Васіль Васілевіч або Васіль Цёмны (1415 — 1462) — вялікі князь маскоўскі з 1425, сын вялікага князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча.
У княжанне Васіля II адбывалася працяглая феадальная міжусобная вайна. Яго сапернікамі выступіла кааліцыя ўдзельных князёў на чале з яго дзядзькам — галіцкім князем Юрыем Дзмітрыевічам і яго сынамі Васілём Касым і Дзмітрыем Шамякам. Падчас войнаў, ускладненых адначасовай барацьбой з Казанню і Вялікім княствам Літоўскім, велікакняжацкі сталец некалькі раз пераходзіў да галіцкіх князёў, якіх падтрымлівалі Ноўгарад і часова Цвер. Васіль II быў аслеплены (1446) Дзмітрыем Шамякам, ад гэтага атрымаў мянушку «Цёмны», аднак урэшце ён у пачатку 1450-х гадоў перамог. Васіль Цёмны ліквідаваў амаль усе дробныя ўдзелы ўнутры Вялікага княства Маскоўскага, умацаваў велікакняжацкую ўладу. У выніку шэрагу паходаў у 1441—1460 гадах узмацнілася залежнасць ад Масквы Суздальска-Ніжагародскага княства, Наўгародскай зямлі, Пскова і Вяцкай землі. Пры падтрымцы Васіля Цёмнага мітрапалітам маскоўскім абраны разанскі епіскап Іёна (1448), што значыла фактычную незалежнасці Маскоўскай мітраполіі ад Канстанцінопальскага патрыярха.