Андрэй Пачобут | |
---|---|
Род дзейнасці | журналіст, пісьменнік |
Дата нараджэння | 16 красавіка 1973 (51 год) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Альма-матар |
|
Член у | |
Узнагароды і прэміі | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Андрэй Пачобут (польск.: Andrzej Poczobut, нар. 16 красавіка 1973, Вялікая Бераставіца) — журналіст, публіцыст і блогер, звязаны з Гроднам, актывіст Саюза палякаў на Беларусі. Палітвязень Беларусі, вязень сумлення[1][2].
Нарадзіўся 16 красавіка 1973 года ў гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобласці. Скончыў у 1998 годзе юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Працаваў выкладчыкам права ў Гродзенскім дзяржаўным політэхнічным каледжы і недзяржаўным тэхнікуме права і бізнесу (1999—2001). З 2002 стаў займацца журналістыкай[3].
Працаваў у гродзенскіх газетах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», «Глос знад Немна», а таксама быў карэспандэнтам мінскай незалежнай газеты «Народная Воля». Займаў пасаду галоўнага рэдактара «Magazynu Polskiego na uchodźstwie» — часопіса Саюза палякаў на Беларусі. З’яўляецца актыўным членам СПБ, да якога належыць з пачатку 1990-х. Заўжды выказваўся аб неабходнасці атрымання незалежнасці арганізацыі ў межах беларускага заканадаўства. Зараз займае пасаду кіраўніка Галоўнага Савета СПБ, непрызнаванага беларускімі ўладамі.[4].
За грамадска-палітычную і журналісцкую дзейнасць быў неаднаразова затрыманы, пакараны штрафам, а таксама адміністрацыйным арыштам[5][6][7][8][9][10].
З 2006 года з’яўляецца карэспандэнтам у Беларусі буйнога польскага выдання «Gazeta Wyborcza».
Належыць да апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, якога неаднаразова крытыкаваў у сваіх артыкулах.
З’яўляецца экспертам у справах, злучаных з гісторыяй спецслужб СССР і антысавецкага ўзброенага супраціву на тэрыторыі Заходняй Беларусі, перш за ўсё з тым, што тычыўся дзейнасці Арміі Краёвай на гэтых тэрыторыях.
Мае жонку і двух дзяцей (дачку і сына).
Асвятляў падзеі ў Мінску 19 снежня 2010 г., за гэта быў асуджаны суддзёй Кастрычніцкага суда Мінска Наталляй Пратасавіцкай на 15 сутак арышту. Гэта быў другі прысуд журналісту па адной і той жа справе — «за ўдзел» у несанкцыянаванай дэманстрацыі. Першы раз Пачобута аштрафавалі на 1 млн. 750 тыс. рублёў, але пракуратура апратэставала пастанову суда як занадта мяккую[11].
18 сакавіка 2011 гродзенская абласная пракуратура ўзбудзіла справу супраць Андрэя Пачобута за абразу Прэзідэнта Беларусі (частка 1, артыкула 368 Крымінальнага кодэксу РБ). 6 красавіка А. Пачобут быў затрыманы, калі ён накіроўваўся ў Мінск для ўдзелу ў тэле-мосце з прадстаўнікамі Еўрапейскага Парламента. Першапачаткова быў затрыманы на 72 гадзіны, аднак пазней быў узяты пад варту на два месяцы[12]. Супраць яго была ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа — за паклёп на А. Лукашэнку[13] (частка 1, артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу РБ).
Аналізавалі тэксты А. Пачобута выкладчык-філолаг Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Нікіценка і двое супрацоўнікаў аддзела ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама — Павел Скрабко (загадчык) і Віктар Жалезняковіч (адказны за працу са СМІ)[14].
Працэс пачаўся 14 чэрвеня ў судзе Ленінскіга раёна Гродна і праходзіў у закрытым рэжыме. 5 ліпеня 2011 г. А. Пачобут быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Суд апраўдаў журналіста па артыкуле «Абраза Прэзідэнта РБ», але прызнаў вінаватым у паклёпе.
У гэты ж дзень 5 ліпеня А.Пачобута вызвалілі ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе (з 6 красавіка 2011 г. журналіста ўтрымлівалі ў следчым ізалятары Гродзенскай турмы № 1)[14].
Яшчэ адна крымінальная справа (паўторнае абвінавачанне ў паклёпе на кіраўніка дзяржавы, ч. 2 арт. 367 КК РБ) была заведзена на А. Пачобута летам 2012 года. 21 чэрвеня 2012 г. ён быў арыштаваны дома ў Гродна. Падставай сталі нататкі А. Пачобута ў блогу і яго артыкулы на сайтах «Хартыя'97» і «Белорусский партизан». 30 чэрвеня 2012 г. быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе[11], а 15 сакавіка 2013 г. другая крымінальная справа супраць журналіста была закрытая за адсутнасцю складу злачынства[11].
23 верасня 2013 г. ён быў вызвалены ад адбыцця пакарання з адтэрміноўкай па першай справе. Вызваленне адбылося пасля таго, як скончыўся тэрмін двухгадовай адтэрміноўкі[11].
Ён быў зноў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года, Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль асудзіў арышт[15]. У лютым 2023 года Пачобута прыгаварылі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма[16].