Віслава Шымборска | |
---|---|
польск.: Wisława Szymborska | |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | польск.: Maria Wisława Anna Szymborska |
Дата нараджэння | 2 ліпеня 1923[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 лютага 2012[4][1][…] (88 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Бацька | Wincenty Szymborski[d] |
Маці | Anna Szymborska[d] |
Муж | Адам Улодак |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэтка, пісьменніца, перакладчыца, эсэістка, механік, літаратурная крытык, крытык |
Мова твораў | польская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя |
|
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
прэмія Гердэра[d] (1995) ганаровы доктар Універсітэта імя Адама Міцкевіча[d] (27 лютага 1995) City of Kraków Award[d] (1954) |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Віслава Шымборска (польск.: Wisława Szymborska; 2 ліпеня 1923 — 1 лютага 2012, Кракаў) — польская паэтэса, эсэістка, літаратурны крытык і перакладчыца французскай літаратуры з пакалення Калумбаў. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 1996 год.
Нарадзілася ў 1923 годзе ў мястэчку Курнік, непадалёк ад Познані. У 1924 годзе сям’я Шымборскіх пераехала ў Познань, а ў 1931 годзе — у Кракаў. У Кракаве Віслава Шымборска скончыла пачатковую школу і паступіла ў гімназію. Падчас Другой сусветнай вайны вучылася ў падпольнай школе, а ў 1943 годзе пачала працаваць на чыгунцы, каб пазбегнуць высылкі ў Германію на прымусовыя працы. У 1945 годзе Віслава Шымборска паступіла на аддзяленне паланістыкі Ягелонскага ўніверсітэта, пасля перавялася на аддзяленне сацыялогіі, аднак у 1948 годзе матэрыяльныя праблемы прымусілі яе спыніць навучанне.
У 1948 годзе выйшла замуж за Адама Влодэка, з якім яна разышлася ў 1954 годзе. Некалькі пазней уступіла ў шлюб з пісьменнікам і паэтам Корнэлам Філіповічам, якога не стала ў 1990 годзе. Да 1966 года Шымборска была членам Польскай аб’яднанай рабочай партыі. Але пазней яна дыстанцыявалася ад сацыялізму. У 1980-х далучылася да апазіцыйнай арганізацыі «Салідарнасць» і працавала ў польскім самавыданні Arka і ў часопісе «Культура», які выдаваў у Парыжы Ежы Гедройц.
Першы верш «Шукаю слова» (Szukam słowa) быў апублікаваны ў сакавіку 1945 года ў штодзённым выданні «Польскі дзённік» (Dziennik Polski). Пад канец 1940-х выданню зборніка паэзіі Шымборскай было адмоўлена па ідэалагічных матывах, у выніку чаго паэтэса пачала збліжацца з сацыялістычным рэалізмам. Яе першы паэтычны зборнік выйшаў у 1952 годзе пад назвай «Таму жывем» (Dlatego żyjemy), сюды ўваходзілі вершы з такімі назвамі, як «Ленін», «Мы вітаем будаўніцтва сацыялістычнага горада». Духам сацыялістычнага рэалізму пранікнуты таксама і яе другі зборнік вершаў «Пытанні да самой сябе» (Pytania zadawane sobie). Пазней паэтэса адзначала, што тэматыка і стыль яе першых двух зборнікаў былі яе «юнацкім грашком». Значным крокам наперад у творчым літаратурным станаўленні Шымборскай стаў яе зборнік вершаў «Гуканне Еці» (Wołanie do Yeti), які выйшаў у 1957 годзе, і ў якім яна звярнулася да верлібру.
У гэтых і наступных зборніках «Соль» (1962), «Сто пацех» (1967) паэтэса ўздымае філасофскія, маральна-этычныя і гуманістычныя праблемы, яны напоўнены паэтыкай споведзі і рэфлексійнасцю. У паэтычных кнігах «Вялікая лічба» (1976), «Людзі на мосце» (1986), «Канец і пачатак» (1993) адчуваюцца пошукі глыбіннага эместу, першапрычыны чалавечага быцця, сувязей паміж вечным і імгненным, тоесным і нятоесным, існуючым і неіснуючым, ім уласціва лаканічная метафара, рацыянальная канструкцыя твора, іронія, блізкая да гратэску, гульні, стылізацыі, пародыі, каламбура. У зборніку «Імгненне» (2002) няспынны пазнавальны рух думкі, унутранае самавыяўленне, абвостранае адчуванне дысгармоніі свету.
У лірыцы Шымборска аддае перавагу свабоднаму вершу, напісанаму простай, незамыславатай мовай. Вершы часта маюць вельмі інтымны характар.
Выдала больш за 20 кніг, яе творы перакладзеныя на дзясяткі моў.
Яна піша так, быццам гэта простая справа, на якую здольнае нават дзіця, — складаць вершы — так казалі пра яе крытыкі.
Беларускі літаратар Альгерд Бахарэвіч заўважыў:
Што ні вазьмі ў Віславы Шымборскай — паўсюль словы зь ня самага тоўстага слоўніка, сьветлая глыбіня і нейкая падазроная чытэльнасьць: ну ня можа быць, каб паэзія другой паловы дваццатага стагодзьдзя так давалася ў рукі, а ня ў знакі, і настолькі не тлуміла, а наадварот, праясьняла галаву. Шымборска не размаўляе з інтэлектуаламі: нават знаходзячыся сярод іх, у іхных цёмных пакоях, яна гаворыць да ўсіх нас — ахвяраў усеагульнай пісьменнасьці[6]. |
Нямецкі літаратурны крытык Марсэл Райх-Ранікі характэрызаваў Шымборску як «найвыбітнейшую паэтэсу сваёй краіны, чыя надзвычай прадуманая, іранічная лірыка мае некаторую скіраванасць у бок філасофскай лірыкі».
У 1954 г. Шымборска была ўзнагароджана Літаратурнай прэміяй Кракава, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Польшчы 1955, у 1963 г. узнагароджана прэміяй польскага міністэрства культуры, у 1990 г. прэміяй Зігмунда Каленбаха, у 1991 г. прэміяй Гётэ, у 1995 г. прэміяй Гердэра. У тым жа годзе Віслава Шымборска атрымала ганаровы доктарскі тытул познаньскага Універсітэта імя Адама Міцкевіча. У 1996 годзе, поруч з прэміяй польскага ПЭН-клуба і прэміяй Самуэля Багуміля Ліндэ, Шымборска была ўзнагароджана Нобелеўскай прэміяй «за яе творчасць, якая іранічна-дасканала раскрывае гістарычную і біялагічную сувязь у фрагментах чалавечай рэчаіснасці».
|
|
На беларускую мову яе творы пераклалі А. Брусевіч, А. Вярцінскі, Х. Граматовіч, А. Емяльянаў-Шыловіч, М. Казлоўская, А. Лойка, Е. Лось, М. Мартысевіч, К. Маціеўская, Н. Мацяш, С. Прылуцкі, А. Пысін, Н. Русецкая, Я. Семяжон, М. Танк, А. Хадановіч, Я. Чыквін, В. Швед, Ганна Янкута[7][8][9][10][11][12].