Відавы эпітэт Atalanta (грэчаская міфалогія) — Аталанта — гераіня Калідонскага палявання, дачка цара Аркадзіі, якая была выкармленая мядзведзіцай і вырасла ў лесе, яна бегала хутчэй за ўсіх людзей на Зямлі.
Даўжыня пярэдняга крыла 26-34,5 мм. Размах крылаў 50-65 мм. Крылы зверху чарнавата- або цёмна-бурыя. У вяршыні пярэдняга крыла вылучаецца невялікі зубец па знешнім краі. На пярэдніх крылах праз іх сярэдзіну папярок праходзіць чырвоная паласа-перавязь, а вышэй за яе — 3 буйныя і да 6 дробных белых плямаў.
На задніх крылах знешні край з шырокай чырвонай аблямоўкай, на якой 4-5 чорных метак і здвоеная блакітная плямка ў цёмным абадку ў анальным куце. Ніжні бок крылаў карычнявата-буры, з разнастайнымі чырванаватымі і белымі плямамі і шэрымі разводамі. Знізу на пярэдніх крылах паўтараецца малюнак верху, а задняе крыло карычняватае і мармурападобнае за кошт цёмных штрышкоў і звілін.
Самка адкладае па адным яйку на лісці кармавых раслін. У вусеняў падоўжная паласа на спінным баку цела адсутнічае, маюцца бакавыя жоўтыя палосы, жоўтыя кропкі і жаўтлявыя шыпы[1]. Вусені развіваюцца з мая па жнівень. Жывуць у згорнутым у трубку лісці кармавых раслін. Кукалка вольная і прымацоўваецца галавой уніз.
Лясныя ўзлескі, паляны, абочыны дарог, лугі, берагі рэк і г. д. Часта назіраецца ў антрапагенных біятопах. У гарах сустракаецца да нівальнага поясу (2500—2700 над узроўнем мора).
Паўночная Афрыка, астравы Атлантычнага акіяна, знешнетрапічная Еўразія, поўнач Амерыкі, Гватэмала, Гаіці. Від схільны дынамічным ваганняў колькасці і ў асобныя гады назіраецца ў вельмі вялікай колькасці. З'яўляецца актыўным мігрантам. Папуляцыі ў лясным поясе часткова, а на поўначы арэала цалкам папаўняюцца пералётнымі асобінамі з поўдня.