Апанас Кірхер | |
---|---|
Athanasius Kircher | |
| |
Дата нараджэння | 2 мая 1602[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 27 лістапада 1680[3][4] (78 гадоў), 28 лістапада 1680[1][2][…] (78 гадоў) ці 1680[5][6] |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мовазнавец, матэматык, егіптолаг, музыказнавец, тэарэтык музыкі, універсальны чалавек, вынаходнік, каталіцкі святар, астраном, біёлаг, археолаг, выкладчык універсітэта, пісьменнік, фізік, геолаг, вулканолаг, музеязнавец, кампазітар, гісторык, натураліст, усходазнавец, каталіцкі тэолаг, філосаф |
Навуковая сфера | багаслоўе, мовазнаўства, геалогія і медыцына |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Вядомыя вучні | Gaspar Schott[d] і Gioseffo Petrucci[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Афана́сій Кі́рхер (ням.: Athanasius Kircher; 1601 ці 1602, Гайза каля Фульды, Свяшчэнная Рымская імперыя — 1680, Рым, Папская вобласць) — нямецкі езуіцкі даследчык і ўніверсал, які выдаў каля 40 навуковых прац па розных галінах, найбольш значныя з якіх у арыенталізме, геалогіі і медыцыне. За сваю бязмежную сферу інтарэсаў Кірхер параўноўваўся з Руджэрам Бошкавічам і Леанардам да Вінчы, а таксама атрымаў тытул «Майстра сотні мастацтваў»[8]. У апошнія дзесяцігоддзі ў навуковых колах адбываецца ўзнаўленне зацікаўленасці да Кірхера.
Кірхер таксама сцвярджаў, што расшыфраваў старажытнае егіпецкае іерагліфічнае пісьмо, аднак пазней большасць яго прыпушчэнняў і перакладаў на гэтай глебе былі прызнаны бессэнсоўнымі. Тым не менш, ён слушна ўтварыў сувязь паміж старажытнай егіпецкай і сучаснай копцкай мовамі, і асобныя навукоўцы называюць яго заснавальнікам егіпталогіі. Таксама Кірхер захапляўся сіналогіяй і склаў энцыклапедыю Кітая, у якой адзначыў раннюю прысутнасць там нестарыянскіх хрысціян, адначасна паспрабаваўшы звязаць гэты факт з егіпецкай цывілізацыяй і хрысціянствам; сучасныя даследчыкі лічаць апошняе малаверагодным.
Працы Кірхера па геалогіі ўключалі вывучэнне вулканаў і акамянеласцей. Кірхер адным з першых выкарыстаў мікраскоп для выяўлення мікробаў і выказаў меркаванне, што чума была выклікана заразнымі мікраарганізмамі, а таксама прапанаваў эфектыўныя меры дзеля запабягання распаўсюджванню хваробы. Таксама навуковец меў глыбокую зацікаўленасць да тэхналогій і механічных вынаходніцтваў; яму прыпісваюць вынаходства магнітнага гадзінніка, разнастайных аўтаматаў і першага мегафона. Часта яго памылкова называюць і вынаходцам чароўнага ліхтара, але ў яго працы «Ars Magna Lucis et Umbrae» сапраўды сустракаецца вывучэнне прынцыпаў працы падобнага аб'екту.
Пад канец жыцця Кірхерава зорка была заслонена рацыяналізмам Рэнэ Дэкарта і іншых. Аднак у канцы XX стагоддзя эстэтычныя якасці яго працы ізноў былі ацэнены. Сучасныя даследчыкі называюць яго «гігантам сярод вучоных XVII стагоддзя», «адным з апошніх мысляроў, які правамоцна мог абвясціць усе веды сваімі ўладаннямі»[9], «апошнім чалавекам Адраджэння».
Кірхер нарадзіўся 2 мая, аднак сам не ведаў, ці то 1601, ці то 1602 года ў Гайзе, Бухонія, каля Фульды (цяпер у Гесэне, Германія). Быў наймаладзейшым з дзевяці дзяцей у сям'і. У 1614—1618 навучаўся ў езуіцкім каледжы ў Фульдзе, па сканчэнні якога ўступіў у навіцыят Ордэна.
