Іржаўныя грыбы (Pucciniales ці Uredinales) — парадак ці клас базідыяльных грыбоў.
Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі, праз якія грыб паглынае пажыўныя рэчывы з клетак расліны-гаспадара, у большасці відаў мясцовы (на месцы пападання споры); зрэдку дыфузны (працінае ўсю расліну). Міцэлій і споры маюць кроплі алею аранжавага ці іржавага колеру (адсюль назва). Цыкл развіцця іржаўных грыбоў — чаргаванне гаплоіднай і дыплоіднай стадый. Маюць 5 тыпаў споранашэння. Адны віды маюць усе тыпы споранашэння (поўны цыкл развіцця), другія — толькі некаторыя (няпоўны цыкл). Пры развіцці на адной расліне ўсіх тыпаў споранашэння грыбы называюць аднагаспадаровымі, калі гаплоідная і дыплоідная стадыі на розных расліных — рознагаспадаровымі.
Выдзелена звыш 14 сямействаў, 7000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 400 відаў з 14 родаў: гімнаспарангій (Gymnosporangium), пукцынія (Puccinia), траншэлія (Tranzschelia), ураміцес (Uromyces), ахрапсора (Ochropsora), калеаспорый (Coleosporium), кранарцый (Cronartium), мелапсорый і інш.
Аблігатныя паразіты вышэйшых травяністых раслін, пераважна злакавых і бабовых. Маюць вялікую колькасць спецыялізаваных форм.
Узбуджальнікі іржы раслін. Іржаўныя грыбы ўтвараюць на пашкоджаных раслінах дробныя падушачкі споранашэння пераважна карычневага колеру, падобнага на колер іржавага жалеза, таму хвароба атрымала сваю назву.