Варвара Андрэеўна Карынская | |
---|---|
Дата нараджэння | 3 кастрычніка 1886[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 18 кастрычніка 1983[1] (97 гадоў) ці 19 кастрычніка 1983[2] (97 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | дызайнер касцюмаў |
Месца працы | |
Вучоба | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Варвара Андрэеўна Карынская (англ.: Barbara Karinska; 3 кастрычніка 1886, Харкаў, Расійская імперыя — 18 кастрычніка 1983, Нью-Ёрк, ЗША) — украінская і амерыканская мастачка па касцюмах, аўтар сцэнічных касцюмаў для кіно і балета, яе праца аказала моцны ўплыў на сучасны выгляд балетнай пачкі.
Лаўрэат прэміі «Оскар» за лепшы дызайн касцюмаў для фільма «Жанна д’Арк».
Нарадзілася 3 кастрычніка 1886 года ў Харкаве ў сям’і харкаўскага купца-мільянера Андрэя Якаўлевіча Жмудскага (трэцяя з 10 яго дзяцей, старэйшая дачка). З дзяцінства захаплялася вышываннем. Вывучала права ў Харкаўскім універсітэце.
У 1908 годзе выйшла замуж за Аляксандра Майсеенку, сына багатага харкаўскага прамыслоўца. Яе муж памёр у 1909 году, праз некалькі месяцаў пасля нараджэння іх дачкі Ірыны. У 1910 годзе выйграла судовы працэс са сваім старэйшым братам, Анатолем, уладальнікам газеты «Утро», у выніку чаго атрымала апеку над яго двухгадовым сынам Уладзімірам.
Неўзабаве Варвара зноў выйшла замуж за адваката Мікалая Карынскага (1873—1948). З паспяховым развіццём яго юрыдычнай практыкі ў 1915 годзе сям’я Карынскіх пераехала ў Маскву, дзе Варвара набыла кватэру. Варвара стала гаспадыняй салона, які прымаў інтэлігентную публіку кожны вечар пасля тэатральных ці балетных спектакляў. Развівала ўласную мастацкую тэхніку, дзе выкарыстоўвала камбінацыю кавалкаў каляровай шаўковай марлі з фатаграфіямі і малюнкамі. Тэмай яе першых прац быў балет. Пасля працяглага самаўдасканалення яна выставіла 12 сваіх прац у папулярнай маскоўскай галерэі.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Мікалая Карынскага прызначылі пракурорам Петраградскай Судовай палаты. У 1919—1920 гадах ён займаў высокія пасады на тэрыторыях, якія кантраляваліся Добраахвотніцкай арміяй. У гэты перыяд Варвара з дзецьмі праводзілі жыццё паміж Харкавам і Сімферопалем. Пасля захопу Крыма бальшавікамі сям’я змушана раз’ядналася — Мікалай Карынскі эміграваў, а Варвара з дзецьмі засталася ў Савецкай Расіі і неўзабаве завочна развялася з мужам-«белагвардзейцам».
У 1921 годзе Карынская вярнулася ў Маскву, дзе неўзабаве выйшла замуж за Уладзіміра Мамантава, сына аднаго з багатых маскоўскіх дарэвалюцыйных прамыслоўцаў. Ва ўмовах НЭП Карынская зноў адкрыла салон, дзе збіраліся мастакі, інтэлектуалы і чыноўнікі. Яна адкрыла мадэльнае атэлье па пашыве адзення і капялюшыкаў haute-couture, антыкварную краму і школу вышывання, якую савецкая ўлада неўзабаве нацыяналізавала.
У 1924 годзе пры падтрымцы наркама асветы РСФСР Анатоля Луначарскага Варвара з сям’ёй выехала за мяжу СССР пад выглядам арганізацыі выстаўкі прац яе вучняў у краінах Еўропы. Пасля нядоўгага знаходжання ў Берліне і Бруселі яна аказалася ў Парыжы, а ў 1939 годзе пераехала з сям’ёй у Нью-Ёрк.
Працавала з Сальвадорам Далі, Маркам Шагалам ды іншымі мастакамі. Стварала касцюмы для трупы «Ballet Russe de Monte Carlo» і іншых балетных труп.
У 1940-1970-х гадах ёю былі выраблены амаль усе касцюмы да пастаноў Джорджа Баланчына, спачатку па эскізах мастакоў, потым усё часцей самастойна: «Вальс» (1951), «Шатландская сімфонія» (1952), «Шчаўкунок» (1954), «Блішчалае алегра» (1956), «Дывертысмент № 15» (1956), «Па дэ дэ Чайкоўскага» (1960), «Сон у летнюю ноч» (1962), «Каштоўнасці» (1967), «Другі канцэрт Чайкоўскага» (1973). Акрамя працы ў New York City Ballet, выконвала сцэнічныя касцюмы для розных танцавальных калектываў, мюзіклаў на Брадвеі і фільмаў у Галівудзе. Колькасць балетаў, да якіх былі падрыхтаваны касцюмы, набліжаецца да 50.
Пры вырабе гарнітураў Карынская ўжывала мяккія спадніцы, якія не замінаюць рухам танцоркі. Карынская лічыцца стваральнікам менавіта агульнапрынятай сёння ў свеце балетнай пачкі. Яна адышла ад выкарыстання абручоў і спіц, вырабляла шматслаёвыя лёгкія пачкі, якія паказвалі і стан, і ногі балярыны.
Стала лаўрэатам прэміі «Оскар» за лепшы дызайн касцюмаў для фільма «Жанна д’Арк». Была намінавана на «Оскар» за касцюмы да фільма-балета «Ганс Хрысціян Андэрсан».
Памерла 18 кастрычніка 1983 года ў Нью-Ёрку.