Амчытка | |
---|---|
англ. Amchitka | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 308,6 км² |
Насельніцтва |
|
Размяшчэнне | |
51°22′57″ пн. ш. 179°15′14″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Амчытка (англ.: Amchitka) — востраў у групе Алеуцкіх астравоў. Уваходзіць у склад амерыканскага штата Аляска. Плошча — 308,6 км². У 1966—1971 гг. тут адбываліся выпрабаванні ядзернай зброі. У нашы дні ненаселены.
Амчытка — найбуйнейшы востраў Пацучыных астравоў у Алеуцкім архіпелагу. Месціцца за 2985 км на захад ад Джуна, сталіцы Аляскі. Выцягнуты з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 63 км. Найбольшая шырыня на паўднёвым усходзе — 12,5 км, у цэнтральнай частцы — каля 4 км.
Мае вулканічнае паходжанне. Паверхня складаецца з граніту, базальту і туфу, асадкавых парод. Апошнія былі ўтвораны ў выніку працэсу выветрывання і разбурэння старажытных гор падчас ледавіковага перыяда. На паўночным захадзе ўзвышаецца града пагоркаў да 378 м. Паўднёвы ўсход уяўляе сабой балоцістую нізіну. Астатняя частка вострава занята плато, скаламі і вузкай паласой пляжа. На востраве шмат невялікіх азёр.
Клімат мяккі вільготны, вызначаны сталымі вятрамі. Дзённыя тэмпературы на працягу года вагаюцца ад −9,4 °C да +18,3 °C.
Для Амчыткі характэрны кіслыя тарфяныя або друзлыя глебы. Флора прадстаўлена 199 відамі раслін, пераважна травамі. Шырока прадстаўлены асаковыя, метлюжковыя, вярбовыя, скрыпнёвыя. Фаўна вызначаецца вялікай колькасцю марскіх птушак. Сустракаюцца інтрадуцыраваныя курапаткі, пацукі, лісы.
Прырода вострава моцна пацярпела ад чалавечай дзейнасці ўжо ў старажытнасці пасля прыходу алеутаў, калі значна скарацілася колькасць марскіх звяроў. Аднак найбольшую шкоду нанеслі выпрабаванні ядзернай зброі. Хаця літаральная зона Амчыткі чыстая, на паверхні вострава захаваліся зоны, забруджаныя таксічнымі рэчывамі і радыяцыйнымі ізатопамі. У нашы дні Амчытка — частка Аляскінскага марскога запаведніка.
Востраў Амчытка быў населены продкамі алеутаў 2,5 тысячы гадоў таму. Іх асноўнымі заняткамі былі рыбалоўства і паляванне на ластаногіх. Археалагічныя раскопкі паказалі, што рост насельніцтва ў старажытнасці ствараў моцны экалагічны ўціск на мясцовую прыроду. Археолагамі былі выяўлены рэшткі 60 паселішчаў, а таксама цэльны шкілет тысячагадовай даўнасці. У пісьмовых запісах XVIII ст. узгадвалася каля 40 алеуцкіх вёсак. Такім чынам, да кантактаў з еўрапейцамі Амчытка з’яўлялася адным з найбольш шчыльна населеных Алеуцкіх астравоў.
У 1741 г. Амчытка была адкрыта экспедыцыяй В. Берынга. Тут з’явіліся рускія прамыслоўцы, якія здабывалі футра калана і гандлявалі з абарыгенамі. У 1783 г. ля берагоў пацярпела крушэнне японскае судна «Сінсё мару» на чале з капітанам Дайкокуя Кадаю. 15 японцаў былі вымушаны болей за 3 гады правесці на востраве і быць пасрэднікамі паміж прамыслоўцамі і алеутамі. 7 з іх памерлі, а астатнія здолелі пакінуць Амчытку на самаробным судне. Пасля вяртання выжылыя японцы перадалі звесткі аб жорсткай эксплуатацыі тубыльцаў з боку прамыслоўцаў, забойствах алеутах і алеуцкім паўстанні 1784 г. Калі звесткі дайшлі да адказных асоб, вінаватыя ў забойствах алеутаў былі пакараны.
У 1799 г. урад Расійскай імперыі перадаў правы на асваенне Алеуцкіх астравоў Руска-амерыканскай кампаніі. У сувязі са скарачэннем насельніцтва ў 1812 г. на Амчытку перасялілі выхадцаў з вострава Кыска. У 1832 г. рашэннем кампаніі алеуты былі выдалены з Амчыткі на Ату.
У 1867 г. Амчытка была перададзена ў валоданне ЗША. У 1913 г. яна была абвешчана часткай запаведніка. У 1943 г. востраў Амчытка выкарыстоўваўся амерыканскім камандаваннем для бамбавання вострава Кыска, захопленага японцамі. Тут была пабудавана ваенная авіябаза, зачыненая толькі ў 1949 г. У 1959—1993 гг. ВПС ЗША ўтрымлівалі на востраве частку сваёй сістэмы сувязі.
Міністэрства абароны ЗША з 1950 г. разглядала Амчытку як магчымы палігон для выпрабаванняў ядзернай зброі. Выбар тлумачылі мінімальнымі адмоўнымі наступствамі для навакольнага асяродзя, паколькі востраў бязлюдны. У 1966 г. былі праведзены першыя падземныя выпрабаванні, якія прывялі да прасочвання радыеактыўных рэчываў ва ўнутраныя прэсныя воды. Таксама было выяўлена павелічэнне колькасці радыеактыўных рэчываў у арганізмах жыхароў вострава Адак. Але даклад амерыканскіх вучоных, зроблены праз 3 месяцы пасля выпрабаванняў, быў засакрэчаны.
У 1969 г. было арганізавана паўторнае падземнае выпрабаванне зарада ў 1 мегатону для вывучэння ўздзеяння выбуху на літасферу. Выбух выклікаў серыю невялікіх землятрусаў і некалькі масіўных апоўзняў, вада з рэк і азёр паднялася ў паветра болей, чым на 15 м, а навакольнае мора пакрылася пенай. Звесткі пра выбух на востраве ўскалыхнулі амерыканскае грамадства, прывялі да судовых іскаў і аб’яднання грамадскіх сіл супраць ядзернай зброі. У выніку барацьба супраць выпрабаванняў прывяла да стварэння вядомай прыродаахоўнай арганізацыі «Грынпіс». Тым не меней, у 1971 г. адбылося трэцяе выпрабаванне зарада ў 5 мегатон. Яно выклікала лакальны землятрус і апоўзні на плошчы 3 300 м². Мяркуецца, што шэраг далейшых тэктанічных зрухаў на пэўнай дыстанцыі ад Амчыткі былі водгукам гэтага выбуху.
У 1973 г. было вырашана спыніць далейшыя ядзерныя выпрабаванні. Маніторынг 1996 г., арганізаваны «Грынпіс», выявіў забруджванне прэсных вадаёмаў і навакольных вод Берынгава мора. У 2001 г. дэпартамент энергетыкі ЗША праводзіў мерапрыемствы па стабілізацыі грунтаў і ачыстцы прэсных вод.