Васіль Кандзінскі | |
---|---|
руск.: Василий Васильевич Кандинский | |
Дата нараджэння | 4 (16) снежня 1866 |
Месца нараджэння | Масква (Расійская імперыя) |
Дата смерці | 13 снежня 1944 (77 гадоў) |
Месца смерці | Нёі-сюр-Сен (Францыя, каля Парыжа) |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Жонка | Nina Nikolajewna Andreevskaja[d] |
Род дзейнасці | мастак, выкладчык універсітэта, тэарэтык мастацтва, настаўнік, адвакат, ілюстратар, мастак-гравёр, графік, архітэктурны чарцёжнік, сцэнограф, дызайнер, скульптар, рысавальнік |
Месца працы | |
Жанр | жывапісец, графік і тэарэтык выяўленчага мастацтва |
Вучоба | прыватная студыя Антона Ашбэ (Мюнхен), Акадэмія Вытанчаных Мастацтваў (Мюнхен) |
Мастацкі кірунак | экспрэсіянізм[5], сімвалізм[5] і Баўгауз[5] |
Уплыў | Франц фон Штук, Джозеф Альберс, Антон Ажбэ[d] і Luigi Iorini[d] |
Уплыў на | Sten Djurberg[d] і Q112260799? |
Член у | |
Сайт | wassilykandinsky.net (англ.) |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Васі́ль Васі́льевіч Кандзі́нскі (16 снежня 1866, Масква — 13 снежня 1944, Нёі-сюр-Сен, Францыя) — расійскі мастак, графік і тэарэтык выяўленчага мастацтва, адзін з заснавальнікаў абстракцыянізму. Кандзінскі паходзіў з сям’і нерчанскіх купцоў, нашчадкаў катаржнікаў. Яго бабуля была тунгускай князёўнай Ганцімуравай, а бацька быў прадстаўніком старажытнага забайкальскага (Кяхта) роду Кандзінскіх, якія паходзілі ад прозвішча князёў мансійскага Кандзінскага княства.
Творчасць Васіля Васільевіча Кандзінскага — унікальная з’ява расійскага і еўрапейскага мастацтва. Менавіта гэтаму мастаку, адоранаму магутнай здольнасцю, бліскучым інтэлектам і тонкай духоўнай інтуіцыяй, наканавана было здзейсніць сапраўдны пераварот у жывапісе і стварыць першыя абстрактныя кампазіцыі.
Лёс Кандзінскага складаўся не зусім звычайна. Да трыццаці гадоў ён і не падумваў пра мастацтва. Скончыўшы ў 1893 г. юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, ён пачаў працаваць над дысертацыяй, удзельнічаў у этнаграфічнай экспедыцыі на поўнач Расіі, а ў 1896 г. атрымаў запрашэнне з Дэрпцкага ўніверсітэта (цяпер Тарту, Эстонія) заняць пасаду прыват-дацэнта. Але ў тым жа годзе Кандзінскі раптам змяніў сваё жыццё. Нагодай для гэтага паслужыла ўражанне ад карціны «Стог сена» Клода Манэ на Французскай індустрыяльнай і мастацкай выставе ў Маскве. Адмовіўшыся ад кафедры, ён з’ехаў у Германію вучыцца жывапісу. Кандзінскі пасяліўся ў Мюнхене, які на мяжы стагоддзяў быў прызнаным цэнтрам нямецкага мадэрну. Займаўся спачатку ў прыватнай школе жывапісу, а пазней у Мюнхенскай акадэміі майстэрства ў Франца фон Штука.
Знаходзячыся ў Германіі, Кандзінскі амаль кожны год наведваў Расію і экспанаваў свае працы на выставах Маскоўскага таварыства мастакоў, Новага грамадства мастакоў і інш. У часопісах «Свет мастацтва» і «Апалон» з’яўляліся яго артыкулы пра мастацтва Германіі, якое сыграла важкую ролю ў фарміраванні творчай асобы жывапісца. Адначасова Кандзінскага хвалявала і натхняла руская мастацкая традыцыя: абразы, старажытныя храмы, казачныя персанажы. Усе яны часта прысутнічаюць у яго працах, што кажа пра ўплыў на яго майстроў «Свету мастацтва».
Кандзінскі быў прыроджаным лідарам. Ужо з 1901 г., ледзь скончыўшы навучанне, ён узначаліў мастацкую суполку «Фаланга», удзельнічаў у яе выставах і працаваў у створанай пры ёй школе. У 1909 г, майстар арганізаваў «Новае мюнхенскае мастацкае аб’яднанне», а ў 1912 г. — групу «Сіні вершнік».
Мастак пакінуў Расію назаўжды пасля таго, як быў пасланы ў камандзіроўку ў Берлін (1921). У Германіі выкладаў у «Баўхаўсе» (з 1922, у Веймары і Дэсаў), займаючыся галоўным чынам агульнай тэорыяй формаўтварэння; выказаў свой педагагічны досвед у кнізе «Кропка і лінія на плоскасці», выдадзенай на нямецкай мове ў 1926 годзе. Яго касмалагічныя фантазіі (графічная серыя «Малыя сусветы», 1922) знаходзяць у гэты перыяд больш рацыянальна-геаметрычны характар, збліжаючыся з прынцыпамі супрэматызму і канструктывізму, але захоўваючы сваю яскравую і рытмічную дэкаратыўнасць («У чорным квадраце», 1923; «Некалькі кругоў», 1926; абедзве карціны — у Музеі С. Гугенхайма, Нью-Ёрк). У 1924 майстар утварыў разам з Яўленскім, Л. Фейнінгерам і П. Клеэ аб’яднанне «Сіняя чацвёрка», уладкоўваючы з імі сумесныя выстаўкі. Выступіў як мастак сцэнічнай версіі сюіты М. П. Мусаргскага «Малюнак з выстаўкі ў тэатры Дэсаў» (1928).
Пасля закрыцця нацыстамі «Баўхаўса» (1932) пераехаў у Берлін, а ў 1933 — у Францыю, дзе жыў у Парыжы і яго прыгарадзе Нёі-сюр-Сен. Выпрабаваўшы значнае ўздзеянне сюррэалізму, усё часцей уводзіў у свае карціны — нароўні з ранейшымі геаметрычнымі структурамі і знакамі — аморфныя элементы, падобныя да нейкіх першасных арганізмаў, якія лётаюць у міжпланетнай пустэчы («Дамінантная крывая», 1936; «Блакітнае неба», 1940, Цэнтр Ж. Пампіду, Парыж; «Разнастайныя дзеянні», 1941, музей С. Гугенхайма, Нью-Ёрк). З пачаткам нямецкай акупацыі (1939) намерваўся эмігрыраваць у ЗША і правёў некалькі месяцаў у Пірэнеях, але ў выніку вярнуўся ў Парыж, дзе працягваў актыўна працаваць, у тым ліку над праектам камедыйнага фільма-балета, сумесна з кампазітарам Хартманам.
З 1946 па 1961 год па ініцыятыве ўдавы мастака ў Парыжы ўручалася прэмія Кандзінскага (у Расіі адроджана ў 2007 годзе, як штогадовая нацыянальная прэмія ў галіне сучаснага мастацтва).