Балтыйскі шлях

Балтыйскі шлях (эст.: Balti kett, гэта значыць Балтыйскі ланцуг; лат.: Baltijas ceļš, літ.: Baltijos kelias) — мірная акцыя ў Прыбалтыйскіх ССР, праведзеная 23 жніўня 1989 года. Жыхары Літвы, Латвіі і Эстоніі зрабілі жывы ланцуг даўжынёй амаль у 600 км (каля двух мільёнаў чалавек, гэта значыць прыкладна 25 % трох прыбалтыйскіх рэспублік на той час), такім чынам аб'яднаўшы Талін, Рыгу і Вільнюс. Акцыя была прымеркавана да 50 годдзя са дня падпісання пакта Молатава-Рыбентропа, мэтай акцыі было прыцягнуць увагу сусветнага грамадства да гістарычных падзей, якія змянілі статус краін Прыбалтыкі. Згодна з пактам і сакрэтным пратаколам, які прыкладаецца да яго, СССР і Германія падзялялі сферы ўплыву ў Еўропе: Латвія, Эстонія, Фінляндыя, усходнія вобласці Польшчы і Бесарабіі адыходзілі СССР, а Літва і захад Польшчы — Германіі.

Акцыя прадэманстравала растучую ўпэўненасць сіл, якія змагаліся за незалежнасць прыбалтыйскіх краін. Арганізатарамі сталі Народны фронт Эстоніі, Народны фронт Латвіі і Саюдзіс у Літве. Балтыйскі шлях дазволіў прадэманстраваць усяму свету жаданне народаў Прыбалтыкі аддзяліцца ад СССР, іхнюю салідарнасць у гэтым памкненні. Сепаратысцкія арганізацыі скарысталіся акцыяй, каб сказаць, што акупацыя СССР Прыбалтыйскіх краін пытанне не толькі палітычнае, але і маральнае. Улады СССР адрэагавалі на акцыю толькі рыторыкай, не зрабіўшы ніякіх рэальных крокаў для ўмацавання адносін паміж рэспублікамі, у выніку чаго праз 6 месяцаў пасля правядзення Балтыйскага шляху Літва першай з рэспублік Савецкага Саюза аб'явіла пра выхад з яго складу.

У 2009 годзе арганізацыя ЮНЕСКА прызнала гэту акцыю феноменам негвалтоўнага супраціўлення і прыняла рашэнне ўключыць дакументальныя матэрыялы пра яе ў міжнародны рэгістр праграмы «Памяць Свету»[1].

У 2019 годзе ў межах Месяца фатаграфіі ў Мінску праходзіла выстаўка, прысвечаная Балтыйскаму шляху.

Зноскі