Гоніум (Gonium) — род каланіяльных зялёных водарасцей.
Цэнобіі дыяметрам 33-100 мкм у форме акруглай або закруглена-чатырохвугольнай пуката-ўвагнутай пласцінкі, складзены з 4-16-32 клетак, размешчаных у адзін слой і злучаных з бакоў аслізлымі вырастамі абалонкі. Злучэнне суцэльнае або на асобных участках, прамежкі паміж клеткамі ў цэнтры квадратныя, астатнія трохвугольныя. Клеткі ад шарападобных (10-16 мкм дыяметрам) да яйцападобных, з двума аднолькавымі, заўсёды ў адным напрамку жгуцікамі, даўжыня якіх перавышае клетку ў 2 разы. Ёсць вочка, 2 пульсуючыя вакуолі, 1-2 пірэноіды, у пярэдняй частцы клеткі — ядро. Хларапласт чашападобны.
Рухомыя, лунаюць у тоўшчы вады. На Беларусі гоніум пектаральны (Gonium pectorale) адзначаны ў сажалках і азёрах, у Дняпры і Прыпяці.
Размнажэнне бясполае — драбленне пратапласта на 4-16 частак, полавае — ізагамія.