Аналы Ульстэра (Ольстэра) (ірл.: Annála Uladh, англ.: Annals of Ulster) — збор сярэдневяковых ірландскіх хронік (аналаў), якія ахопліваюць перыяд з 431 да 1540 года. Аналы напісаны часткова на ірландскай мове з дадаткамі на латыні. Аналы Ульстэра — найбольш поўная версія ірландскіх аналаў і з'яўляюцца каштоўным дакументам як для гісторыкаў, так і для лінгвістаў, якія вывучаюць развіццё ірландскай мовы, паколькі ў іх інфармацыя была даслоўна скапіравана з больш ранніх крыніц.
Запісы да 1489 года былі створаны ў XVI стагоддзі пісцом Руайры О'Луінін (пам. 1528). Пазней іншымі пісцамі — Руайры О'Касаідэ (пам. 1541) і Матам О'Луінінам (пам. 1588) — аналы былі даведзены да 1540 года. У наш час існуе некалькі манускрыптаў з тэкстам аналаў, найбольш важным з іх з'яўляецца манускрыпт, які захоўваецца ў Трыніці Каледжы ў Дубліне[1]. Акрамя таго існуе больш сучасная копія, якая захоўваецца ў Бадліянскай бібліятэцы ў Оксфардзе[2], якая запаўняе некаторыя лакуны ў арыгінале.
У XVII стагоддзі Аналы Ульстэра сталі адной з найважнейшых крыніц для стварэння кампілятыўных Аналаў Чатырох Майстроў.
У 1887 годзе аналы былі адрэдагаваны і перакладзены на англійскую мову Уільямам Хенесі і Барталам'ю Мак-Карці, а ў 1983 годзе была выпушчана новая рэдакцыя аналаў, выкананая Шонам Мак-Артам і доктарам Гярадзем Мак-Нікалам.
У наш час на сайце Коркскага ўніверсітэта размешчана таксама лічбавая версія Аналаў Ульстэра, створаная ў рамках праекта CELT(недаступная спасылка) (Corpus of Electronic Texts).