Аксамітная рэвалюцыя Пяшчотная рэвалюцыя | |
---|---|
чэшск.: Sametová revoluce славацк.: Nežná revolúcia | |
| |
Месца | Чэхаславакія |
Дата | 17 лістапада—29 снежня 1989 года |
Прычына | Незадаволенасць палітыкай «Нармалізацыі» |
Асноўная мэта | Адхіленне КПЧ ад улады |
Вынік | Ліквідацыя сацыялістычнага ладу, распад ЧССР |
Рухаючыя сілы |
Грамадзянскі форум Грамадскасць супраць гвалту |
Колькасць удзельнікаў | ад 10 тысяч (17 лістапада 1989, Прага) да 300 тысяч (26 лістапада 1989, Прага) |
Праціўнікі | Народная міліцыя, Корпус нацыянальнай бяспекі (17 лістапада 1989) |
Загінула | 0 |
Паранена | больш за 500 (17 лістапада 1989) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аксамі́тная рэвалю́цыя (чэшск.: sametová revoluce, славацк.: nežná revolúcia) — падзеі, якія адбываліся ў Чэхаславакіі ў лістападзе-снежні 1989 года і прывялі да адносна мірнага падзення камуністычнага рэжыму і ўсталявання дэмакратыі.
Пачаткам сталася дэманстрацыя студэнтаў у Браціславе (Славакія) 16 лістапада 1989 года, а потым, на наступны дзень, дэманстрацыя пратэсту студэнтаў у Празе (Чэхія). Дэманстрацыя ў Браціславе прайшла мірна, а ў Празе паліцыя жорстка разагнала студэнтаў, якія са свечкамі і вянкамі выйшлі ўспомніць пра сваіх папярэднікаў, і ў прыватнасці студэнта Яна Оплетала, які быў у 1939 годзе пакараны нацыстамі.
На наступны дзень пражскія тэатры абвясцілі, што здымаюць усе спектаклі і аддаюць свае сцэны для публічных дыскусій. Прадстаўнікі чэшскай апазіцыі, царквы, студэнцтва, сабраўшыся ў адным з тэатраў, абвясцілі пра стварэнне Грамадзянскага форуму і запатрабавалі зменаў ва ўладзе, свабоды слова і сходаў, вызвалення палітычных вязняў.
20 лістапада ідэі і патрабаванні Форуму ўжо прагучалі на масавай дэманстрацыі на Вацлаўскай плошчы, дзе сабралася 150 тысяч чалавек.
Камуністычная партыя Чэхаславакіі тэрмінова змяніла сваіх кіраўнікоў Мілаша Якеша — на Карла Урбанка. Улады пайшлі на дыялог з прадстаўнікамі Форуму, а прэзідэнт Густаў Гусак даў загад вызваліць вядомых палітвязняў.
Дзве дэманстрацыі студэнтаў атрымалі нечакана вялікі рэзананс. Студэнты спантанна вынеслі на вуліцы тыя патрабаванні дэмакратычных свабод, якія даўно выспелі ў грамадстве, на якія дзесяцігоддзямі перад тым працавалі шматлікія грамадзянскія ініцыятывы, такія як «Хартыя-77» і яе пазнейшая спадкаемца — ініцыятыва «Некалькі сказаў».
27 лістапада прыйшла чарга наступнага ўсеагульнага чыну — 2-гадзіннай агульнай забастоўкі. Праз дзень надзвычайны сход Федэральнага парламента Чэхаславакіі выканаў яшчэ адно народнае патрабаванне — з Канстытуцыі былі прыбраныя артыкулы пра кіруючую ролю камуністычнай партыі і марксізм-ленінізм як дзяржаўную ідэалогію.
Крызіс самой камуністычнай партыі быў настолькі глыбокі, што ўлада фактычна выпала з яе рук. Дысідэнты, якія першапачатковы разлічвалі на дыялог з уладай і змякчэнне палітычнага рэжыму, фактычна атрымалі саму ўладу.
29 снежня 1989 года дэпутаты Федэральнага сходу Чэхаславакіі абралі дысідэнта, аднаго з заснавальнікаў Грамадзянскага форуму Вацлава Гавела новым прэзідэнтам. Гэты дзень лічыцца днём перамогі «аксамітнай рэвалюцыі», але чэхі традыцыйна адзначаюць угодкі «аксамітнай рэвалюцыі» 17 лістапада, дзень, калі адбылася першая дэманстрацыя ў Празе.