Аляксандр Мікалаевіч Бенуа | |
---|---|
руск.: Александр Николаевич Бенуа | |
Імя пры нараджэнні | руск.: Александр Николаевич Бенуа |
Дата нараджэння | 21 красавіка (3 мая) 1870[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 9 лютага 1960[4][5][…] (89 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Мікалай Лявонцьевіч Бенуа[7] |
Маці | Camilla Cavos[d] |
Жонка | Anna Karlovna Benois[d] |
Дзеці | Nikolaï Alexandrovitch Benois[d] і Hélène Clément-Benois[d] |
Род дзейнасці | мастак, пісьменнік, харэограф, мастацтвазнавец, лібрэтыст, рысавальнік, сцэнограф, экслібрысіст, мастацкі крытык, дызайнер |
Вучоба |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Алякса́ндр Мікала́евіч Бенуа́ (фр.: Alexandre Benois; 21 красавіка [3 мая] 1870, Санкт-Пецярбург — 9 лютага 1960, Парыж) — рускі мастак, гісторык мастацтва, мастацкі крытык, заснавальнік і галоўны ідэолаг аб’яднання «Свет мастацтва».
Нарадзіўся 21 красавіка (3 мая) 1870 года ў Санкт-Пецярбургу, у сям’і архітэктара Мікалая Лявонцьевіча Бенуа і яго жонкі Камілы, дачкі архітэктара Альберта Каваса. Пачатковую адукацыю атрымаў у гімназіі Чалавекалюбівага таварыства. У 1885—1890 гадах вучыўся ў прыватнай гімназіі Карла Мая, дзе пазнаёміўся з будучымі паплечнікамі па «Свету мастацтва» Дзмітрыем Філосафавым, Вальтэрам Нувелем і Канстанцінам Сомавым[10].
Некаторы час у 1887 годзе быў вольным слухачом Акадэміі мастацтваў, але не закончыў яе, бо лічыў, што мастаком можна стаць толькі бесперапыннай працай. Таксама займаўся выяўленчым мастацтвам самастойна і пад кіраўніцтвам старэйшага брата Альберта. У 1894 годзе скончыў юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага універсітэта.
Упершыню прадставіў свае працы на выставе і прыцягнуў да сябе ўвагу спецыялістаў у 1893 годзе. У 1894 годзе пачаў сваю кар’еру тэарэтыка і гісторыка мастацтва, напісаўшы главу аб рускіх мастаках для нямецкага зборніка «Гісторыя жывапісу XIX стагоддзя». У канцы 1896 года разам з сябрамі ўпершыню прыехаў у Францыю, дзе напісаў «Версальскія серыі» — карціны, якія адлюстроўвалі прагулянкі па парку «караля-сонца» Людовіка XIV. У 1897 годзе Бенуа набыў вядомасць дзякуючы серыі акварэлей «Апошнія прагулянкі Людовіка XIV», напісанай пад уражаннем ад знаходжання ў Парыжы і Версалі. Тры карціны з гэтай выставы былі набытыя Паўлам Траццяковым. У 1896—1898 і 1905—1907 гадах працаваў у Францыі.
