Генеты́чная інжыне́рыя (генная інжынерыя) — раздзел малекулярнай біялогіі, звязаны з мэтанакіраваным канструяваннем новых спалучэнняў генаў, якіх няма ў прыродзе. Узнікла ў 1972 годзе (П. Берг, ЗША). Разам з клетачнай інжынерыяй ляжыць у аснове сучаснай біятэхналогіі. Генетычная інжынерыя заснавана на даставанні з клетак якога-небудзь арганізма гена (які кадзіруе неабходны прадукт) або групы генаў і злучэнні іх са спецыяльнымі малекуламі ДНК (т. зв. вектарамі), здольнымі пранікаць у клеткі іншага арганізма (пераважна мікраарганізмаў) і размнажацца ў іх.
Галоўнае значэнне пры генетычнай інжынерыі маюць ферменты — рэкстрыктазы, кожны з якіх рассякае малекулу ДНК на фрагменты ў вызначаных месцах, і ДНК-лігазы, што сшываюць малекулы ДНК у адзінае цэлае. Пасля выдзялення і вывучэння такіх ферментаў стала магчыма стварэнне штучных генетычных структур. Рэкамбінінтная малекула ДНК мае форму кальца, дзе размешчаны ген (гены) — аб'ект генетычных маніпуляцый і вектар (фрагмент ДНК, які забяспечвае размнажэнне ДНК і сінтэз канчатковых прадуктаў жыццядзейнасці генетычнай сістэмы — бялкоў).
Генетычная інжынерыя адкрывае новыя шляхі вырашэння некаторых праблем генетыкі, медыцыны, сельскай гаспадаркі. З дапамогай генетычнай інжынерыі атрыманы шэраг біялагічна актыўных злучэнняў: інсулін і інтэрферон чалавека, авальбумін, калаген і іншыя пептыдныя гармоны.