Імперскі горад (ням.: Reichsstadt) — у сярэдневяковай Германіі горад, падпарадкаваны непасрэдна імператару, гэта значыць грамадзяне горада (Burgerschaft) плацілі падаткі з даходаў не ў казну мясцовых зямельных феадалаў — князёў і герцагаў, а непасрэдна імператару. З XIII стагоддзя імперскія гарады, паводле выкупленых у кайзера прывілеяў (Reichsfreiheit), мелі шырокія правы самакіравання, амаль поўную палітычную самастойнасць.
Юрыдычна рабілі адрозненне паміж імперскімі гарадамі (ням.: Reichsstädte) і свабоднымі гарадамі (ням.: freie Städte). Свабодныя гарады раней кіраваліся князем-біскупам, але атрымалі незалежнасць ад яго ў канцы Сярэдневякоўя. Такімі гарадамі былі Базель (1000), Вормс (1074), Майнц (1244, адменена ў 1462), Страсбург (1272), Кёльн (1288) і Шпаер (1294). Хоць юрыдычныя дэталі з часам змяняліся, свабодныя гарады першапачаткова мелі больш правоў і прывілеяў, чым імперскія гарады. Свабодныя гарады павінны былі толькі падтрымліваць імператара ў крыжовых паходах і арганізаваць сваю ўласную абарону, у той час як імперскія гарады павінны былі таксама плаціць падаткі імператару і пастаўляць войскі для яго ваенных кампаній.
У XV стагоддзі свабодныя гарады разам з імперскімі гарадамі бралі ўдзел у рэйхстагах як саслоўе пад агульнай назвай «свабодныя і імперскія гарады» (ням.: Freie- und Reichsstädte), з часам у прастамоўі гэта формула ператварылася ў «свабодныя імперскія гарады». У рэйхстазе свабодныя і імперскія гарады складалі асобную палату — Савет імперскіх гарадоў (ням.: Reichsstädterat). Пры гэтым трэба памятаць, што адзін і той жа горад мог быць прадстаўлены ў Рэйхстазе як імперскі горад і як аднайменная дыяцэзія сваім біскупам. Напрыклад, Рэгенсбург быў прадстаўлены на рэйхстазе 1521 года імперскім князем каталіцкім біскупам Рэгенсбурга, імперскімі прэлатамі абатам кляштара Св. Эмерама і абатысамі кляштароў Нідэрмюнстэр і Обермюнстэр і імперскім горадам Рэгенсбург, муніцыпалітэт якога быў чыста лютэранскім.
Статус імперскага горада мог быць дадзены ці адняты, таму іх колькасць увесь час змянялася. Найбольшая колькасць склала 83 гарады (як свабодныя і імперскія на Вормскім рэйхстазе 1521 года зарэгістраваны 85 гарадоў, аднак некалькі запісаў няправільныя).
На 1800 год у Свяшчэннай Рымскай імперыі Германскай нацыі заставаўся 51 свабодны і імперскі горад:
|
Нідэрландскі горад Гронінген, які абвясціў сябе сябе свабодным імперскім горадам, ніколі афіцыйна не меў гэтага статусу.