Буразу́бка мала́я (Sorex minutus) — млекакормячая жывёла роду Буразубкі (Sorex) сямейства Землярыйкавыя (Soricidae).
Даўжыня цела 4—6, хваста 3—5 см. Важыць 3—5 г. Тулава цыліндрычнай формы, галава конусападобная з рухомым хабатком. Вочы невялікія, непрыкметныя. Вушы пакрытыя поўсцю. Поўсць кароткая, аксаміцістая. Улетку поўсць на спіне буравата-шэрая, на бруху — шаравата-белая. Узімку на спіне поўсць больш цёмная.
Пашырана на тэрыторыі Еўразіі. Жыве на ўвільготненых узлесках, вярховых і нізінных балотах, па берагах вадаёмаў, зімой часам на агародах, у садах, каля сціртаў саломы.
Корміцца насякомымі, чарвякамі, насеннем дрэў.
Размнажаецца некалькі разоў за год. Нараджае 4—12 дзіцянят.