Гарэлка

Гарэ́лка — моцны алкагольны напой; сумесь рэктыфікаванага этылавага спірту (35-56 аб'ёмных адсоткаў) са змякчанай вадой.

Бутэлька гарэлкі «Белая Русь».

Для прыгатавання сучаснай гарэлкі водна-спіртавую сумесь прапускаюць праз актывіраваны вугаль, потым фільтруюць. Розныя віды гарэлкі змяшчаюць цукар, пітную соду, ацэтат натрыю і іншае. Перагонкай зброджаных пладоў і ягад атрымліваюць гарэлку вінаградную, вішнёвую і да т.п. У сучаснай Беларусі папулярныя гарэлкі на аснове бярозавага і кляновага сокаў.

Гарэлка з'явілася ў ВКЛ на мяжы XV-XVI ст. з Германіі, як сведчыць і пачатковая назва — «вино горелое» (калька з ням.: Geprant Wein). Падобным чынам называлася гарэлка ўва ўсіх народаў, што ўваходзілі ў Рэч Паспалітую — палякаў, украінцаў, літоўцаў. Да XVII ст. была адносна дарагой і маладаступнай, аднак па меры адноснага змяншэння выдаткаў на яе вытворчасць паступова выцясняла піва і асабліва мёд пітны, з кан. XVII — пач. XVIII ст. заняўшы месца асноўнага алкагольнага напою. У залежнасці ад ступені дыстыляцыі яе мацунак вагаўся ад 15-20 % (гэтак званая простая) да акавіты (каля 70 %). Папулярнымі напоямі шляхты былі розныя лікёры, настойкі і наліўкі на аснове гарэлкі, з дадаткам зёлак, мёду, спецый, ягад, цукру — зуброўка, крупнік, крамбамбуля, траянка і г.д. Гарэлка, вытрыманая ў дубовых бочках на працягу 5-10 гадоў, называлася старка. Асноўнай сыравінай для вырабу гарэлкі доўгі час было жыта, у тым ліку ў форме соладу, аднак з 1830-х гадоў спірт і гарэлку пачалі атрымліваць пераважна з бульбы, што рэзка знізіла яе сабекошт, а разам з тым і якасць (гарэлка з бульбы цяжка ачысціць ад сівушных алеяў). У XIX ст. вытворчасць гарэлкі была асноўнай галіной харчовай прамысловасці Беларусі, прыносячы вялікія прыбыткі вытворцам і дзяржаўнаму скарбу. Сотні дробных бровараў, пераважна з 4-5 працаўнікамі і гадавой вытворчасцю каля 10000 вёдзер (120000 л) існавалі амаль у кожным буйным маёнтку. Падатковая палітыка расійскага ўраду стымулявала перавагу гарэлкі над усімі іншымі алкагольнымі напоямі. У 1859 годзе 46 % даходаў дзяржаўнага бюджэту Расійскай імперыі давалі падаткі ад продажу і вытворчасці алкагольных напояў (у асноўным гарэлкі), а ў Гарадзенскай губерні на іх долю прыходзілася 55 % дзяржаўных даходаў. Мацунак гарэлкі ў XIX ст. не быў стандартызаваны, значная частка мела мацунак каля 30 %. Для падаткаабкладання абсалютнага ўтрымання алкаголю ў пэўнай колькасці спіртных напояў вымяралі ў «градусах». 1 «градус» адпавядаў 1,23 л чыстага спірту, 1 вядро 40 % гарэлкі — 4 градусам, вядро чыстага спірту — 10 градусам. Заслугай рускага хіміка Дзмітрыя Мендзялеева (1865) лічыцца абгрунтаванне ім сучаснага стандарту ўтрымання спірту ў гарэлцы Расіі і краін СНД — 40 % аб. У канцы XIX ст., калі ў рускай мове канчаткова замацавалася слова «водка», у Беларусі выраблялася больш за 16 літраў гарэлкі на чалавека штогод. З 1894 года ў Расійскай Імперыі існавала дзяржаўная манаполія на продаж гарэлкі, з 1914 года дзейнічаў «сухі закон», аднак у 1923 годзе савецкі ўрад быў вымушаны ізноў легалізаваць гарэлку. Пад час абедзвюх сусветных войнаў гарэлка набыла статус універсальнага эквіваленту, свайго кшталту «вадкіх грошай», які захоўваўся праз усю савецкую эпоху.

Рытуальная роля гарэлкі ў традыцыйных абрадах беларускага сялянства (вяселле і іншых) усталявалася параўнаўча нядаўна, прыкладна ў XVIII ст., з глыбокай старажытнасці яе адыгрывала піва.

