Вацлаў Ганка | |
---|---|
чэшск.: Václav Hanka | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 10 чэрвеня 1791[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 студзеня 1861[1][2][…] (69 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | мовазнавец, паэт, бібліятэкар, архівіст, педагог, перакладчык, пісьменнік, гісторык, археолаг, славіст, выкладчык універсітэта |
Мова твораў | чэшская і нямецкая |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ва́цлаў Га́нка (чэшск.: Vác(es)lav Hanka; 10 чэрвеня 1791, Горжыневес пад Кёніггрэцам — 12 студзеня 1861, Прага) — чэшскі філолаг і паэт, дзеяч нацыянальнага адраджэння. Вядомы як складальнік фальшывых Краледворскага і Зеленагорскага рукапісаў.
Вацлаў Ганка нарадзіўся ў Горжыневесе пад Кёніггрэцам. У 1807 годзе быў адпраўлены ў школу, каб пазбегнуць выкліку ў аўстрыйскае войска. Пасля сканчэння паступіў у Пражскі ўніверсітэт, дзе заснаваў суполку развіцця чэшскай мовы. У 1813—1814 гадах вывучаў права ў Вене, дзе выдаваў чэшскую газету і пазнаёміўся з заснавальнікам славянскай філалогіі Ёсефам Добраўскім.
16 верасня 1817 года Ганка паведаміў, што знайшоў у вежы царквы ў Кёнігінгофе-ан-дэр-Эльбэ (бел.: Двор каралеўны над Лабай) рукапіс багемскіх паэм XIII стагоддзя, а ў наступным годзе — што атрымаў ад ананіма рукапіс, які быў названы «Зеленагорскім» пасля таго, як была апублікавана версія пра выяўленне яго ў Грунбергскім замку (бел.: Зялёная гара) каля Непамука.
«Рукапісы каралеўскага двара і Зялёнай гары» (чэшск.: Rukopisy Královédvorský a Zelenohorský) былі апублікаваны ў 1818 годзе з паралельным перакладам на сучасную чэшскую мову, а таксама з нямецкім перакладам Свобады. Арыгіналы рукапісаў Вацлаў Ганка перадаў у Багемскі музей у Празе, дзе працаваў бібліятэкарам з 1822 года.
Аднак яшчэ да публікацыі Добраўскі назваў урывак «Зеленагорскага рукапісу», вядомы як «Суд Лібушэ», відавочнай падробкай, хоць і паверыў у аўтэнтычнасць «Краледворскага рукапісу». Не паверыў Ганку і другі яго настаўнік — славенец Ерней Копітар. Аднак усё маладое пакаленне чэшскіх асветнікаў сустрэла «адкрыцці» Ганкі з захапленнем. Праз некалькі гадоў змяніў сваё меркаванне і Добраўскі. Аднак сучасныя чэшскія даследчыкі лічаць «Зеленагорскі рукапіс» падробкай.
14 чэрвеня 1827 года Вацлаў Ганка, шукаючы па просьбе кёнігсбергскага прафесара Э. Г. Графа ў Пражскім музеі слоўнікі з нямецкімі глосамі, наткнуўся на лацінскамоўны энцыклапедычны слоўнік «Mater Verborum» з упісанымі на яго старонках чэшскімі глосамі. Ён выдаў іх у алфавітным парадку ў 1833 годзе як найістотнейшую крыніцу звестак пра старажытначэшскую мову. Праведзены пазней, ужо пасля яго смерці Адольфам Патэрам палеаграфічны аналіз паказаў, што большасць чэшскіх глосаў сфабрыкаваныя з лацінскіх. Цяпер большасць славістаў лічыць чэшскія глосы «Mater Verborum» маланадзейнай крыніцай.
Дзякуючы Ганку (і яго імавернаму суаўтару Ёсефу Лінду) спраўдзіліся чаканні дзеячаў чэшскага нацыянальнага адраджэння — «знайшліся» помнікі старажытнага пісьменства, якія не саступалі па даўнасці і разнастайнасці зместу рускім і сербскім помнікам, і да таго ж утрымлівалі карціну гераічнай і дэмакратычнай мінуўшчыны Чэхіі, а таксама антынямецкія нападкі.
Беспрэцэдэнтна працягламу поспеху фальсіфікацый спрыяла не толькі ідэальная адпаведнасць палітычным спадзяванням чэшскіх патрыётаў, але і літаратурны талент, высокія на той час славістычная кваліфікацыя і тэхнічнае майстэрства Ганкі, які на паўстагоддзя апярэдзіў магчымасці сучаснай яму навукі. Няўдалая спроба кампаніі па доказе падробленасці рукапісаў, прадпрынятая аўстрыйскай паліцыяй і рэдактарам аўстрыйскай газеты незадоўга да смерці аўтара (1860), здавалася, надоўга замацавала яго гістарычную перамогу: Ганка выйграў судовы працэс супраць аўстрыйцы Ку і сышоў у труну з арэолам мучаніка нацыянальнага адраджэння.
Вацлаў Ганка пісаў таксама вершы, склаў пяцітомнік фальклору «Старажытныя паданні» (1817—1826), выдаў «Кароткую гісторыю славянскіх народаў» (1818).