Стаў адным з арганізатараў і ідэолагаў мастацкага аб’яднання «Свет мастацтва (Мир искусства)», заснаваў аднайменны журнал. Разам са Сяргеем Дзягілевым, Канстанцінам Сомавым і іншымі «мирискусниками» не прымаў тэндэнцыйнасць перасоўнікаў і прапагандаваў новае рускае і заходнееўрапейскае мастацтва. Аб’яднанне прыцягнула ўвагу да прыкладнога мастацтва, архітэктуры, народных промыслаў, падняло аўтарытэт кніжных ілюстрацый, графікі, афарміцельскага мастацтва. Пропагандуючы старое рускае мастацтва і заходнееўрапейскіх майстроў жывапісу, у 1901 годзе пачаў выдаваць часопісы «Старыя гады» і «Мастацкія скарбы Расіі».[10] Бенуа — адзін са самых значных мастацкіх крытыкаў пачатку XX стагоддзя, увёў ва ўжытак тэрміны «авангард» і «рускі сезанізм».[11]
У 1903 годзе Бенуа стварыў адзін са шэдэўраў айчыннай кніжнай графікі — серыю ілюстрацый да паэмы Аляксандра Пушкіна «Медны коннік». Аднак яны былі адрынутыя як «дэкадэнцкія». Ілюстрацыі набыў С. Дзягілеў і надрукаваў іх разам з паэмай у часопісе «Свет мастацтва» (1904. № 1). Малюнкі Бенуа «зрабілі фурор і былі прызнаны усімі знаўцамі кнігі як ідэальная графічная работа». У 1905 годзе мастак працягнуў работу над ілюстрацыямі — для выдання, выпушчанага ў 1912 годзе Санкт-Петцярбургскім таварыствам пісьменнасці, а затым і ў 1916 году — для Абшчыны св. Яўгеніі. У 1917-м кнігу набралі ў друкарні Р. Р. Голіке і А. І. Вільбарга, але прадпрыемства гэтае было нацыяналізіравана, і кніга ўбачыла святло толькі ў 1923 году — пад маркай Камітэта папулярызацыі мастацкіх выданняў. Друкавалася яна ў Дзяржаўнай друкарні ім. Івана Фёдорова і пры садзейнічанні Петраградскага аддзялення Госіздата. У кнігу ўвайшло 37 малюнкаў Бенуа.
У 1904 году выйшла ў свет «Азбука ў карцінках» (1904), ледзьве ці не адзіная яго буйная праца для дзяцей. Мастак працаваў над ёй каля года, але ствараецца ўражанне, што ўсе ілюстрацыі зроблены «за адзін прысест» і што працэс малявання суправаджаўся гульнямі і размовамі з маленькім сынам Колей, пасля вядомым тэатральным мастаком.
«Азбука» атрымала цэнзурны дазвол 24 кастрычніка 1904 года, вытворчы цыкл па яе выданню заняў прыкладна паўгады. Па некаторых звестках, 34 хромалітаграфіі з золатам і срэбрам былі надрукаваны ў супрацоўніцтве з друкарняй І. Кадушына. На кнігу быў усталяваны высокі рознічны кошт — 3 рублі. Тыраж склаў 2500 экзэмпляраў.
У 1908—1911 гадах — Бенуа стаў мастацкім кіраўніком «Рускіх сезонаў» С. Дзягілева, якія праслаўлялі за мяжою расійскае балетнае мастацтва.
У 1911 году выходзіць выданне знакамітай аповесці А. Пушкіна «Пікавая дама» з ілюстрацыямі Бенуа.
Мастак падрабязна, прадумана, з любоўю аднаўляе гарадскую архітэктуру, касцюмы, побыт пушкінскага часу. У ілюстрацыях прыметны і ўплыў тэатру.
Хоць пасля крытыкі не раз адзначалі недахопы ілюстрацый да «Пікавай дамы», графічны выгляд якіх уяўляўся ім задужа пышным, карцінным і некалькі цяжкавагавым для «аголенага хараства» пушкінскага тэксту", тым не менш выхад кнігі стаў значнай падзеяй рускай мастацкага жыцця пачатку XX стагоддзя, а сучаснікі Бенуа ўбачылі ў ёй жывое ўвасабленне духу артыстызму.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Бенуа прымаў дзейсны ўдзел у рабоце розных арганізацый, звязаных з аховай помнікаў мастацтва і даўніны.