Яшчэ ў школе захапляўся вулканамі, дадаткова вывучаў іўрыт у рабіна. У Падэрборне навучаўся філасофіі і багаслоўю, але ў 1622 быў вымушаны ўцякаць у Кёльн у сувязі з набліжэннем пратэстанцкіх войскаў. Падчас вандроўкі ледзь не загінуў, праваліўшыся пад лёд на Рэйне. Гэта быў толькі адзін з мноства эпізодаў, калі яго жыццё вісела на валаску. Іншым разам, па дарозе ў Хайлігенштат, яго спаймалі і ледзь не павесілі пратэстанты.
У 1622—1624 Кірхер пачаў свой рэгенцкі перыяд у Кобленцы, працуючы настаўнікам. Пасля гэтага быў прызначаны ў Гайлігенштат, дзе выкладаў матэматыку, іўрыт і сірыйскую мову. Падчас візіту курфюрста-архібіскупа Майнца ён зладзіў феерверкі і рухомыя дэкарацыі, выявіўшы сваю зацікаўленасць механічнымі прыладамі.
У 1628 годзе Афанасій Кірхер пасвечаны ў святары і стаў прафесарам этыкі і матэматыкі Вюрцбургскага ўніверсітэта, дзе выкладаў таксама іўрыт і сірыйскую мову. З гэта пары ён таксама пачаў даследаваць егіпецкія іерогліфы.
У 1631 Кірхер выдаў першую кнігу «Ars Magnesia», дзе выклаў вынікі сваіх даследаванняў па магнетызме. У гэтым самым года з прычыны Трыццацігадовай вайны ён быў вымушаны з'ехаць у папскі Авіньёнскі ўніверсітэт у Францыі.
У 1633 імператар Фердынанд II запрасіў Кірхера ў Вену на пасаду прыдворнага матэматыка замест Іагана Кеплера. Афанасій Кірхер выправіўся ў шлях на караблі, аднак у гэты час Нікала-Клод Фабры дэ Пейрэск дабіўся анулявання дагавора з Габсбургамі і вырашыў накіраваць вучонага ў Рым дзеля працягу яго даследаванняў. Гэты загад не здолелі перадаць Кірхеру, аднак яго карабель па дарозе збіўся з курсу і замест Вены прыбыў у Рым. Тут навуковец і застаўся да канца свайго жыцця. Выкладаў у Collegio Romano матэматыку, фізіку і арыентальныя мовы цягам сямі гадоў, пасля чаго прысвяціў сябе даследніцкай працы. Вывучаў малярыю і чуму, сабраў калекцыю акамянеласцей, якія выставіў разам з уласнымі механізмамі ў Кірхерыянуме.
У 1661 Афанасій Кірхер адкрыў рэшткі царквы, меркавана збудаванай імператарам Канстанцінам на месцы прывіду святым Яўстахіем Хрыста сярод аленіх рагоў. Ён заняў грошы дзеля адбудовы царквы пад назвай Santuario della Mentorella, і пасля смерці ў гэтым храме было пахавана яго сэрца.
Кірхер выдаў вялікую колькасць грунтоўных прац па розных тэмах, такіх як егіпталогія, геалогія, тэорыя музыкі. Яго сінкрэтычны падыход абвяргаў межы паміж дысцыплінамі, якія цяпер агульнапрынятыя: так, яго праца «Magnes» была нібыта прысвечаная магнетызму, а насамрэч вывучала і іншыя формы прыцягнення, такія як гравітацыя і каханне. Верагодна, найбольш вядомым творам Кірхера з'яўляецца «Œdipus Ægyptiacus» (1652-54), вялізнае вывучэнне егіпталогіі і параўнання рэлігій[10].
Да XIX стагоддзя, калі Томас Юнг і Жан-Франсуа Шампальён не расшыфравалі егіпецкія іерогліфы, галоўным знаўцам у гэтай галіне лічыўся грэчаскі граматыст Гарапалон, асноўным дасягненнем якога было памылкова ўяўленне, што іерогліфы былі «піктаграфічнымі напісамі» і будучыя перакладчыкі павінны адшукаць у гэтых малюнках сімвалічнае значэнне[11]. Апошні вядомы прыклад егіпецкіх іерогліфаў датаваны 394 годам, пасля чаго ўсе веды пра іх былі страчаны.
