Базджаада

Базджаада
тур. Bozcaada
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча42,63 км²
Насельніцтва2 754 чал.
Шчыльнасць насельніцтва64,6 чал./км²
Размяшчэнне
39°50′01″ пн. ш. 26°03′30,20″ у. д.HGЯO
АкваторыяЭгейскае мора
Краіна
ІлЧанакале
Базджаада (Турцыя)
Базджаада
Базджаада
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Базджаада́ (турэцк.: Bozcaada), у мінулым Тэ́недас (грэч. Τένεδος) — востраў на поўначы Эгейскага мора. Уваходзіць у склад Турцыі. Агульная плошча - 42,63 км². Насельніцтва (2014 г.) - 2 754 чал.

Геаграфія і прырода

[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Базджаада месціцца ў паўночнай частцы Эгейскага мора ў 6 км ад заходняга ўзбярэжжа Малой Азіі, у 278 км на паўднёвы захад ад Стамбула. Абрысамі нагадвае трохкутнік, найдаўжэйшы бок якога дасягае 10,36 км. Найбольшая шырыня — 5,38 км.

Востраў з'яўляецца працягам Малой Азіі. Фарміраваўся пераважна ў неагенавы перыяд. Паверхня пагорыстая, складаецца пераважна з вапнякоў, пясчанікаў, туфаў, гранітаў. Найвышэйшы пункт — гара Гёзтэпе (192 м).

Клімат мяккі міжземнаморскі. Дзякуючы сталым вятрам з боку праліва Дарданэлы паветра ахаладжаецца. Сярэдняя гадавая тэмпература +14°C. Характэрны частыя дажджы, узімку — снег. Сярэднегадавая норма ападкаў — 529 мм.

Значная частка вострава Базджаада выкарыстоўваецца для сельскай гаспадаркі. Флора прадстаўлена 437 відамі раслін, растуць макі, смалёўка, трагакант. Фаўна бедная. На сушы сустракаюцца птушкі, казуркі, вожыкі.

Востраў Базджаада быў населены ў 4 тысячагоддзі да н. э. Культура старажытных жыхароў знаходзілася пад моцным ўплывам культур Малой Азіі і Кікладаў. Мяркуюць, што ў пачатку 1 тысячагоддзя тут былі калоніі фінікійцаў і эалійцаў.

Да сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э. востраў трапіў у залежнасць ад дзяржавы Ахеменідаў. Падчас грэка-персідскіх войн яго жыхары паўсталі супраць улады персаў і былі вызвалены афінянамі. У IV ст. да н. э. уключаны ў склад імперыі Аляксандра Македонскага. Пасля яго смерці падпарадкоўваўся розным македонскім дынастыям. У 133 г. да н. э. стаў часткай старажытнарымскай дзяржавы. Рымляне выкарыстоўвалі востраў як ваенна-марскую базу ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара. Пасля распаду Рымскай імперыі ў канцы IV ст. н. э. уключаны ў склад Візантыі. У 1376 г. быў прададзены Венецыі. У 1455 г. захоплены асманамі, аднак да канца XVII ст. аспрэчваўся венецыянцамі. Туркі пабудавалі крэпасць Базджаада, што ахоўвала мясцовы порт.

Войны вымушалі мясцовае насельніцтва пакідаць востраў, таму яго колькасны і этнічны склад стала вагаўся. У пачатку XIX ст. дзве трэці жыхароў вострава складалі грэкі і толькі трэць — туркі. У 1807 г. Базджаада трапіў у аблогу аб'яднанай расійскай і брытанскай эскадры. У 1820-х гг. на востраве і ў прыбярэжных водах ішлі ваенныя дзеянні паміж туркамі і паўстанцамі-грэкамі. Яны прывялі да скарачэння насельніцтва, у полымі пажараў згарэлі лясы, што пакрывалі сушу. Аднак туркі здолелі ўтрымаць сваю уладу над востравам. У 1912 - 1922 гг. часова акупаваны Грэцыяй.

Хаця востраў Базджаада ўзгадваўся ў дагаворах аб абмене насельніцтвам паміж Грэцыяй і Турцыяй, у міжваенны перыяд грэкі складалі большасць мясцовага насельніцтва. Сітуацыя ўскладнілася пасля 1964 г., калі турэцкія ўлады зачынілі грэчаскія школы і абмежавалі зямельныя правы грэчаскіх пасяленцаў. Асноўная частка грэкаў пакінула востраў у 1970-я гг. У наш час большасць жыхароў Базджаада — туркі.

Востраў Базджаада — важны турыстычны цэнтр на захадзе Турцыі. Мясцовае насельніцтва займаецца абслугоўваннем турыстаў, гандлем. Іншыя традыцыйныя заняткі — вырошчванне вінаграду і выраб віна.