Бяля́к, губа авечая, хрушч (Albatrellus ovinus) — шапкавы базідыяльны грыб сямейства скутыгеравых.
Шапка дыяметрам 5—10 см, пукатая, потым пляскатая, з хвалістым краем; белая, часта са светла-жоўтымі плямамі. Трубачкі кароткія, з дробнымі порамі белага або лімонна-жоўтага колеру, прырослыя да мякаці. Мякаць белая, шчыльная, сырападобная, пры высыханні жаўцее. Ножка цыліндрычная, да асновы звужаная, белая, гладкая, даўжынёй 3—4 см і 1—2 см у дыяметры. Споры гладкія, бясколерныя, амаль круглыя.
Распаўсюджаны пераважна ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар’я і ў Аўстраліі. Пашыраны на тэрыторыі Беларусі ў старых хвойных лясах, расце часта вялікімі групамі ў жніўні — верасні.
У маладым узросце ядомы грыб, спажываецца свежы, сушаны.