Балонскі працэс

Лагатып

Балонскі працэс — працэс збліжэння і гарманізацыі сістэм вышэйшай адукацыі краін Еўропы з мэтай стварэння адзінай Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Афіцыйнай датай пачатку працэсу прынята лічыць 19 чэрвеня 1999 года, калі была падпісана Балонская дэкларацыя.

Рашэнне ўдзельнічаць у дабравольным працэсе стварэння Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі было аформлена ў Балонні прадстаўнікамі 29 краін. На сённяшні дзень працэс уключае ў сябе 48 краін-удзельніц з 49 краін, якія ратыфікавалі Еўрапейскую культурную канвенцыю Савета Еўропы (1954). Балонскі працэс адкрыты для далучэння іншых краін.

Расія далучылася да Балонскага працэсу ў кастрычніку 2003 года на берлінскай сустрэчы міністраў адукацыі еўрапейскіх краін. У 2005 годзе ў Бергене Балонскую дэкларацыю падпісаў міністр адукацыі Украіны. У 2010 годзе ў Будапешце было прынята канчатковае рашэнне аб далучэнні Казахстана да Балонскай дэкларацыі. Казахстан — першая цэнтральнаазіяцкая краіна, прызнаная паўнапраўным членам еўрапейскай адукацыйнай прасторы.

Пачатак Балонскага працэсу можна аднесці да сярэдзіны 1970-х гадоў, калі Саветам міністраў Еўрапейскага саюза была прынята рэзалюцыя а першай праграме супрацоўніцтва ў галіне адукацыі.

У 1998 годзе міністры адукацыі чатырох еўрапейскіх краін (Францыі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі і Італіі), якія ўдзельнічалі ў святкаванні 800-годдзя парыжскага ўніверсітэта Сарбона, сышліся ў думке, што сегментацыя еўрапейскай вышэйшай адукацыі ў Еўропе перашкаджае развіццю навукі і адукацыі. Яны падпісалі Сарбонскую дэкларацыю (англ.: Sorbonne Joint Declaration, 1998). Мэта дэкларацыі заключалася ў стварэнні агульных палажэнняў па стандартызацыі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, дзе мабільнасць трэба падтрымліваць як для студэнтаў і выпускнікоў, так і для павышэння кваліфікацыі персаналу. Акрамя таго, яна павінна была забяспечыць адпаведнасць кваліфікацый сучасным патрабаванням на рынку працы.

Мэты Сарбонскай дэкларацыі былі пацверджаны ў 1999 годзе пры падпісанні Балонскай дэкларацыі, у якой 29 краін выказалі сваю гатоўнасць узяць на сябе абавязак павялічыць канкурэнтаздольнасць еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, падкрэсліваючы неабходнасць захавання незалежнасці і самастойнасці ўсіх вышэйшых навучальных устаноў. Усе палажэнні Балонскай дэкларацыі былі усталяваны як меры дабравольнага працэсу ўзгаднення, а не як жорсткія юрыдычныя абавязкі.

Асноўныя мэты Балонскага працэсу

[правіць | правіць зыходнік]

З самага пачатку Балонскі працэс быў прызваны павялічыць канкурэнтаздольнасць і прывабнасць еўрапейскай вышэйшай адукацыі, садзейнічаць мабільнасці студэнтаў, палегчыць працаўладкаванне за кошт увядзення сістэмы, якая дазваляе лёгка вызначыць узровень падрыхтоўкі выпускнікоў. Яшчэ адной важнай мэтай, якая была пастаўлена з самага пачатку, з'яўляецца забеспячэнне высокай якасці навучальнага працэсу. У ходзе шматлікіх сустрэч міністраў адукацыі былі распрацаваны асноўныя палажэнні адзінага адукацыйнага працэсу. Раздзяленне навучэнцаў на студэнтаў і аспірантаў было прапанавана замяніць кваліфікацыйнымі ступенямі з акцэнтамі на вынікі навучання. Канцэпцыя грамадскага кантролю вышэйшай адукацыі была ўведзена і зараз успрымаецца як асноўная палітыка ў вобласці еўрапейскай вышэйшай адукацыі.

