Нарадзілася |
2 лістапада 1979[1] (45 гадоў) |
---|---|
Грамадзянства | |
Рэзідэнцыя | Тарасава, Мінская вобласць, Беларусь[2] |
Рост | 172 см |
Вага | 60 кг[3] |
Прафесійная кар’ера | 1994 — 2004 |
Вядучая рука | правая |
Прызавыя грошы | 548 692 |
Адзіночны разрад | |
Вынікі (в/п) | 201–174[1] |
Тытулы | 3 ITF |
Найвышэйшы рэйтынг | 49 (2 сакавіка 1998 года) |
Турніры серыі Вялікага шлема | |
Аўстралія | 3-е кола (1998) |
Францыя | 2-е кола (1999) |
Уімблдан | 4-е кола (2000) |
ЗША | 3-е кола (1997) |
Парны разрад | |
Вынікі (в/п) | 70–84[1] |
Тытулы | 4 ITF |
Найвышэйшы рэйтынг | 81 (19 кастрычніка 1998 года) |
Турніры серыі Вялікага шлема | |
Аўстралія | 1-е кола (1998, 2000) |
Францыя | 1-е кола (1998, 1999) |
Уімблдан | 2-е кола (1998, 1999) |
ЗША | 1-е кола (1998) |
barabanschikova.com | |
Апошняе абнаўленне: Завяршыла выступленні |
Вольга Уладзіміраўна Барабаншчыкава (нар. 2 лістапада 1979 года, Мінск) — беларуская тэнісістка, спявачка, тэлевядучая і дызайнер адзення. Пераможца 7 турніраў ITF (3 — у адзіночным разрадзе), паўфіналістка Алімпійскіх гульняў 2000 года ў жаночым парным разрадзе, гулец зборнай Беларусі ў Кубку Федэрацыі, пераможца Уімблданскага турніру ў парным разрадзе сярод дзяўчын (1996). Бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы па пляжным тэнісе (2008).
Нарадзілася ў сям’і Уладзіміра і Таццяны Барабаншчыкавых[4]. Бацька па прафесіі эканаміст, маці — архітэктар. Тэнісную секцыю пачала наведваць у сем гадоў па ініцыятыве маці і некаторы час была першай ракеткай СССР сярод дзяўчын у сваёй узроставай катэгорыі. У 6-м класе на два гады з’ехала ў Бельгію для больш сур’ёзнага развіцця тэніснай кар’еры, пасля гэтага пяць гадоў жыла ў Лондане без бацькоў[5].
У 1994 годзе згуляла свае першыя матчы ў дарослых турнірах ITF. У студзені 1995 года выйграла свой першы турнір ITF у парным разрадзе, а ў кастрычніку таго ж года ў Пуацье (Францыя) — у адзіночным (пачаўшы з кваліфікацыйнага адбору і выйграўшы 8 матчаў запар)[6]. У 1996 годзе, ва ўзросце 17 гадоў, стала пераможцай Уімблданскага турніру ў пары з Амелі Марэсмо (Францыя)[5]. Дэбютавала ў складзе зборнай Беларусі ў Кубку Федэрацыі — асноўным жаночым турніры на ўзроўні нацыянальных зборных — і прынесла ёй ачкі ў сустрэчах з суперніцамі з каманд Вялікабрытаніі, Расіі і Італіі. У тым жа годзе ўпершыню прадстаўляла Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Атланце, але выбыла з барацьбы ў першым коле[6].
У красавіку 1997 года ўпершыню ўвайшла ў сотню мацнейшых тэнісістак свету паводле рэйтынгу WTA. Прабілася ў трэцяе кола Адкрытага чэмпіянату ЗША, абыйграўшы пасеяную пад 13-м нумарам Брэнду Шульц-Макарці, і скончыла сезон на 59-м месцы ў рэйтынгу. На наступны год выйшла ў трэцяе кола Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі і неўзабаве пасля гэтага паднялася ў рэйтынгу на найвышэйшую ў кар’еры 49-ю пазіцыю. У жніўні ў Стамбуле ўпершыню ў кар’еры дасягнула фіналу ў турніры WTA, прайграўшы ў вырашальным сэце на тай-брэйку першай ракетцы турніру Генрыеце Надзьявай; пазней у Токіа на шляху да чвэрцьфіналу перамагла 11-ю ракетку свету Дамінік ван Рост[6]. У складзе зборнай Беларусі прабілася ў II Сусветную групу.
У 1999 годзе ў Браціславе, выступаючы з Ліліяй Остэрла, трапіла ў фінал турніру WTA ў парным разрадзе, згуляла таксама ў паўфінале турніру WTA ў Кноке-Хейст з Эмілі Луа; у адзіночным разрадзе, аднак, рэзультаты пагоршыліся, і за сезон Барабаншчыкава толькі тры разы праходзіла далей за другое кола. У 2000 годзе яна дасягнула свайго найлепшага выніку ў турнірах Вялікага шлема, абыйграўшы на Уімблдане суперніц, пасеяных пад 15-м і 25-м нумарамі і дайшоўшы да чацвёртага кола[6]. Выступаючы на Алімпіядзе ў Сіднеі, заняла ў пары з Наталляй Зверавай чацвёртае месца[7].
