Ёнас Віляйшыс

Ёнас Віляйшыс
літ.: Jonas Vileišis
Нараджэнне 3 студзеня 1872(1872-01-03)
Смерць 1 чэрвеня 1942(1942-06-01) (70 гадоў)
Месца пахавання
Партыя
Адукацыя
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ёнас Віляйшыс (літ.: Jonas Vileišis; 3 студзеня 1872 года, Пасваліс — 1 чэрвеня 1942 года, Каўнас) — літоўскі дзяржаўны дзеяч, палітык, журналіст, юрыст, дыпламат, сябар Літоўскай Тарыбы, адзін з падпісантаў Акта аб незалежнасці Літвы 1918 года, мэр Каўнаса.

У 1892 годзе скончыў гімназію ў Шаўляі, затым два гады вывучаў фізіку і матэматыку ў Санкт-Пецярбургу, але ў выніку ў 1898 годзе скончыў там юрыдычны факультэт. У студэнцкія гады пісаў для газет «Звон» (літ.: Varpas») і «Селянін» (літ.: «Ūkininkas»). Уступіў у шэрагі сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы.

У 1902 годзе быў адным з заснавальнікаў Літоўскай дэмакратычнай партыі, адстойваў права на выкарыстанне літоўскай мовы на тэрыторыі Расійскай імперыі. Пасля зняцця забароны ў 1904 годзе заснаваў газету «Літоўскі селянін» (літ.: «Lietuvos Ūkininkas»). Пазней працаваў у «Віленскіх навінах» (літ.: «Vilniaus žinios»), а пасля яе закрыцця — у «Літоўскіх навінах» (літ.: «Lietuvos žinios).

Падчас Першай сусветнай вайны ўдзельнічаў у сацыяльнай дапамозе жыхарам Літвы, быў суарганізатарам літоўскіх школ на акупаваных Германіяй тэрыторыях. За палітычную дзейнасць быў арыштаваны і сядзеў у турме ў Лукішках, а рэшту вайны правёў у Берліне.

У 1917—1920 гадах удзельнічаў у працы Літоўскай Тарыбы. Выступіў супраць акта незалежнасці ад 11 снежня 1917 года, крытыкуючы дакумент за празмерныя сувязі будучай літоўскай дзяржавы з Германіяй. 26 студзеня 1918 года ён адмовіўся засядаць у Тарыбе на знак пратэсту супраць узурпацыі ёю права змяняць законы ў маладой рэспубліцы, але праз тры тыдні ўсе сябры Тарыбы прагаласавалі за падрыхтаваны ім праект акта — ён быў урачыста прыняты 16 лютага 1918 года. Затым разам з Юргісам Шаўлісам ён адправіўся ў Берлін, каб дамагчыся дыпламатычнага прызнання новай літоўскай дзяржавы.

У 1917—1922 гадах заставаўся членам Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, пазней (да 1929 года) — Літоўскай сялянскай партыі.

18 снежня 1918 года стаў міністрам унутраных спраў ва ўрадзе Літоўскай Рэспублікі (да сакавіка 1919 года). Быў міністрам фінансаў (чэрвень — кастрычнік 1919 года). Працаваў над увядзеннем новай валюты, але ягоныя праекты ў выніку не былі рэалізаваныя.

У 1919 годзе атрымаў пасаду дыпламатычнага прадстаўніка ў ЗША, дзе лабіяваў прызнанне Літвы дэ-юрэ і наладзіў кантакты з літоўскай эміграцыяй.

Быў абраны дэпутатам Сейма Літвы ў 1922 годзе, удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах у чэрвені, прайграў Аляксандрасу Стульгінскісу.

З 30 верасня 1921 года па 2 ліпеня 1931 года быў мэрам Каўнаса. Падчас яго кіраўніцтва горад перажыў значнае развіццё — плошча павялічылася з 18 да 40 км², было пабудавана больш за 2,5 тысячы новых дамоў, тры сучасныя масты праз Нёман, большасць вуліц была асветлена і выбрукавана, наладжана аўтобусная камунікацыя, а таксама планаваліся новыя вуліцы і плошчы. Таксама ўдалося пабудаваць даволі ўдалую каналізацыю і водаправод.

Таксама працаваў ва Універсітэце Вітаўта Вялікага. 1 студзеня 1933 года быў абраны ў раду пры прэзідэнце Літвы, дзе працаваў над падрыхтоўкай грамадзянскага кодэкса.

Памёр у чэрвені 1942 года ў шпіталі Чырвонага Крыжа ў Каўнасе, пахаваны ў сямейнай капліцы на могілках Роса ў Вільнюсе.