У выніку мовазнаўчай спрэчкі з Францішкам Палацкім правёў рэформу арфаграфіі чэшскай мовы (увёў выкарыстанне v замест w, au замест ou). Паводле прапанаванага Ёсефам Добраўскім плану склаў «Чэшскую граматыку» (1822) і «Польскую граматыку» (1839).
Пераклаў на чэшскую «Слова пра паход Ігаравы» (1821) з кансультацыямі Добраўскага і Аляксандра Шышкова; пасля выдаў і нямецкі пераклад «Слова», з якім быў знаёмы Аляксандр Пушкін. Выдаў Рэймскае (1846) і «Астрамірава Евангеллі» (1853). За публікацыю першага з іх быў узнагароджаны крыжам ордэна святой Ганны ад расійскага цара Мікалая I і брыльянтавым пярсцёнкам ад аўстрыйскага імператара Фердынанда I.
Узімку 1848 года стаў выкладчыкам (з 1849 года — прафесар) славянскіх моў у Пражскім універсітэце, дзе працаваў да скону.
Цягам амаль паўстагоддзя Ганка вёў актыўную працу па абмене інфармацыяй між славістамі розных краін. Збольшага дзякуючы яго высілкам Прага стала буйным цэнтрам славістыкі. У 1848 годзе Вацлаў Ганка ўзяў удзел у Пражскім славянскім кангрэсе, а таксама іншых мірных падзеях рэвалюцыі 1848—1849 гадоў з пазіцый панславізму. Стаў заснавальнікам палітычнага таварыства «Slovanská Lípa» і быў абраны ў імперскі рэйхсрат у Вене, аднак адмовіўся ад гэтай пасады.
Адыграў значную ролю ў знаёмстве чэхаў з рускай літаратурай, быў абраны сябрам-карэспандэнтам Пецярбургскай Акадэміі навук.
Сканаў у Празе 12 студзеня 1861 года, пахаваны на Вішаградскіх могілках.
Палеаграфічны аналіз «Mater Verborum», праведзены Адольфам Патэрам, стаў істотным крокам на шляху прызнання падробленасці старажытных рукапісаў, знойдзеных Ганкам. Адной з мэт падробкі чэшскіх глосаў было падмацаванне сапраўднасці Краледворскага і Зеленагорскага рукапісаў. Імёны славянскіх бостваў і назвы планет, прыведзеныя ў «Mater Verborum», цягам паўстагоддзя фігуравалі ў якасці крыніц па славянскай міфалогіі; да цяперашняга часу яны сустракаюцца там-сям у ненавуковых сачыненнях па паганстве.
Першым крокам да выкрыцця фальсіфікацыі Краледворскага і Зеленагорскага рукапісаў было прызнанне найноўшай падробкай «Любоўнай песні караля Вацлава» паводле рашэння асаблівай камісіі Чэшскага музея 1857 года, скліканай на патрабаванне Юліуса Фейфаліка[7].
Канчаткова фальшывасць абодвух рукапісаў з розных пунктаў погляду (тэхніка-палеаграфічнага, гістарычнага і лінгвістычнага) была навукова даведзеная толькі на мяжы XIX і XX стагоддзяў. Значную ролю ў каардынацыі дзеянняў спецыялістаў у розных галінах навукі ў 1880-я — 1890-я гады адыграў будучы прэзідэнт Чэхаславакіі Томаш Масарык, які і сам выступаў на старонках часопіса «Athenaeum» як крытык рукапісаў з эстэтычнага пункту гледжання.
Быў выяўлены факт напісання рукапісаў на абрэзках старажытнага пергаменту, з якога быў змыты стары тэкст (палімпсест); прымяненне берлінскага лазурку, які пачаў вырабляцца ў XVIII стагоддзі; змешванне напісанняў рознага часу і няўпэўнены почырк (абвядзенне абрысаў, падчысткі), на 6 тысяч словаў — каля тысячы памылак у старажытначэшскай мове, фактычныя анахранізмы і г. д. У вырабе рукапісаў з вялікай доляй імавернасці ўзяў удзел таксама Ёсеф Лінда, хутка выяўленая падробка якога («Песня пад Вышаградам») ужываецца ў тэксце. У 1899 годзе нават з’явілася версія пра тое, што ў Краледворскім рукапісе Ганка пакінуў аўтарскі знак — зашыфраваны лацінскі надпіс «Hanka fecit» (бел.: Ганка зрабіў), аднак гэта не пацвердзілася.
Бадай, самая «шкодная» Ганкава фальсіфікацыя — апавяданне пра перамогу Яраслава з Штэрнберка пад Оламаўцам над мангола-татарамі ў 1242 годзе (адна з песняў Краледворскага рукапісу). Гэтая міфічная бітва вандруе з адной гістарычнай працы ў іншую і пасля выкрыцця фальсіфікацый, яна нават трапіла ў трэцяе выданне Вялікай савецкай энцыклапедыі.
Імя Вацлава Ганкі ўнесена ў спіс 72 выбітных асоб Чэхіі .
На роднай хаце Вацлава Ганкі ў Горжыневесе ўсталяваная мемарыяльная таблічка з выразам «Народы не паміраюць, пакуль жыве мова».