution» для таго, каб імя «Constitution» мог атрымаць новы лінкар класа «Лексінгтан». 24 ліпеня 1925 года, пасля таго як у адпаведнасці з Вашынгтонскім марскім дагаворам 1923 года пабудову караблёў класа «Лексінгтан» адмянілі (а два недабудаваныя карпусы пераабсталёўвалі ў авіяносцы), «Канстыт'юшан» атрымаў назад сваё імя.
У перыяд з 1927 па 1930 год судна было на рамонце, пасля чаго яго адправілі на буксіры ў турнэ па ЗША, якое доўжылася 3 гады. За гэты час карабель наведаў каля 90 гарадоў, на борт фрэгата паднялося больш за 4,5 млн. чалавек.[3]
Паводле Класіфікацыі караблёў ВМС ЗША 1 верасня 1975 года, каб падкрэсліць яго ўнікальны гістарычны статус, USS Constitution (былы IX 21) быў перакласіфіцыраваны ў клас «none» (нулявы).
Апошні раз «Канстыт'юшан» праходзіў рамонт у 1995 годзе. У 1997 годзе ў гонар імпрэзы да 200-х угодак сваёй пабудовы фрэгат здзейсніў выхад у мора пад парусамі. Да гэтага карабель самастойна не выходзіў у мора на працягу 116 гадоў.
З 5 мая 2016 года судна было пастаўлена ў сухі док ваенна-марской верфі Бостана для рэстаўрацыі і рамонту. Агульная сума ўсіх прац склала каля 15 мільёнаў долараў ЗША. Абноўленае судна было спушчана назад на ваду 23 ліпеня 2017 года.
Сёння знаходзіцца ў гавані горада Бостан, штат Масачусец, па ім праводзяцца экскурсіі[4], з'яўляецца апошняй з шаснаццаці кропак на гістарычнай Сцежцы Волі. Карабель уключаны ў спіс найважнейшых выбітнасцей ЗША.