У 1919 годзе Бенуа узначаліў карцінную галерэю Эрмітажа, выдаў яе новы каталог. Працягваў работу як кніжны і тэатральны мастак і рэжысёр, у прыватнасці, працаваў над пастаноўкай і афармленнем спектакляў петраградскага Вялікага драматычнага тэатра. Апошняй работай Бенуа у тэатрах савецкай Расіі стала афармленне спектакля «Вяселле Фігаро» у БДТ.[10]
У 1922 годзе выйшла найбуйнейшая графічная работа Бенуа за гады рэвалюцыі — альбом «Версаль», дзе акварэлі мастака суправаджаліся яго ж тэкстам. У выданне уключаныя 26 акварэляў мастака; апроч гэтага, уступны артыкул і спіс малюнкаў суправаджаюць застаўкі і канцоўкі — яны надрукаваныя ў тэхніцы цынкаграфіі. Бенуа аформіў таксама тытульны ліст з застаўкай алегарычнага зместу і дэвізам Людовіка XIV «Nec pluribus impar» («Не саступаючы мноству») і ілюстраваную вокладку.
Версаль быў адной любімых тэмаў мастака. У аснове дадзенай працы — шматлікія натурныя назіранні: яшчэ ў кастрычніку 1896 года Бенуа здзейсніў сваю першую паездку ў Парыж, дзе замаляваў віды Версаля, якія паклалі пачатак яго знакамітым версальскім серыям.
Версаль для Бенуа — увасабленне гарманічнай лучнасці чалавека, прыроды і мастацтва. У артыкуле напачатку альбома, ён фармуліруе гэтую важную для яго думку: «…Версаль — не ода каралеўскай улады, а паэма жыцця, паэма ўлюблёнага ў прыроду чалавецтва, якое пануе над прыродай… манументальны гімн мужнай сіле, натхняльнаму жаночаму хараству, аб’яднаным чалавечым высілкам для агульных мэтаў».[12]
У 1925 годзе прыняў удзел у Міжнароднай выстаўцы сучасных дэкаратыўных і прамысловых мастацтваў у Парыжы.
У 1926 году пакінуў СССР. Жыў у Парыжы, дзе працаваў над эскізамі тэатральных дэкарацый і касцюмаў. Удзельнічаў у балетнай антрэпрызе С. Дзягілева «Ballets Russes» як мастак і аўтар-пастаноўшчык спектакляў. У эміграцыі шмат працаваў у Мілане у оперным тэатры Ла Скала.
У гэты перыяд ён стварыў серыю відаў Пецярбурга і яго прыгарадаў пад агульнай назвай «Успаміны». Ілюстраваў кнігі рускіх і французскіх аўтараў — «Пакуты маладога Вертэра» («Les souffrances du jeune Werther») А. Моруа (1926), «Урокі любві ў парку» («La leçon d’amour dans un parc»), 1927, «Грыгоры Арлоў» А. Папова (1946). У 1927 г. шмат працаваў над цыклам акварэляў да рамана А. де Рэнье «Грэшніца» («La pécheresse»). У 1945 году стварыў сюіту са сарака чатырох акварэлей да аповесці А. Пушкіна «Капітанская дачка». На жаль, гэтыя апошнія кнігі гэтак і не выйшлі ў свет. У цэлым кніжных прац парыжскага перыяду у Бенуа не гэтак шмат і яны не такія яркія, як у дарэвалюцыйныя гады.
У апошнія гады жыцця мастак працаваў над мемуарамі «Мае ўспаміны», на старонках якіх аднавіў атмасферу духоўных і творчых шуканняў Сярэбранага веку. Не менш значным было і выданне «Аляксандр Бенуа разважае… Артыкулы і лісты 1917—1960 гг.». Бенуа памёр 9 лютага 1960 года ў Парыжы. Пахаваны на могілках Баціньёль у Парыжы.
Паходзіў з мастацкай дынастыі Бенуа: сын Мікалая Бенуа, брат Лявонція і Альберта Бенуа і дваюрадны брат Юлія Бенуа.
Ажаніўся ў 1894 годзе з дачкой музыканта і капельмайстра Карла Іванавіча Кінда, Ганнай Карлаўнай (1869—1952), з якой быў знаёмы з 1876 года (з моманту шлюбу старэйшага брата Альберта Бенуа са старэйшай сястрой Ганны — Марыяй Кінд)[13].