Аргайл (шатл. гэл.: Airthir-Ghaidheal («усходне-гэльскі»); англ.: Argyll) — гістарычная вобласць на захадзе Шатландыі, у гарах на ўзбярэжжы заліва Ферт-оф-Лорн. Часцяком у склад Аргайла ўключаюць гістарычныя тэрыторыі Кінтайр, Напдэйл, Ковал і Лорн, часам таксама Арднамурхан і Морверн. У наш час усе гэтыя землі ўваходзяць у склад вобласці Аргайл і Б’ют.
Найважнейшыя гарады Аргайла: Інверары, былая рэзідэнцыя графаў Аргайла, і Кэмпбелтаўн. Рэльеф уяўляе сабой паўднёва-заходнія адгор'і Шатландскага нагор'я. Узбярэжжа Аргайла надзвычай зрэзана, уздоўж берагавой лініі цягнецца ланцужок невялікіх астравоў.
Тэрыторыя Аргайла стала адной з першых каланізаваных ірландскімі перасяленцамі ў Шатландыю — скотамі, якія стварылі тут гэльскае каралеўства Дал Рыяда. У 843 г. дзяржавы скотаў і піктаў аб'ядналіся ў каралеўства Шатландыю. Перамяшчэнне цэнтраў дзяржаўнасці на ўсходняе ўзбярэжжа надоўга адвяло Аргайл ад асноўнай лініі развіцця шатландскага каралеўства. З IX стагоддзя ўзбярэжжа вобласці моцна пацярпела ад набегаў нарвежскіх вікінгаў. У 1140 г. на тэрыторыі Аргайла было створана незалежнае гэльска-нарвежскае Каралеўства Астравоў на чале з Сомерледам, аднак пасля яго смерці пачаліся бесперапынныя войны паміж нашчадкамі Сомерледа, чым скарысталіся шатландскія каралі, які ўсталявалі ў 1249 г. кантроль над Аргайлам.
У далейшым улада над Аргайлам аспрэчвалі два буйныя кланы — Мак-Дугалаў і Кэмпбелаў. Перамога засталася за апошнімі, якія арыентаваліся на цэнтральную ўладу і ў 1309 г. атрымалі тытул лордаў (з 1457 г. — графаў) Аргайла. Кэмпбелы адыгрывалі асноўную ролю ў працяглай барацьбе каралёў Шатландыі за падпарадкаванне гэльскіх кланаў заходніх рэгіёнаў краіны. (гл. Графы Аргайл). У 1641 г. Арчыбальд Кэмпбел, 8-ы граф Аргайл, атрымаў ад караля Карла I тытул маркіза Аргайла, што не перашкодзіла яму ўзначаліць антыкаралеўскую партыю падчас рэвалюцыі ў Англіі і Шатландыі. З 1701 г. глава роду Кэмпбелаў носіць тытул герцага Аргайла.
На тэрыторыі ўласна Аргайл размяшчаліся гістарычна землі шатландскіх кланаў Мак-Дугалаў, Кэмпбелаў, Мак-Грэгараў і Камеранаў.