Сезон 2001 года скончыўся для беларускай тэнісісткі ў красавіку і рэшту года яна прапусціла праз аперацыю на ахілавым сухажыллі. Па вяртанні на корт займала на пачатку 2002 года 784 месца ў рэйтынгу, гуляла ў асноўным у турнірах ITF, здолеўшы вярнуцца ў топ-200 і заваяваўшы за 2002 і 2003 гады яшчэ тры тытулы ў адзіночным і парным разрадах[6]. Да 2003 года працягвала прадстаўляць зборную Беларусі ў Кубку Федэрацыі, у агульнай складанасці згуляўшы ў 35 матчах (баланс перамог і паражэнняў 17-13 у адзіночным і 16-4 у парным разрядзе).
Апошнім турнірам у прафесійнай кар’еры стаў Кубак Нявы 2004 года. Да яго пачатку ў Барабаншчыкавай пачаліся болі ў плячы, якія ўзмацніліся пасля турніру. Неабходнасць зноў перапыніць выступленні прывяла да рашэння пра завяршэнне выступленняў у прафесійным тэнісе[7].
У далейшым актыўна ўдзельнічала ў спаборніцтвах па пляжным тэнісе. У 2008 годзе ў пары са Зверавай заваявала бронзавы медаль на чэмпіянаце Еўропы ў Рычонэ (Італія)[8]. Гэтая ж пара прабілася ў фінал турніру Moscow Beach Tennis Open у 2011 годзе[9] і чвэрцьфінал чэмпіянату свету ў Рыме[10].
Год | 1995 | 1996 | 1997 | 1998 | 1999 | 2000 | 2001 | 2002 | 2003 | 2004 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Адзіночны разрад |
260 | 150 | 58 | 49 | 55 | 63 | 74 | 179 | 121 | 144 |
Парны разрад |
348 | 289 | 129 | 97 | 115 | 300 | 333 | 221 |
У дзяцінстве Вольга марыла стаць танцоўшчыцай, потым актрысай, але заняткі прафесійным спортам змусілі яе часова адмовіцца ад гэтых планаў[7]. Пасля таго, як у 1999 годзе галасаваннем у часопісе «Tennis» Барабаншчыкаву прызналі найбольш сексуальнай тэнісісткай свету[11], яна атрымала прапанову паўдзельнічаць у фотасесіі ад часопіса «Playboy». Хоць перамовы прасунуліся даволі далёка, у выніку тэнісістка вырашыла адмовіцца ад прапановы[7].
Кар’еру ў шоу-бізнесе пачала дзякуючы франтмену гурта «Харлі» Яўгену Чалышаву, які ў 2004 годзе запрапанаваў тэнісістцы, чыя кар’ера набліжалася да завяршэння, паспрабаваць сябе на сцэне. У верасні таго ж года была запісана першая песня Барабаншчыкавай «Было ли не было». І гэтая песня, і наступная, «Не поверю», сталі хітамі; з песняй «Не поверю» спявачка заняла 3-е месца ў конкурсе «Песня года Беларусі — 2005: песні адыходзячай зімы», які праводзіўся тэлеканалам АНТ. У 2005 годзе выйшаў першы максі-сінгл Барабаншчыкавай «Не поверю»[5], а ў наступным — дэбютны альбом «Дорога в небо». У 2007 годзе Барабаншчыкава стала лаўрэаткай прэміі «Залатое вуха» ад станцыі «Альфа Радыё»[7]. Яшчэ адзін альбом, «Моя планета», выпушчаны ў 2013 годзе[4].
Адначасова з развіццём музычнай кар’еры працавала ў сродках масавай інфармацыі. З 2005 года была вядучай праграмы «Час спорту» Першага агульнанацыянальнага тэлеканала[5]. Пазней, на пачатку 2013 года, прыняла прапанову «Радио Мир» стаць дыджэем і вядучай хіт-параду[4]; з гэтай радыёстанцыяй працягвала супрацоўнічаць шмат гадоў[12]. Займаецца дызайнам моднага адзення, у 2014 году стварыла брэнд Candy Lady[13], у 2019 годзе перайменаваны ў Loverani[14].
Пасля раманаў з украінскім тэнісістам Андрэем Мядзведзевым і беларускім футбалістам Аляксандрам Глебам некаторы час прымала заляцанні амерыканкі Луэн Разэт. Пазней каля 10 гадоў сустракалася з расійскім менеджарам Аляксеем Селіваненкам, які займаў пасады віцэ-прэзідэнта Федэрацыі тэніса Расіі і дырэктара жаночага турніру «Кубак Крамля»[15]. Вяселле Селіваненка і Барабаншчыкавай адбылося ў чэрвені 2016 года[11]. У 2018 годзе ў сужэнцаў нарадзілася дачка Аэліта[12].