WiFi (вайфа́й[1]) — гандлёвая марка Wi-Fi Alliance, якая выкарыстоўваецца на сертыфікаваных прыладах бесправадных лакальных сетак (WLAN) на аснове шэрага стандартаў IEEE 802.11. З-за свайго падабенства пад тэрмінам звычайна маецца на ўвазе тэхналогія IEEE 802.11.[2][3]
Wi-Fi Alliance — міжнародная некамерцыйная асацыяцыя кампаній, якія прасоўваюць на рынак WLAN-тэхналогіі, і сертыфікуе прадукты вытворчасці, калі яны падыходзяць пад стандарты. Але не кожны прадукт праходзіць сертыфікацыю: звычайна з-за вельмі вялікіх коштаў на яе правядзенне. Таксама, не кожная прылада без лагатыпа Wi-Fi не з'яўляецца 802.11-сумяшчальнай.
Сёння IEEE 802.11-сумяшчальныя прылады ўбудоўваюць ў вялікую колькасць персанальных камп’ютараў, гульнявых кансоляў, смартфонаў, прынтараў і іншай перыферыі, а таксама фактычна ва ўсе лэптопы і надалоннікі.
Праз Wi-Fi кожная прылада з адпаведнай падтрымкай бесправадных сетак можа падключыцца да Інтэрнэту, калі гэта магчыма. Для гэтага прылада павінна знаходзіцца ў зоне пакрыцця сігналу бесправаднай сеткі. Адзін пункт доступу (г. зв. «Хот-спот») можа пакрыць дом ці паверх офіснага будынка, а сетка аб'яднаных паміж сабой пунктаў з перакрыццём сігналаў — шматпавярховы будынак ці нават частку горада, напрыклад, Лондан.[4]
Wi-Fi дазваляе абменьвацца звесткамі паміж двума кліентамі і без пунктаў доступу. Гэта завецца рэжымам ad hoc. У падобныя сеткі аб'ядноўваюцца гульнявыя міні-кансолі падчас мультыплэерных гульняў (напрыклад, Nintendo DS), а таксама лічбавыя камеры і іншая бытавая электроніка. Таксама была створаная спецыфікацыя Wi-Fi Direct, якая прасоўвае Wi-Fi Alliance для абмену файламі і большай бяспекі.[5]
У стандарце IEEE 802.11 акрэслены раздзел даступных частотаў на каналы для адначасовага дзеяння некалькіх розных бесправадных сетак (Wi-Fi Wireless LAN). Працоўная група стандарту распрацоўвае дакументацыю па дакладным размяшчэнні каналаў у дыяпазонах 2,4 ГГц, 3,6 ГГц і 4,9/5,0 ГГц.[6] Кожны дыяпазон раздзелены на некалькі каналаў. У кожнай краіне існуюць свае законы наконт выкарыстання пэўных частотаў і магутнасці радыяцыі. У ЗША, напрыклад, ліцэнзаваныя аператары аматарскага радыё могуць выкарыстоўваць нават большую магутнасць, напрыклад, для працы Wi-Fi на вялікія адлегласці.
У Беларусі з цягам часам з'явілася вялікая колькасць хот-спотаў Wi-Fi. Буйную сетку пакрыцця з платным доступам мае Белтэлекам.[7] Пункты доступу ёсць ва ўніверсітэтах, гатэлях, вакзалах і іншых аб'ектах амаль кожнага горада Беларусі. Іх колькасць за 2009 год павялічылася ў 3 разы, склаўшы 640 хот-спотаў (ва ўладанні Белтэлекама).
Хатняе выкарыстанне Wi-Fi абмяжоўваецца законамі Беларусі, дазваляецца выкарыстанне толькі ў межах памяшканняў. Але створаныя пэўныя паслабленні ў выдзяленні частотаў дыяпазону Wi-Fi.[8]