Гарэлка — моцны напой, які мае экстраутылітарныя рысы і пэўны семіятычны статус. Згодна з запісамі са Століншчыны, Бог, ведаючы, што гарэлку гоніць чорт, благаславіў яе, каб людзі, што не злоўжываюць, былі моцныя і здаровыя. У той жа час за выдумку чорта гнаць гарэлку з жыта Бог у дзесяць разоў скараціў ураджай. З'яўленне першага бровару гэтаксама звязваецца з чортам. Захацеў ён выведаць у Ноя пра Божыя справы, але ніяк не мог развязаць яму языка. Вось і скарыстаўся чорт дапамогаю жанчыны, якая праз сваю цікаўнасць і даверлівасць дапамагла яму ў стварэнні гарэлкі.

Гарэлка ўваходзіць у шэраг абавязковых страў пахавальна-памінальнага комплексу. Пасля пахавання запрашаўся і сам нябожчык — яму лілі гарэлку на абрус са словамі: «Хадзі выпі чарачку гарэлкі». Падчас памінання ставілі на стол асобную чарку, адлівалі гарэлку на стол, лілі на магілку.

У складзе вяселля роля гарэлкі падкрэслівалася нават самой абрадавай тэрміналогіяй — глядзіце да прыкладу запоіны; рытуал перапіваць маладых ‘дарыць’ і іншыя. З гарэлкай ішлі ў сваты, калі дзяўчына і яе бацькі давалі згоду, гарэлка тут жа ставілася на стол. Гарэлка выступае і як адзін са знакаў дзявоцкасці маладой, у гэтым выпадку яна засалоджваецца (салодкая гарэлка) альбо падфарбоўваецца ў чырвоны колер. З гарэлкі ладзілі гэтак званыя рагаткі, з чаркаю сустракалі маладых бацькі жаніха і іншае.

Каляндарныя святы

[правіць | правіць зыходнік]

Гарэлка — адзін з неабходных элементаў каляндарных святаў. Амаль усе земляробчыя абрады праводзілі па канонах старажытных аграрна-культавых дзеяў, якія патрабавалі шырокага разгулу, весялосці, багацця страў. У народнай свядомасці захавалася псіхалагічная матывіроўка сакральнасці ў неабходнасці «піру» ў святы, звязаныя з земляробствам: «Без гарэлкі і празнік не ў празнік». Значным сведчаннем важнай ролі гарэлкі, піва стала сумяшчэнне значэнняў ‘піццё, пачастунак’ і ‘вялікае свята’ ў адным слове — канун. А ў абрадавых велічальных песнях «сам Бог мяды сыціць, Ілля піва варыць», а добры гаспадар прымае «Бога зялёным віном, Святу Прачысту салодкай гарэлкаю». Усведамленне залежнасці плёну ад частавання характэрна для большасці абрадаў. Да прыкладу, на вячэру пасля вывазкі гною запрашаліся зусім незнаёмыя людзі: «Хадзіце, выпіце чарку, каб жыта вялося», а за сталом чарцы папярэднічаў тост: «Як вып’еш, так і адмочыць. Піце, каб усходы былі часцейшыя і гусцейшыя». У гэтым выпадку імітатыўная магія прыпадабняе гарэлку да дажджу. У талочных песнях: «Піце, мае жнейкі, да дна, каб на лета жыта радна».

Гарэлка ўваходзіла ў спіс абавязковых дароў у часе абходных абрадаў. Частавалі калядоўшчыкаў, валачобнікаў (глядзіце тут формулу «Кварту гарэлкі, сыр на талеркі»). У аказіянальнай абраднасці гарэлка скарыстоўвалася пры пабудове хаты (пілі пасля першых трох вянцоў, пасля закладвання маціцы і на наваселлі). Абавязковае частаванне гарэлкі пры продажы або куплі буйной жывёлы. У народнай медыцыне гарэлка ўваходзіць у лекавы арсенал найперш пры ліхаманцы, для гэтае персаніфікаванай хваробы замаўлялі нават асобную чарку ў карчме: «Сюды мая цётка зараз прыйдзе, то гэтую гарэлку вып’е» (Ваўкавыскі павет).

Мае міфалагічны падтэкст і наступны фальклорны матыў: менавіта з п'яных гасцей жартавала нячыстая сіла; вядомы шэраг былічак пра п'янага, які блудзіў па лесе, прачынаўся сярод балота, атрымліваў у падарунак «шышкі» і падоюнае. Відаць, ап'яненне (у тым ліку наркатычнае) парушала прастора-часавыя арыенціры, спрыяла падобным кантактам з «нежыццю», як бы здымаючы межы паміж светамі. Папулярныя і сюжэты пра напусканне псоты менавіта праз гарэлку; дарэчы, прысушкі гэтаксама намаўляліся на гарэлку, а не на ваду альбо на ежу.

П'янства ў народных поглядах належала не толькі асуджаць, але і лячыць, бо называлася яно «хваробай над хваробамі».

  • Гарэлка // Праект «Наша ежа»
  • Козловский, П.Г. Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине XVIII в.: центральная и западная зоны / П.Г. Козловский. — Минск : Наука и техника, 1974. — 182 с.
  • Улащик, Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы в 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии / Н.Н. Улащик. — Москва : Наука, 1965. — 480 с.