Гаўрыіл Мікалаевіч Траяпольскі | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Т. Лирваг[1] |
Дата нараджэння | 16 (29) лістапада 1905[2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 30 чэрвеня 1995[3][4] (89 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | сцэнарыст, пісьменнік, журналіст, дзіцячы пісьменнік, празаік, драматург, навэліст |
Жанр | аповесць[d], апавяданне, нарыс, п’еса, сатыра і публіцыстыка |
Мова твораў | руская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Гаўрыіл Мікалаевіч Траяпо́льскі[5] (руск.: Гавриил Николаевич Троепольский; 16 (29) лістапада 1905[2], Барысаглебскі павет[d], Тамбоўская губерня — 30 чэрвеня 1995[3][4], Варонеж) — рускі савецкі пісьменнік, публіцыст, драматург і сцэнарыст. Заслужаны работнік культуры РСФСР (1985). Аўтар аповесці «Белы Бім Чорнае вуха», па якой быў зняты аднайменны мастацкі фільм.
Нарадзіўся 16 (29) лістапада 1905 года ў сяле Наваспаскае Барысаглебскага павета Тамбоўскай губерні (цяпер — сяло Наваспасаўка ў Грыбанаўскім раёне Варонежскай вобласці Расіі) у сям’і святара.
У 1923 годзе скончыў школу ў Новахапёрску і паступіў у сельскагаспадарчае вучылішча ў вёсцы Алёшкі Барысаглебскага павета[6]. Вучылішча скончыў у 1924 годзе, працаваў настаўнікам, у 1931—1954 гадах — аграномам у калгасе[7] (на Алёшкаўскі апорным пункце Варонежскай абласной доследнай станцыі[6]). З 1937 па 1954 год загадваў дзяржаўным сортвыпрабавальным участкам па збожжавых культурах у горадзе Астрагожск, займаўся селекцыяй проса[7]. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на акупіраванай тэрыторыі Варонежскай вобласці і выконваў заданні савецкай разведкі[6]. У 1959 годзе пераехаў у Варонеж, дзе пражыў да канца жыцця[7].
Памёр 30 чэрвеня 1995 года, пахаваны ў Варонежы на Алеі Славы мемарыяльных Камінтэрнаўскіх могілак[7][6].
Першае апавяданне Г. М. Трояпольскага «Дзядуля», падпісана псеўданімам «Т. Лирваг», было надрукавана ў альманаху «Литературный Воронеж» у 1938 (1937[5][6]) годзе[7]. У творчасці пісьменніка адлюстраваны тэмы сельскай гаспадаркі, процістаяння злу ў розных яго праявах, спачування і жорсткасці ў паўсядзённым жыцці, абароны ўсяго жывога.
Аўтар цыкла сатырычных апавяданняў «З запісак агранома» (1953; кінасцэнарый «Зямля і людзі, пастаноўка 1956 года)», аповесцей «Кандыдат навук» (1958), «У чароце» (1963), рамана «Чарназём» (1958—1961), п’еса «Пастаяльцы» (1971), публіцыстычны нарыс «Аб рэках, глебах і іншым» (1963) і іншых твораў. Аповесць «Белы Бім Чорнае вуха» была напісана ў 1971 годзе. Па ёй у 1977 годзе рэжысёрам Станіславам Растоцкім быў зняты аднайменны мастацкі фільм (у галоўнай ролі Вячаслаў Ціханаў).
Многія творы Г. М. Трояпольскага перакладзены на мовы народаў СССР і замежныя мовы. На беларускую мову паасобныя творы пераклалі Янка Брыль і Алесь Жук[5].
У гонар Г. М. Траяпольскага названы вуліцы ў Астрагожску і Варонежы (пасёлак Падгорнае)[7]. Мемарыяльныя дошкі ўстаноўлены на дамах, дзе жыў Г. М. Траяпольскі ў Астрагожску і Варонежы, на будынку былой пачатковай школы вёскі Махроўка Барысаглебскага гарадскога акругі[7]. Імя пісьменніка прысвоена адной з бібліятэк Варонежа[7].