Афанасій Кірхер стаў найбольш вядомым з нямногіх даследчыкаў-егіптолагаў паміж старажытнасцю і нашым часам[12]. У сваёй працы «Lingua Aegyptiaca Restituta» (1643) ён назваў іерогліфы «моваю, дагэтуль невядомай у Еўропе, дзе малюнкаў столькі ж, колькі літар, загадак столькі ж, колькі гукаў, карацей, столькі лябірынтаў, з якіх трэба выбрацца, сколькі і гор, на якія трэба ўскараскацца»[12]. Пазней некаторыя з яго ўяўленняў былі абвергнуты, аднак гэтая праца ўяўляе каштоўнасць для пазнейшых даследчыкаў, і Кірхер лічыцца першапраходцам у егіпталогіі як галіне сур'ёзнай навукі.
Зацікаўленасць Кірхера ў егіпталогіі з'явілася ў 1628, калі ён зацікавіўся знойдзенымі ў бібліятэцы Шпаера іерогліфамі. У 1633 ён вывучыў копцкую мову, а ў 1636 выдаў яе першую граматыку, «Prodromus coptus sive aegyptiacus». Пасля гэтага Кірхер абвергнуў Гарапалонава ўяўленне пра іерогліфы ў сваёй працы «Lingua aegyptiaca restituta». Ён зразумеў, што копцкая мова захавала апошнюю стадыю развіцця егіпецкай[12][13]. За гэта Кірхера лічаць сапраўдным «заснавальнікам егіпталогіі», паколькі яго праца была праведзена задоўга да выяўлення Разецкага каменя. Ён таксама ўсталяваў сувязь паміж іератычным і іерагліфічным пісьмом.
У 1650—1654 у кантэксце ўласных копцкіх даследаванняў Кірхер выдаў чатырохтомныя «пераклады» іерогліфаў[12], якія, аднак, «нават аддалена не адпавядалі арыгінальным тэкстам»[12]. У «Œdipus Ægyptiacus» Кірхер пад уплывам «Hieroglyphica» Гарапалона даводзіў, што Адам і Ева размаўлялі па-егіпецку, што Гермес Трысмегіст быў Майсеем і што іерогліфы былі акультнымі сімваламі, якія «ня могуць быць перакладзеныя словамі, а выражаныя толькі знакамі, сімваламі і фігурамі». Ён дайшоў да таго, што просты іерагліфічны тэкст, які цяпер чытаецца dd Wsr («Асірыс кажа»), ён пераклаў як «Тыфонава здрада сканчаецца ля трону Ісіс; вільготнасць прыроды аберагаецца пільнасцю Анубіса».
Нягледзячы на тое, што падыход Кірхера да расшыфроўкі егіпецкіх тэкстаў грунтаваўся на фундаментальным памылковым поглядзе, сучасныя навукоўцы лічаць яго піянерам у сур'ёзным вывучэнні іерогліфаў. Сабраныя ім звесткі пазней былі ўзяты пад увагу Шампальёнам пры расшыфроўцы пісьмёнаў. Кірхер выказаў меркаванне, што асобныя іерогліфы могуць складаць алфавіт, і вылучыў (памылкова) 21 іерогліф, ад якіх нібыта быў створаны грэчаскі алфавіт.
Кірхер таксама актыўна ўдзельнічаў ва ўсталяванні абеліскаў на рымскіх плошчах, дапісваючы на іх уласныя «іерогліфы», якія дадалі нямала клопату сучасным даследчыкам.
Кірхер рана зацікавіўся Кітаем, паведаміўшы ў 1629 годзе вышэйшаму чыну ордэну 1629 пра сваё жаданне зрабіцца місіянерам у гэту краіну.
У 1667 Афанасій апублікаваў трактат, поўная назва якога гучала «China monumentis, qua sacris qua profanis, nec non variis naturae and artis spectaculis, aliarumque rerum memorabilium argumentis illustrata», цяпер болей вядомы як «China Illustrata», гэта значыць «Ілюстраваны Кітай». Гэта была праца энцыклапедычнае шырыні, якая камбінавала матэрыялы рознай якасці, ад дакладных картаграфічных да міфічных элементаў, такіх як драконы. Збольшага праца грунтавалася на паведамленнях езуітаў, якія дзейнічалі ў Кітаі, у прыватнасці Міхала Бойма[14] і Марціна Марціні.
«China Illustrata» надавала асаблівае значэнне хрысціянскім элементам у гісторыі Кітая, як сапраўдным, так і ўяўным: у кнізе было зазначана ранняе з'яўленне нестарыянскіх хрысціян (з лацінскім перакладам Нестарыянскай стэлы ў Сіяні, зробленым Боймам і яго кітайскім паплечнікам Андрэем Дзенгам[15]), і ў той жа час сцвярджалася, што кітайцы былі нашчадкамі Хамавых сыноў, што Канфуцый быў Гермесам Трысмегістам/Майсеем, і што кітайскія іерогліфы паходзяць ад егіпецкіх.
