Вёска
| ||||||||||||||||||||||||
Віжайны[1] (польск.: Wiżajny) — вёска ў Польшчы, за 35 км на поўнач ад Сувалкаў, за 143 км на поўнач ад Беластока, паміж азёрамі Вістуццю і Віжайнамі, каля граніцы з Літвой. Уваходзіць у склад Сувальскага павета Падляскага ваяводства, сядзіба вясковай гміны Віжайны.
Апроч формы Віжайны, таксама сустракаюцца варыянты Віжаны[2] і Візуны[3].
Першы пісьмовы ўспамін пра Віжайны (Weyze) датуецца 1253 годам[4]. Відаць, тут існавала яцвяжскае паселішча.
З 1413 года Віжайны ўвайшлі ў склад Гарадзенскага павета Троцкага ваяводства. У гэты час імі валодалі Лазавіцкія, з другой паловы XVI стагоддзя — Радзівілы. Па загадзе апошніх тутэйшы касцёл Святога Юрыя ператварылі ў кальвінскі збор, у якім у 1603 годзе пахавалі гетмана Крыштафа Мікалая Радзівіла «Перуна».
На 1629 год у Віжайнах было 285 дымоў, якія размяшчаліся на 7 вуліцах (найбольшая з іх Павісульская з 27 дымамі, найменшая — Канецпольская з 6). У 1664 годзе касцёл быў вернуты каталікам. 11 мая 1693 кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў Віжайнам магдэбургскае права і герб: у чырвоным полі белы арол з залатой перавяззю на персях (пацвержаны 14 лютага 1792 года)[3]. Пасля Радзівілаў горадам валодалі Пуслоўскія, Плятэры, Струтынскія.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Віжайны апынуліся ў складзе Прусіі, у 1807 годзе згодна з Тыльзіцкім мірным дагаворам — у складзе Расійскай імперыі, у Сейненскім павеце Аўгустоўскай губерні. На 1827 год тут было 165 будынкаў. У 1870 годзе Віжайны былі пазбаўлены статуса горада.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Віжайны апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У часы Другой сусветнай вайны з верасня 1939 да 1945 года Віжайны знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Рэйха. У 1975—1998 гадах яны ўваходзілі ў склад Сувальскага ваяводства.