Амбразіянская бібліятэка, Бібліятэка Амбразіяна (італ.: Biblioteca Ambrosiana) — бібліятэка ў Мілане, заснаваная кардыналам і архібіскупам Федэрыка Барамеа. Названа па імі бацькі царквы Святога Амвросія Медыяланскага, біскупа і заступніка Мілана.
Будаўніцтва пачалося ў 1603 годзе, бібліятэка была адкрыта для публікі 8 снежня 1609 года (пасля Бадліянскай бібліятэкі, якая адкрылася ў Оксфардзе ў 1602 годзе, гэта другая публічная бібліятэка Еўропы). Найстаражытнейшыя рукапісы былі перавезены ў Мілан з правінцыйнага манастыра св. Калумбана. Пры бібліятэцы была адкрыта друкарня, тут размяшчалася таксама школа класічных моў. Акрамя таго, у бібліятэку ўвайшлі Акадэмія і Пінакатэка, заснаваныя тым жа Федэрыка Барамеа.
Падчас Другой сусветнай вайны будынак бібліятэкі быў пашкоджаны, адноўлены ў 1952 годзе, новыя рэстаўрацыйныя працы прайшлі ў 1990—1997 гадах.
У бібліятэцы захоўваюцца 12 рукапісаў Леанарда да Вінчы, 12 тысяч малюнкаў еўрапейскіх мастакоў XIV—XIX стагоддзяў, ілюмінаванае выданне «Іліяды» (Ilia Picta, V ст.), Вергілій з ілюстрацыямі Сімонэ Марціні і маргіналіямі Петраркі, шматлікія іншыя каштоўнасці культуры.