Паводле сістэматыкі Кірхера ідэаграмы былі ніжэйшы за іерогліфы, бо яны азначалі толькі асобныя ідэі замест загадкавых комплексаў ідэй, а сімвалы цывілізацый мая і ацтэкаў былі яшчэ больш ніжэйшымі піктаграмамі, якія абазначалі толькі аб'екты.
У 1675 Афанасій Кірхер выдаў «Arca Noë», вынік яго даследаванняў біблейскага каўчэга Ноя — пасля Контррэфармацыі алегарычная інтэрпрэтацыя сярод даследчыкаў Пісання саступала вывучэнню Старога Запавету як літаральнай ісціне. Кірхер, прааналізаваўшы памеры каўчэгу і колькасць вядомых яму відаў жывёл (за выняткам насякомых і іншых формаў, якія лічыліся здольнымі зараджацца адвольна), разлічыў, што ў каўчэгу не магло быць перанасялення. Ён таксама абмеркаваў лагістыку падарожжа каўчэга, мяркуючы, што для харчавання драпежнікаў на борт магла быць узятая дадатковая скаціна, а таксама апісаў, які мог быць штодзённы рацыён жывёл і парадак іх догляду.
Ян Марак Марці ў 1666 годзе даслаў Кірхеру рукапіс Войніча спадзеючыся на тое, што апошніі здолее яго расшыфраваць[16]. Рукапіс насамрэч захоўваўся ў Collegio Romano да анексіі Папскай вобласці ў 1870 Віктарам Эмануэлем II, аднак праўдзівасць гісторыі пад пытаннем.
У працы «Polygraphia nova» (1663) Кірхер прапанаваў ідэю штучнай міжнароднай мовы.
Наведаўшы ў 1638 Паўднёвую Італію, дапытлівы Кірхер спусціўся ў кратар Везувія, які на той час ужо быў на краі вывяржэння, каб даследаваць яго ўнутранасці. Ён таксама цікавіўся падземным грукатам, чутным ля Месынскай пратокі. Свае геалагічныя і геаграфічныя даследаванні Афанасій Кірхер выклаў у працы «Mundus Subterraneus» (1664), дзе выказаў меркаванне, што прылівы і адлівы былі выкліканы рухам вады ў падземным акіяне.
Кірхер таксама клапаціўся праблемай акамянеласцей. Ён усведамляў, што гэта рэшткі жывёл. Ён прыпісваў вялікія косці гіганцкім расам людзей[17]. Не ўсе аб'екты, якія ён спрабаваў апісаць, насамрэч былі акамянеласці, адсюль разнастайнасць тлумачэнняў. Ён называў горныя хрыбты костнай сістэмай Зямлі, выкрытай у выніку эрозіі[18].
«Mundus Subterraneus» мае некалькі старонак пра легендарны востраў Атлантыду і яго карту з лацінскай назвай «Situs Insulae Atlantidis, a Mari olim absorpte ex mente Egyptiorum et Platonis descriptio» («Месца вострава Атлантыда ў моры паводле егіпецкіх крыніц і Платонавага апісання»[19].
У кнізе «Arca Noë» Кірхер сцвярджаў, што пасля паводкі новыя віды трансфарміраваліся, пасяляючыся ў новых асяроддзях, напрыклад, алень, які перайшоў у халаднейшы клімат, стаў паўночным аленем. Акрамя таго, мноства відаў былі гібрыдамі іншых, як напрыклад, браняносцы — камбінацыя чарапахаў і дзікабразаў. Ён таксама абараняў тэорыю адвольнага зараджэння[20]. З-за такіх гіпотэзаў асобныя гісторыкі лічаць Кірхера протаэвалюцыяністам[21].
Кірхер склаў блізкую да сучаснага погляду працу па вывучэнні хвароба, ужо ў 1646 скарыстаўшы мікраскоп для даследавання крыві ахвяр мору. У сваёй «Scrutinium Pestis» (1658) ён адзначыў наяўнасць у крыві «маленькіх чарвячкоў», або «анімалкуляў», і зрабіў выснову, што хваробы былі выкліканы мікраарганізмамі. Выснова была слушна, аднак падобна, што насамрэч ён палічыў вінаватымі ў захворваннях чырвоныя або белыя крывяныя клеткі, а не носьбіта чумы. Ён таксама прапанаваў гігіенічныя захады для спынення распаўсюджванню эпідэміі, такія як ізаляцыя, карантын, спальванне вопраткі заражаных, нашэнне масак дзеля аховы ад удыхання бактэрый.
