Бамбардзіроўка Гернікі

Руіны Гернікі.

Бамбардзіроўка Гернікі — паветраны налёт нямецкага легіёна «Кондар» на горад Герніка падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі 26 красавіка 1937 года.

Горад Герніка — гістарычны і культурны цэнтр Краіны Баскаў. Там знаходзіцца дрэва, пад якім даўней праходзілі народныя сходы і прыводзіліся да прысягі прадстаўнікі ўлады. У 1937 годзе знаходзіўся ў руках рэспубліканцаў, якія вялі абарону Більбаа. Тут, акрамя прыблізна 3700 мясцовых жыхароў, знаходзіліся салдаты рэспубліканскай арміі. Існавала ваенная прамысловасць — 3 фабрыкі, у тым ліку адна з двух у Іспаніі па вытворчасці авіяцыйных бомбаў, і фабрыка па вытворчасці стралковай зброі, у тым ліку аўтаматычных пісталетаў тыпу Маўзер 96К. Акрамя таго, у раёне бамбардзіроўкі размяшчаўся стратэгічна важны мост.

Такім чынам, тэарэтычна бамбардзіроўка магла быць апраўдана з ваеннага пункту гледжання.

C 16:30 па 18:45 некалькі груп самалётаў (асноўнай ударнай сілай сталі Junkers Ju 52, было таксама 3 італьянскіх бамбардзіроўшчыка Savoia-Marchetti SM.79 Sparviero і 1 Dornier Do 17) скінулі 50- і 250-кілаграмовыя бомбы (у тым ліку запальныя) на горад. Агульная колькасць скінутых на горад бомбаў ацэньваецца рознымі крыніцамі як у 30[1], так і ў 40 тон[2]. Самалёты таксама знішчалі кулямётным агнём салдат рэспубліканскай арміі (а таксама, як сцвярджаецца[1], грамадзянскіх асоб).

Ахвяры і наступствы

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля бамбардзіроўкі ўзнік пажар, які знішчыў большую частку горада з-за позняга прыбыцця і неадэкватных дзеянняў пажарных з Більбаа. Менавіта пажар, а не непасрэдна авіяналёт з’явіліся прычынай катастрафічных разбурэнняў (не менш за 75% пабудоў).

Ацэнкі колькасць чалавечых ахвяр значна адрозніваецца: ад 120 чалавек да 300, у залежнасці ад палітычных поглядаў даследчыкаў (першая лічба — падлікі гісторыкаў, што сімпатызуюць нацыяналістам Франсіска Франка, другая прынята ў Краіне Баскаў). Улічваючы тое, што ва ўмовах вайны складана весці падлік страт і ідэнтыфікаваць ахвяр, найбольш рэалістычнай лічбай можа быць 150—250 чалавек загінулых непасрэдна падчас бамбардзіроўкі[3].

Акрамя таго, каля 600 чалавек памерла ў бальніцы горада Більбаа, куды былі дастаўлены многія пацярпелыя з Гернікі і наваколля[2].

Праз два дні пасля бамбардзіроўкі войскі нацыяналістаў занялі Герніку, салдаты рыхтаваліся спілаваць Дрэва Гернікі, але падраздзяленне рэкетэ ўзяло яго пад ахову.

Паведамленне пра бамбардзіроўку было надрукавана на наступны дзень ў газеце Times Джонам Стырам. У ім выкрывалі ўдзел Германіі ў іспанскай грамадзянскай вайне і, акрамя аб’ектыўнай інфармацыі, даваўся пачатак некаторым міфам пра Герніку (напрыклад, пра тое, што бамбёжка адбылася ў базарны дзень, калі сяляне з усёй акругі сабраліся ў горадзе, хоць у рэчаіснасці базарны дзень быў адменены ў сувязі з ваенным становішчам).

Неўзабаве з’явілася знакамітая карціна Пабла Пікаса «Герніка» (упершыню выстаўлена ў ліпені 1937-га).

Прапаганда франкістаў адмаўляла факт бамбёжкі і ўпарта сцвярджала, што горад быў падпалены самімі рэспубліканцамі ў рамках тактыкі «выпаленай зямлі» (такое сапраўды адбылося з горадам Ірун, таксама ў Краіне Баскаў).

Сёння баскскія нацыяналісты выкарыстоўваюць версію падзей у Герніке ў тым ліку як гістарычнае апраўданне свайго права на самавызначэнне.

Зноскі

  1. а б Герника: дым не развеялся. Материалы. Журнал «Историк»(недаступная спасылка)
  2. а б http://warspot.ru/3090-bombardirovka-gerniki. Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2017. Праверана 17 студзеня 2017.
  3. даследаванне гісторыкаў асацыяцыі "Gernikazarra", Vicente del Palacio y José Ángel Etxaniz, — 126 ахвяр: Інфармацыя El Mundo і BBC 150-250 забітых: Даследаванні, якія называюць лік у 250-300 загінулых:
    • Arias Ramos. La Legión Cóndor En La Guerra Civil. — La Esfera de los Libros, 2003. — ISBN 9788497341370.
    • Solé i Sabaté, Josep Maria and Villarroya, Joan. España en llamas. La Guerra Civil desde el aire. — Temas de Hoy, 2003. — ISBN 9788484603023.