Вальвокс[1], вольвакс (Volvox) — род каланіяльных зялёных водарасцей. Развіваецца ў затоках рэк і сажалках, нярэдка выклікаючы «цвіценне» вады.
Калонія вольвакса мае выгляд слізістага зялёнага шара дыяметрам 2—3 мм. У калоніях вольвакса колькасць клетак пастаянная і даволі вялікая (ад 500 да некалькіх дзясяткаў тысяч у розных відаў). Клеткі размешчаны ў адзін слой па краі калоніі, а цэнтр заняты сліззю. Клеткі злучаны паміж сабой цяжамі цытаплазмы. Кожная клетка мае па два жгуцікі, накіраваныя вонкі калоніі. З іх дапамогай вольвакс перамяшчаецца ў вадзе.
Вольвакс належыць да аўтатрофных пратыстаў. Фотасінтэзуючы, ён утварае крухмал і выдзяляе кісларод. Кожная клетка калоніі паглынае мінеральныя рэчывы з навакольнага асяроддзя ўсёй сваёй паверхняй. Роля клетак у калоніі вольвакса неаднолькавая. Адны з іх толькі жывяцца і растуць. Такіх клетак большасць. Іншыя клеткі прымаюць удзел у размнажэнні.
Размнажаецца вольвакс бясполым і палавым спосабамі. Для бясполага размнажэння служаць спецыяльныя клеткі, з якіх пасля многіх дзяленняў утвараецца даччыная калонія вольвакса. Пасля разбурэння мацярынскай калоніі даччыныя калоніі вызваляюцца і пачынаюць жыць самастойна. Пры палавым размнажэнні вольвакса ў яго гаметангіях утвараюцца гаметы. Мужчынскія гаметы — сперматазоіды — рухаюцца пры дапамозе жгуцікаў. Жаночыя гаметы — яйцаклеткі — нерухомыя. У выніку зліцця гамет утвараецца зігота, якая пасля перыяду спакою дае пачатак новай калоніі.
Паводле базы даных AlgaeBase род уключае наступныя віды[2]:
- Vovox africanus G.S.West, 1910
- Volvox amboensis M.F. Rich et Pocock, 1933
- Vovox aureus Ehrenb., 1832 — Вальвокс залацісты
- Volvox barberi W.R. Shaw, 1922
- Volvox capensis M.F. Rich et Pocock, 1933
- Volvox carteri F. Stein, 1873
- Volvox chaos L., 1758
- Volvox dissipatrix (W.R. Shaw) Printz, 1927
- Volvox fertilis Nayal
- Volvox gigas Pocock, 1933
- Volvox globator L., 1758 — Вальвокс шарападобны
- Volvox merrillii W.R. Shaw
- Volvox migulae (W.R. Shaw) Printz, 1927
- Volvox obversus (W.R. Shaw) Printz, 1927
- Volvox ovolis Pocock ex Nozaki et A.W.Coleman, 2011
- Volvox pocockiae R.C. Starr, 1970
- Volvox polychlamys Korshikov, 1938 — Вальвокс шматабалонкавы
- Vovox rousseletii G.S.West, 1910
- Volvox perglobator J.H.Powers
- Volvox pilula O.F.Müll.
- Volvox powersii (W.R. Shaw) Printz, 1927
- Volvox spermatosphaera Power, 1908
- Volvox tertius Art. Meyer, 1896
- Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9