У 1646 Кірхер апублікаваў працу «Ars Magna Lucis et Umbrae», прысвечаную вываду на экран выяваў з дапамогай прылады, падобнай да чароўнага ліхтара, распрацаванага Крысціянам Гюйгенсам і іншымі. Кірхер апісаў канструкцыю «кататрофнай лямпы», якая праекавала выяву на сцену зацененага пакою з дапамогай адлюстравання. Хоць Кірхер не вынайшаў такую прыладу, ён здзейсніў удасканаленні папярэдніх мадэляў і прапанаваў метады, якімі экспаненты маглі выкарыстоўваць прыладу.
Вялікая заслуга «Ars Magna Lucis et Umbrae» Кірхера ў тым, што ён дае рацыянальнае тлумачэнне дагэтуль містыфікаванаму працэсу праекцыі выяваў[22]. Так, раней гэтым метадам карысталіся дзеля імітацыя звышнатуральных з'яўленняў (сам Кірхер падае прыклад, як гэтым спосабам рабіны праекавалі выявы на двары цара Саламона). Кірхер падкрэсліваў, што экспаненты мусяць паклапаціцца пра тое, каб патлумачыць гледачам, што з'яўленне гэтых праекцыяў з'яўляецца натуральнай, а не магічнай з'явай.
Афанасій Кірхер таксама сканструяваў магнітны гадзіннік, механізм якога ён апісаў у сваёй працы «Magnes» (1641). Першапачаткова прыладу вынайшаў іншы езуіт, айцец Лінус Льежскі, і гадзіннік быў апісаны ў 1634. Кірхераў патрон Пейрэск сцвярджаў, што рух гадзінніка падтрымлівае касмалагічную мадэль Каперніка з тай прычыны, што магнітная сфера ў ім круціцца дзякуючы магнітнай моцы Сонца[23]. Кірхер абвергнуў гэту гіпотэзу, паказаўшы, што рух можа адбывацца дзякуючы воднаму гадзінніку ў аснаванні механізма.
Фактычна выказаўшыся ў «Magnes» супраць капернікавай мадэлі і падтрымаўшы Ціха Брагэ, у пазнейшым творы «Itinerarium extaticum» (1656, перагледжанае 1671) Афанасій Кірхер падаваў некалькі сістэм — у тым ліку і капернікаву — як асобныя магчымасці.
«Musurgia Universalis» (1650) адлюстроўвае Кірхеравы погляды на музыку: ён лічыў, што гармонія музыкі адлюстроўвай прапорцыі сусвету. У кнізе былі змешчаны планы па канструяванні аўтаматычных арганаў, якія б прыводзіліся ў рух вадой, натацыі птушыных спеваў і дыяграмы музычных інструментаў. Адна з ілюстрацый паказвае адрозненні чалавечага вуха і вушэй жывёл. У «Phonurgia Nova» (1673) Кірхер разглядаў магчымасць перадачы музыкі на адлегласць.
Сярод іншых прыдуманых Кірхерам машын — эолава арфа, аўтаматоны кшталту статуі, якая магла гаварыць і слухаць праз перамоўную трубку, вечны рухавік і кацінае фартэпіяна, якое павінна было калоць катам хвасты, каб яны выдавалі адпаведныя таны, аднак невядома, ці насамрэч Кірхер стварыў гэты інструмент.
Грунтуючыся на ранейшай працы Раймунда Лула, Афанасій Кірхер распрацаваў розныя сістэмы генеравання і падліку ўсіх камбінацый канечнага набору аб'ектаў (канечнага мноства), хоць яго праца і не была заснавана на матэматычных падліках. Метады і дыяграмы Лула абмяркоўваюцца ў Кірхеравай «Ars Magna Sciendi, sive Combinatoria» (1669). Магчыма, тут упершыню з'яўляюцца выявы поўных двудольных графаў, што стала працягам працы Лула па візуалізацыі поўных графаў[24]. Кірхер таксама выкарыстаў камбінаторыку пры стварэнні Arca Musarithmica, прылады для складання алеаторнай музыкі, якая магла складаць мільёны царкоўных гімнаў з камбінацый выпадковых музычных фразаў.
Афанасій Кірхер на Вікісховішчы |