«Гары Потэр і Прынц-паўкроўка» (англ.: Harry Potter and the Half-Blood Prince) — фэнтэзі-фільм кампаніі «Warner Bros. Pictures» і рэжысёра Дэвіда Ейтса, выпушчаны ў 2009 годзе. З’яўляецца экранізацыяй аднайменнага рамана Джаан Роўлінг 2005 года. «Прынц-паўкроўка» з’яўляецца працягам фільма «Гары Потэр і Ордэн Фенікса», а таксама шостым фільмам франшызы пра хлопчыка-чараўніка.
Прадзюсарамі стужкі з’яўляюцца Дэвід Хэйман і Дэвід Барон, сцэнар напісаў Стыў Клоўз. У фільме зняліся Дэніэл Рэдкліф у ролі Гары Потэра, Руперт Грынт — Рон Уізлі, Эма Уотсан — Герміёна Грэйнджэр.
Фільм распавядае пра шосты год Гары ў школе Хогвартс, калі ён атрымлівае загадкавы падручнік, улюбляецца і спрабуе здабыць успамін, які захоўвае ключ да гібелі лорда Валдэморта.