Аляксандр Мікалаевіч Сяроў | |
---|---|
руск.: Александр Николаевич Серов | |
![]() | |
Асноўная інфармацыя | |
Дата нараджэння | 23 студзеня 1820[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 лютага 1871[1][2][…] (51 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Краіна | |
Бацька | Мікалай Іванавіч Сяроў[d] |
Маці | Anna Hablitz[d] |
Жонка | Валянціна Сямёнаўна Сярова[d] |
Дзеці | Валянцін Аляксандравіч Сяроў |
Альма-матар | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | кампазітар, музычны крытык, юрыст, музычны педагог |
Жанры | опера |
![]() |
Аляксандр Мікалаевіч Сяро́ў[4] (руск.: Александр Николаевич Серов; 11 (23) студзеня 1820 — 20 студзеня (1 лютага) 1871) — рускі кампазітар і музычны крытык. Бацька мастака Валянціна Сярова.
Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і чыноўніка. У дзіцячым узросце вучыўся музыцы ў піяністкі А. Р. Жабялёвай[5]. У канцы 1827 года Аляксандр Сяроў быў змешчаны прыходзячым вучнем у пансіён, потым вучыўся ў Першай Санкт-Пецярбургскай класічнай гімназіі і ў 1835 годзе перавёўся ў Імператарскае вучылішча правазнаўства[5]. Вучылішча скончыў у 1840 годзе. У час вучобы зблізіўся з У. В. Стасавым. У 1840 годзе прыняты чыноўнікам IX класа ў канцылярыю крымінальнага дэпартамента Сената[5]. У 1845 годзе займаў пасаду сакратара 4-га дэпартамента Сената[6]. У кастрычніку 1845 года А. М. Сяроў атрымаў прызначэнне ў Сімферопаль. Займаў пасаду памочніка старшыні Таўрычаскай крымінальнай палаты. У 1848 годзе пакінуў службу ў Сімферопалі і з’ехаў у Санкт-Пецярбург з надзеяй уладкавацца на працу ў іншым ведамстве[5]. Матэрыяльная незабяспечанасць і патрабаванні бацькі прымусілі Сярова заняць пасаду таварыша старшыні суда ў Пскове[5]. Праз два гады ён зноў пакінуў службу і вярнуўся ў Санкт-Пецярбург[5], працаваў у 1855—1869 гадах у Міністэрстве юстыцыі[6], Міністэрстве ўнутраных спраў, цэнзарам замежнай карэспандэнцыі на Санкт-Пецярбургскім паштамце. Са службы быў звольнены ў чыне правадзейнага стацкага саветніка[6].
У 1851 годзе А. М. Сяроў пачаў кар’еру музычнага крытыка, друкаваўся ў часопісах «Современник», «Сын отечества», «Библиотека для чтения», «Пантеон». У 1856—1860 гадах фельетаніст у часопісе «Музыкальный и театральный вестник». У 1867—1868 гадах разам з жонкай В. С. Сяровай выдаваў часопіс «Музыка и театр», да 1880 года — хранікёр часопіса «Journal de St. Pétersbourg»[6]. У 1858 і 1859 гадах наведаў Ф. Ліста ў Веймары, упершыню наведаў пастаноўкі опер Р. Вагнера і ў Цюрыху пазнаёміўся з ім асабіста[6].
У 1868 годзе А. Сяроў прачытаў цыкл лекцый у Маскве, а ў 1870 годзе прысутнічаў дэлегатам ад Рускага музычнага таварыства ў Вене на ўрачыстасці з нагоды стагоддзя з дня нараджэння Л. Бетховена.
Памёр Аляксандр Мікалаевіч Сяроў у Санкт-Пецярбургу 1 лютага 1871 года пасля цяжкай хваробы. Пахаваны на могілках Аляксандра-Неўскай лаўры[5].
А. М. Сяроў шмат займаўся музыкай, іграў на фартэпіяна, віяланчэлі і іншых інструментах. Самастойна авалодаў кампазіцыяй, вывучаў філасофію, мастацкую і музычную літаратуру. Найбольш вядомы як оперны кампазітар. Першыя яго кампазітарскія працы адносяцца да 1840-х гадоў (няскончаная опера «Мельнічыха з Марлі» і іншыя)[7]. Выступаў за рэалізм, пашырэнне опернай тэматыкі, асваенне новых жанраў (у тым ліку, гісторыка-легендарнай і народна-бытавой оперы), вылучаўся веданнем музычнай драматургіі, уменнем спалучаць музыку са сцэнічным дзействам. Музыку разглядаў як асаблівую паэтычную мову, здольную адлюстроўваць разнастайнае кола пачуццяў, ідэй і ўяўленняў.
А. М. Сярову належаць оперы «Юдзіф» (на біблейскі сюжэт, 1863, пастаўлена ў Марыінскім тэатры), «Рагнеда» (на сюжэт з рускай гісторыі, 1865, Марыінскі тэатр), «Варожая сіла» (па п’есе А. М. Астроўскага «Не так жыві, як хочацца», завершана В. Сяровай і М. Салаўёвым і пастаўлена ў 1871 годзе[4] ўжо пасля смерці кампазітара ў Марыінскім тэатры[7]). Таксама напісаў дзве кантаты для салістаў, хору і аркестра, творы для аркестра, камерна-інструментальныя ансамблі, сімфоніі, санаты, п’есы для фартэпіяна, рамансы, апрацоўкі народных песень, музыка для спектакляў і інш.
А. М. Сяроў быў адным з заснавальнікаў рускай музычнай крытыкі. Першыя крытычныя матэрыялы (шэраг аглядаў музычна-тэатральнага і музычнага жыцця Санкт-Пецярбурга) апублікаваў у часопісе «Современник» у 1851 годзе. Сярод літаратурна-крытычных прац А. М. Сярова «Опыт технической критики над музыкою М. И. Глинки» (1859), «Тематизм увертюры к опере „Леонора“» (1861), «Девятая симфония Бетховена, её склад и смысл» (1868) і іншыя; працы пра творчасць А. Даргамыжскага, Р. Вагнера, Л. Бетховена, В. А. Моцарта і іншых кампазітараў. Крытычным працам А. М. Сярова ўласцівы шчырасць меркаванняў, літаратурны тэмперамент, вастрыня і палемічнасць[7].