Далучэнне да Балонскага працэсу

[правіць | правіць зыходнік]

Краіны далучаюцца да Балонскага працэсу на дабравольнай аснове праз падпісанне адпаведнай дэкларацыі. Пры гэтым яны прымаюць на сябе пэўныя абавязкі, некаторыя з якіх абмежаваныя тэрмінамі:

  • з 2005 года пачаць задарма выдаваць усім выпускнікам вышэйшых навучальных устаноў краін-удзельніц Балонскага працэсу еўрапейскія дадаткі адзінага ўзору да дыпломаў бакалаўра і магістра;
  • да 2010 года рэфармаваць нацыянальныя сістэмы адукацыі ў адпаведнасці з асноўнымі палажэннямі Балонскай дэкларацыі.

Удзельнікі Балонскага працэсу

[правіць | правіць зыходнік]
Краіны-удзельніцы Балонскага працэсу

Удзельнікамі Балонскага працэсу з'яўляюцца 48 краін (2015 год) і Еўрапейская камісія. Такім чынам, Манака і Сан-Марына — адзіныя еўрапейскія краіны, якія не ўдзельнічаюць у працэсе.

Беларусь у Балонскім працэсе

[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 2010 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру адукацыі Аляксандру Радзькову пачаць працэдуру далучэння Беларусі да Балонскага працэсу. Такім чынам, лічылася, што пытанне аб уваходжанні краіны ў Балонскі працэс будзе разгледжана ў красавіку 2012 года падчас канферэнцыі міністраў адукацыі краін — удзельніц Балонскай дэкларацыі ў Бухарэсце.[1]

На пасяджэнні групы, якая прадстаўляе ўсе 48 краін-удзельніц Балонскай дэкларацыі, праходзіўшым 18—19 студзеня 2012 года ў Капенгагене, быў вынесены вердыкт аб негатовасці краіны да ўступлення ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Паводле ацэнкі Працоўнай групы, Беларусь не выконвала прынцыпы і каштоўнасці Балонскага працэсу, у тым ліку акадэмічныя свабоды, інстытуцыйную аўтаномію і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.[2] Аднак канчатковае рашэнне мусілі прыняць 47 міністраў адукацыі на саміце ў Бухарэсце 26-27 красавіка.

За тыдзень да бухарэсцкага саміту стала вядома, што на новым пасяджэнні працоўнай групы беларускую заяўку на далучэнне вырашана было цалкам зняць з парадку дня саміту. Такім чынам, наступная спроба ўступлення краіны ў Балонскі працэс можа адбыцца не раней за 2015 год, падчас сустрэчы міністраў адукацыі ў Ерэване. Дагэтуль не было выпадкаў, каб заяўку краіны, што жадала ўвайсці ў Балонскі працэс, адхілялі з-за яе неадпаведнасці крытэрам прасторы.[3]

Мы лічым, што дазвол Беларусі далучыцца да Балонскага працэсу быў бы выкарыстаны дзяржаўнай прапагандай, аднак зрабіў бы мала карыснага для студэнтаў і выкладчыкаў у такіх напрамках, як іх права на атрыманне адукацыі і правядзенне даследаванняў.

— старшыня Еўрапейскага студэнцкага саюза Алан Пол

Новы міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч, адказваючы на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 17 траўня 2013 года, сказаў, што галоўны адмоўны бок удзелу ў Балонскім працэсе — «вымыванне мазгоў».[4]

Другая заяўка на далучэнне да Балонскага працэсу і далучэнне да ЕПВА Міністэрства адукацыі Беларусі накіравала ў 2014 годзе. У пачатку красавіка 2015 года стала вядома, што беларускае пытанне ўключана ў парадак дня, і кіраўнік Мінадукацыі Міхаіл Жураўкоў атрымаў запрашэнне на канферэнцыю ў Ерэван[5].

14 мая 2015 года ў Ерэване на Канферэнцыі міністраў адукацыі краін ЕПВА і форуме па Балонскай палітыцы было аб’яўлена пра тое, што Беларусь далучылася да Балонскага працэсу і ўвайшла ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (ЕПВА)[5]

11 красавіка 2022 года членства Беларусі і Расіі было прыпынена з-за ўварвання Расіі ва Украіну[6].

Зноскі