Іспанія афіцыйна не ўдзельнічала ў Другой сусветнай вайне.
Нягледзячы на ідэалагічную блізкасць, у прыватнасці, антыкамунізм і антысаветызм дзяржаў восі, іспанскі дыктатар генерал Франсіска Франка быў супраць непасрэднага ўдзелу краіны ў вайне. Ва ўрадзе ў той час знаходзіліся як германафілы, так і англафілы. Калі пачалася вайна, міністрам замежных спраў быў англафіл Хуан Бейгбедэр-і-Ацьенса. Хуткае прасоўванне Германіі ў Еўропе прымусіла Франка замяніць яго на Рамона Серана Суньера, які лічыўся адным з галоўных прыхільнікаў далучэння Іспаніі да баявых дзеянняў. Пасля паражэнняў нацысцкай Германіі 1942 года на Усходнім фронце і ў Паўночнай Афрыцы Франка зноў змяніў курс, прызначыўшы міністрам Франсіска Гомеса-Хордана, які спачуваў брытанцам. Іншым уплывовым англафілам быў герцаг Альба, пасол Іспаніі ў Вялікабрытаніі.
У пачатку Другой сусветнай вайны Германія планавала захапіць брытанскі Гібралтар, які займаў стратэгічную пазіцыю над Гібралтарскім праліўвам, злучаючы Міжземнае мора з Атлантычным акіянам. Для гэтага Генштаб запланаваў на 1940—1941 год правядзенне аперацыі «Фелікс», падчас якой нямецкія войскі павінны былі штурмаваць Гібралтар з сушы, з тэрыторыі Іспаніі[1]. Афіцыйны Мадрыд адпрэчыў прапанову Гітлера захапіць брытанскае ўладанне[1][2][3]. Франка баяўся ўступаць у вайну на баку краін восі, разумеючы, што яго ўзброеныя сілы не змогуць абараніць Канарскія астравы і Іспанскае Марока ад брытанскага нападу[4]. Пазней іспанскі кіраўнік нават размясціў палявыя арміі ў Пірэнеях, баючыся магчымай нямецкай акупацыі Іберыйскага паўвострава.
Пры ўсім тым, у знак прызнання дапамогі, атрыманай ад Германія і Італіі падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, рэжым Франка аказваў ім матэрыяльную і ваенную падтрымку, у тым ліку дазволіўшы добраахвотнікам ваяваць супраць СССР.
У цэлым, добраахвотнікі з ліку іспанскіх грамадзян служылі ў абодвух бакоў, у значнай ступені адлюстроўваючы сваю пазіцыю ў мінулай грамадзянскай вайне: калі франкісты змагаліся за краіны восі, то рэспубліканцы далучыліся да антыгітлераўскай кааліцыі.