Буканье́ры (ад франц. bûcher "вогнішча") — піраты Карыбскага мора ў XVII - XVIII стст.
Назва буканьераў паходзіць ад назвы прыстасавання для самажання мяса (на мове таіна buccan) або французскага слова bûcher "вогнішча". Першапачаткова так называліся каланісты з Францыі, Англіі і Галандыі, якія ў XVII ст. сяліліся на астравах Тартуга і Гаіці і займаліся паляваннем. У 1630-ых гг. пачаліся сутыкненні паміж імі і іспанскімі ўладамі, што прывяло да распаўсюджання сярод буканьераў пірацтва. Само слова "буканьер" стала значыць "пірат".
Галоўнай базай буканьераў да 1680 г. з'яўляўся востраў Тартуга. Пасля забароны пірацтва частка буканьераў перанесла сваю дзейнасць у Індыйскі акіян, дзе былі створаны буйныя пірацкія паселішчы на астравах Мадагаскар і Сен-Мары.
Буканьеры звычайна аб'ядноўваліся ў каманды. Прычым, у іх склад маглі ўваходзіць людзі рознага паходжання, у тым ліку збеглыя рабы. Паміж імі захоўвалася роўнасць. Каманда выбірала правадыра або капітана, які павінен быў абумаўляць з ёю найбольш важныя дзеянні. Некаторыя каманды ствараліся на час пэўных акцый. Было дазволена пераходзіць з адной каманды ў іншую. Трафеі падзяляліся на загадзя агавораныя паі. Значны пай належаў капітану.
На востраве Тартуга існавала сталае буйное пірацкае аб'яднанне - брацтва (matelotage). Яго чальцы захоўвалі роўнасць і дэмакратычныя парадкі кіравання. Акрамя паёў за трафеі, яны маглі атрымоўваць сацыяльныя выплаты за раненні ў баях і інваліднасць.
Першапачаткова буканьеры выкарыстоўвалі малыя судны для нападу на іспанскія галеоны, рабілі гэта патаемна, часта ўначы. Але ў друг. пал. XVII ст. многія каманды валодалі сваімі караблямі.
Для буканьераў была характэрна свая субкультура і нават жаргон (гл. Стыль, мова), які ўключаў мноства слоў з розных еўрапейскіх і індзейскіх моў.